ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Грамніца - душы вартаўніца

З жыцця Касцёла

З цягам часу свята Ахвяраванне Пана, якое адзначаюць 2 лютага, прыняло Марыйны характар. Яго называюць таксама святам Грамнічай Божай Маці. Вернікі бачаць у Марыі Панне тую, якая паслала на зямлю нябеснае святло і ахоўвае людзей ад усякага зла. У той дзень у касцёлах асвячаюцца свечкі, якія называюць грамнічнымі. Іхняе полымя – гэта містэрыя агню і таямніца яго святасці. Грамнічная свечка, асвечаная ў касцёле і там запаленая, прыносіць у нашыя дамы і жыццё веру ў ачышчэнне душы і дапамогу ў экстранных выпадках у барацьбе са стыхіямі. Яркі праменьчык васковай свечкі, якую называюць па-старапольску грамніцай, павінен ліквідаваць страх у душы, у няшчасці – падбадзёрыць і абнадзеіць. На апошнім шляху чалавека ў хвіліны канання таямніца грамнічнага святла праводзіць душу адсюль у вечнасць. Таму і прыгаворваюць людзі: “Грамніца – душы вартаўніца”.
Паводле звычаю людзі захоўваюць грамнічныя свечкі і выкарыстоўваюць іх на працягу ўсяго году, верачы ў іх ачышчальную сілу. Некаторыя вітаюць з грамнічнай свечкай народжанае дзіця або ужываюць яе ў вясельных абрадах. Верылі, што гэтая свечка аберагае дом ад навальніцаў, маланкаў і пажараў. На працягу вякоў грамніца ахоўвала людзей ад ваўкоў. Без яе не праходзілі працы на полі. А калі на працягу году грамнічную свечку не выкарысталі, то часцей за ўсё яе палілі падчас святаў Божага Нараджэння. У вёсках лічылі, што нельга пазычаць грамнічную свечку нават самаму блізкаму сваяку, які жыве ў іншай сям’і. Святы агеньчык грамніцы быў і ёсць збавенным у хвіліны чалавечай смерці.
    Калі той асобе, якая канала, падавалі запаленую грамнічную свечку, то твар яе праясняўся і праходзіў страх перад смерцю. Бляск грамнічнага агеньчыка рассейвае змрок цемры зла, але яна з’яўляецца нічым перад той яснасцю, якую прынёс у свет Хрыстус: “Я святло свету, хто ідзе за Мной, не ходзіць у поцемках, але будзе мець святло жыцця” (Ян 8, 12). Хрыстовае святло выцягнула чалавецтва са змроку граху і безнадзейнасці, а агеньчык свечкі, асвечанай у дзень Ахвяравання Пана, павінен пра гэта нам нагадваць.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.