ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Выплыві на глыбіню

З жыцця Касцёла


2 лютага – дзень Кансэкраванага жыцця

На шляху да святасці

Наш добры прыклад, наша рашучая пастава, наша жыццёвая мудрасць і адвага ў абароне праўды і нашай традыцыі павінны быць святлом для свету.

   Біскуп Аляксандр Кашкевіч


Яны ўзбагачаюць жыццё Касцёла на Гродзеншчыне
(манаскія жаночыя ордэны, свецкія інстытуты)

Супольнасць Кармэлітак Дзіцятка Езус
Імкненне сёстраў - заўжды быць у глыбокай лучнасці з Богам, несці Божую любоў да людзей з апостальскім запалам аб збаўленні іхніх душаў; служыць самым бедным братам і сёстрам, якія патрабуюць духоўнай і матэрыяльнай дапамогі: апекавацца беспрацоўнымі, беднымі, сіротамі і хворымі.
Супольнасць Дачок Балеснай Божай Маці (сэрафіткі)
Супольнасць асноўвае сваю духоўнасць на францысканскай духоўнасці. Сэрафіткі, згодна са сваім прызваннем, дапамагаюць старэйшым людзям і ўбогім, кіруюць адукацыйнымі цэнтрамі ці клубамі і дзіцячымі садкамі. Перш за ўсё яны займаюцца невылечна хворымі, старэйшымі асобамі, убогімі і самотнымі. Асаблівую ўвагу гэтыя сёстры прысвячаюць дзецям-інвалідам, а таксама тым, хто пазбаўлены бацькоўскай апекі. Сэрафіткі імкнуцца да таго, каб дзеці і моладзь мелі магчымасць пазнаць і палюбіць Бога.
Супольнасць Сёстраў імя св. Міхала-Арханёла (міхаліткі)
Сёстры-міхаліткі рэалізуюць свой харызмат у многіх краінах свету, кіруючы выхаваўчымі дамамі, садкамі і клубамі, так зв. араторыямі для дзяцей з занядбаных асяроддзяў, катэхізуюць і праводзяць розныя формы парафіяльнай працы сярод дзяцей, моладзі, дапамагаюць бедным і мнагадзетным сем’ям, хворым і самотным людзям. Яны арганізоўваюць таксама рэкалекцыі і дні духоўных сустрэчаў для дзяўчатаў.
Супольнасць Сёстраў Школьных de Notre Dame
Цяпер галоўным напрамкам дзейнасці сёстраў з’яўляецца навучанне і выхаванне пакінутых людзей і адсунутых на перыферыю жыцця. Місія супольнасці: дзяліцца верай і прымірэнне выплывае з пераканання аб натхняльнай сіле Эўхарыстыі. Сёстры кіруюць таксама акцыяй “Shalom” (“Мір”), мэтай якой ёсць, між іншым, супрацьстаяць несправядлівасцям і насіллю, супрацоўніцтва са сродкамі масавай інфармацыі, навучанне і выхаванне, якія служаць вызваленню народаў; дзейнасць на карысць лакальных і глабальных патрэбаў.
Шэнштацкі Інстытут Сёстраў Марыі
Гэта адна з супольнасцяў міжнароднага шэнштацкага руху, мэта якога – дапамагчы сучаснаму хрысціяніну жыць у секулярызаваным свеце паводле прынцыпаў Евангелля і быць у ім актыўным місіянерам. Найважнейшыя элементы духоўнасці шэнштацкіх сёстраў – глыбокая Марыйнасць, вера ў Божы Провід і штодзённае практыкаванне святасці. Сваё прызванне яны рэалізуюць у розных абласцях апостальскай і выхаваўчай працы ў дыяцэзіях многіх краінаў свету: з дзецьмі, з моладдзю, з сем’ямі.
Супольнасць Сёстраў Божай Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай)
Заданнем гэтай манаскай супольнасці, якая мае свой Генеральны дом у Гродне, з’яўляецца ўшанаванне, пакланенне і пашырэнне Божай Міласэрнасці. Яе харызмат – таксама пашырэнне культу НПМ Маці Міласэрнасці і праца над аднаўленнем у духу Хрыста ўсяго грамадскага і рэлігійнага жыцця. Сутнасцю дзейнасці супольнасці з’яўляецца апека над старэйшымі, самотнымі і хворымі людзьмі, дапамога ў выхаванні дзяцей з дамоў дзіцяці.
Супольнасць Сёстраў Найсвяцейшай Сям’і з Назарэту (назарэтанкі)
Харызмат супольнасці – гэта пашырэнне валадарства Божай Любові сярод вернікаў цераз перайманне Езуса, Марыі і Юзафа, жыццё якіх было сканцэнтравана на Божай і ўзаемнай любові, сведчачы аб ёй адданай службай Касцёлу. Назарэтанкі ўдзельнічаюць у рознага роду апостальскай дзейнасці, звяртаючы ў ёй ўвагу перш за ўсё на рэлігійнае і маральнае адраджэнне сям’і. Сваю місію яны рэалізуюць, дапамагаючы хворым, бедным і ўсім тым, хто патрабуе дапамогі.
Супольнасць Сёстраў-Місіянеркаў Хрыста-Валадара
Яна была заснавана, каб умацоўваць веру і “ствараць акравак замілаванай Айчыны”, пашыраючы культ Эўхарыстыі, катэхізуючы, культывуючы польскую культуру, традыцыі і мову сярод суайчыннікаў, якія жывуць па-за межамі Польшчы. Сёстры апякуюцца хворымі, працуюць у закрыстыях і ў сродках масавай інфармацыі. Звыш таго, яны з’яўляюцца духоўнай і малітоўнай апорай палякаў па-за межамі Польшчы і тых сёстраў і ксяндзоў, якія сярод іх працуюць.
Супольнасць Сёстраў Божай Маці Міласэрнасці
Асаблівым заданнем супольнасці з’яўляецца дапамагчы дзяўчатам і жанчынам, якія аказаліся па-за межамі грамадскага жыцця.Сваёй дзейнасцю яны ахопліваюць таксама дзяцей і іншыя асобы, якія патрабуюць маральнай падтрымкі і хрысціянскай міласэрнасці, нягледзячы на век і пол. Сёстры пашыраюць культ Божай Міласэрнасці, катэхізуючы і чытаючы лекцыі, удзельнічаючы ў сімпозіумах і кангрэсах, якія арганізоўваюцца іншымі супольнасцямі, а таксама ў парафіяльных набажэнствах цераз спецыяльныя песні і малітвы, распаўсюджванне кнігаў, малітоўнікаў, абразкаў Міласэрнага Езуса і цераз перапіску з тымі, хто ўшаноўвае Божую Міласэрнасць.
(манаскія мужчынскія ордэны)
Супольнасць імя Найсвяцейшага Адкупіцеля (рэдэмптарысты)
Галоўная мэта супольнасці – гэта дапамагаць убогім людзям у рэлігійным плане, навучаючы, даючы парады, адзначаючы літургічныя святы і ажыццяўляючы сакрамэнты. Рэдэмптарысты апякуюцца хворымі, дапамагаюць у грамадскім плане і праводзяць рэкалекцыі. Яны рэалізуюць гэтую мэту ў многіх краінах свету. Прыярытэтам дзейнасці супольнасці з’яўляецца маладзёжнае душпастырства, менавіта, дапамога маладым у распазнаванні свайго ўласнага жыццёвага паклікання.
Ордэн Кармэлітаў Босых
Гэты ордэн асноўвае сваю духоўнасць на прыкладзе жыцця прарока Іллі і Панны Марыі. Харызматам кармэлітаў босых, як адгалінавання кармэлітанскай сям’і, з’яўляецца кантэмпляцыйнае жыццё, братэрства, апостальская дзейнасць, перайманне і культ Найсвяцейшай Панны Марыі. Браты стараюцца весці людзей да пазнання і практыкі сціслага яднання з Богам цераз рэкалекцыі, канферэнцыі і выдавецкую дзейнасць. Яны працуюць місіянерамі, што з’яўляецца адным з асноўных элементаў харызмату Кармэлю.
Езусовае таварыства (езуіты)
Гэты папскі апостальскі ордэн рымска-каталіцкага Касцёла быў заснаваны, каб абараняць і пашыраць веру і навуку рымска-каталіцкага Касцёла, перш за ўсё цераз публічнае навучанне, духоўныя практыкаванні, адукацыю і ўдзялення сакрамэнтаў. Езуіты арыентаваны на актыўны лад жыцця, каб свет станавіўся, згодна з навучаннем Хрыста, больш чалавечны. Гэтыя манахі разам са свецкімі супрацоўнічаюць на ніве выхавання, адукацыі, мастацтва і дабрачыннасці.
Ордэн Братоў Меншых (капуцыны)
Дзейнасць, якую вядуць браты, гэта перш за ўсё кіраванне парафіямі, апека над санктуарыямі і значнымі святынямі. Гэтая праца заключаецца ў ажыццяўленні сакрамэнтаў, катэхізацыі, апецы над рознымі свецкімі супольнасцямі, такімі як Рыцарства Беззаганнай, рух “Святло – Жыццё”, францысканскі ордэн свецкіх і шмат іншых. Капуцыны працуюць таксама ў якасці капеланаў у шпіталях і турмах, праводзяць шматлікія рэкалекцыі. Вельмі важнай дзейнасцю ордэну з’яўляюцца місіянерства ў многіх краінах свету.
Таварыства імя св. Францішка Сальскага (салезіяне)
Салезіяне, адораныя Святым Духам, маюць асаблівы харызмат уражлівасці на людское цярпенне з-за матэрыяльнага ўбоства, апякуюцца пакінутымі людзьмі, самотнымі і беднымі. Яны працуюць з моладдзю у школах, клубах, у папраўчых дамах, кіруюць парафіямі і выязджаюць працаваць місіянерамі ў многія краіны свету. Салезіянскую сям’ю ствараюць супольнасці, манаскія і свецкія інстытуты, а таксама апостальскія групы, якія выконваюць у розных сферах тую ж самую місію сярод моладзі, абавязваюцца ўзаемасупрацоўнічаць.
Супольнасць Ксяндзоў Найсвяцейшага Сэрца Езуса (сэрцане)
Мэта дзейнасці супольнасці – місія ў Касцёле, якая вырастае з духоўнасці ці з малітвы і кантэмпляцыі Сэрца Езуса. Да яе належыць эўхарыстычная адарацыя як служба для Касцёла і паслуга для людзей у патрэбе. Вялікі акцэнт кладзецца на адукацыю і выхаванне святароў і манахаў. Містычны харызмат выражаеццца глыбокім набажэнствам да Сэрца Езуса з падкрэсліваннем неабходнасці ўзнагародзіць за грахі раўнадушша, няўдзячнасці, халоднасці многіх людзей: свецкіх і духоўных асобаў. Грамадскі харызмат – праца над стварэннем валадарства Божага Сэрца сярод пакрыўджаных лёсам, пакутуючых і тых, каму неабходна духоўная падтрымка, а таму - ў шматлікіх грамадскіх слаях.
Ордэн Рэгулярных Убогіх Клерыкаў Божай Маці Пабожных Школаў (піяры)
Гэты ордэн характарызуецца актыўнай дзейнасцю. Яго галоўная мэта – навучанне і выхаванне дзяцей і моладзі, фарміраванне чалавека з усіх бакоў, а дзякуючы гэтаму - служэнне Касцёлу і ўсёй людской сям’і, кіруючы школамі ўсіх узроўняў, апякуючыся дзяцьмі ў заснаваных імі клубах. Яны ажыццяўляюць катэхізацыю, душпастырскую дзейнасць у парафіях, працуючы з настаўнікамі, з бацькамі. Піяры вядуць выдавецкую дзейнасць, рэкалекцыйную і іншую, што служыць на карысць дзяцей і моладзі. А каб мець магчымасць навучыць іншых Праўдзе, перш за ўсё заданне братоў - пазнаваць яе цераз кантэмпляцыю.

Больш узбагачаюць нашую дыяцэзію манаскія супольнасці, таму мы яшчэ вернемся да тэмы манаства ў чарговых нумарах.

Асабіста я выражаю ўдзячнасць кожнаму айцу і брату-манаху, а таксама кожнай сястры з розных манаскіх ордэнаў за ахвярную і бескарыслівую паслугу сярод вернікаў гродзенскага Касцёла. Гэтая паслуга – вельмі важная, таму што на кожным узроўні працы яна датычыць збаўлення чалавечай душы. Вельмі я прашу Вас, каб у гэтай паслузе Вы стваралі адзінства, за якое маліўся Хрыстус перад тым, як Ён адышоў да Айца ў неба.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.