ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Чакаючы Збавіцеля… Традыцыі Адвэнту

На шляху да святасці

Гэтае радаснае чаканне прыходу Езуса Хрыста, які з’яўляецца і змяняе наш лёс… У нашым чаканні расце надзея, як святло, якое асвятляе цемру. Ян Хрысціцель становіцца голасам, які кліча, прадказвае прыход Збавіцеля. Адвэнт – гэта апостальскі заклік: “Радуйцеся ў Пану, яшчэ раз паўтараю, радуйцеся! Няхай будзе вядома ўсім людзям ваша паблажлівая лагоднасць! Бог – блізка!”
    Адвэнт з’яўляецца часам асаблівага роздуму і ўнутранай сканцэнтраванасці. Гэта – чатыры тыдні радаснага чакання прыходу Езуса і асаблівага нагадвання пра канчатковы надыход Хрыста.
Першыя звесткі пра Адвэнт паходзяць з IV cтагоддзя і звязаны з галійскімі і іспанскімі традыцыямі. Тады было ўстаноўлена, што першы дзень Адвэнту прыпадае ў нядзелю, чатыры тыдні перад 25 снежня і пачынае новы літургічны год. З канца VI і пачатку VII ст. з часу пантыфікату Папы Грыгорыя Вялікага Адвэнт мае тыя ж характэрныя асаблівасці, якія нагадваюць сённяшнія.
    Адвэнт багаты рознымі знакамі і сімваламі. Некаторыя з іх нам добра вядомы. Аднак кожны народ і край маюць штосьці характэрнае. Нельга хоць коратка расказаць пра цікавыя адвэнтавыя звычаі розных народаў. Аднак можна прыблізіць і растлумачыць тыя, якія культывуюцца і ў нас, а паходзяць з Германіі.
    Адным з найбольш характэрных знакаў гэтага перыяду з’яўляецца адвэнтавы вянок. Гэты звычай быў вядомы на працягу 170 гадоў і паходзіць з Германіі. Пратэстанцкая духоўная асоба, тэолаг і грамадскі дзеяч Джон Віхэрн адкрыў у Гамбургу школу-прытулак для сіротаў. Ён хацеў, каб дзеці адчувалі сябе як дома. У Адвэнце 1839 года ён зрабіў вянок, каб стварыць атмасферу, якая садзейнічала б малітве, упрыгожыць зал. Па краях кола, дыяметрам 2 метры, ён размясціў 24 невялікія свечкі. Кожную з іх запальвалі ў чарговы звычайны дзень Адвэнту. Вакол вянка падапечныя Віхэрна сабіраліся штодзённа на супольныя сустрэчы, малітвы і спевы.
    Звычай рабіць адвэнтавы вянок быў хутка перанесены не толькі ў іншыя гарады Германіі, але і Еўропы. Вакол яго збіраліся людзі, каб паслухаць адвэнтавыя разважанні. І ў сем’ях сустракаліся ля яго, каб разам памаліцца і паспяваць адвэнтавыя песні.
    Адвэнтавы вянок мае глыбокую сімволіку. Ён выконваецца з зялёных яловых ці піхтавых галінкаў у форме круга, на якім размяшчаюць 4 свечкі – сімвал чатырох нядзеляў Адвэнту. Запальванне свечкаў азначае чуванне і гатоўнасць да прыходу Хрыста. Гэта звязана са словамі Езуса, які назваў сябе святлом свету. І свечка сімвалізуе тое, што Бог прабачыў Адаму і Еве іхнюю непаслухмянасць Творцу. Свечка, запаленая ў другую нядзелю Адвэнту, уяўляе сабой сімвал веры патрыярхаў ізраільскага народу, як удзячнасць за дар: АбяцануюЗямлю. Трэцяя свечка адносіцца да радасці караля Давіда, які цэлебруе саюз з Богам. Апошняя - сімвалізуе навучанне прарокаў, якія абвяшчалі прыход Месіі. Святло свечкаў у вянку азначае надзею. Зеляніна адвэнтавага вянка – сімвал прадаўжэння жыцця. Форма круга сімвалізуе вечнасць, якая не мае пачатку і канца. Цалкам адвэнтавы вянок – гэта сімвал Божага люду, які чакае ў радасці і любові прыходу Збавіцеля ў свет, а таксама з’яўляецца формай ушанавання Пана, якога чакаюць як Пераможцу, Валадара і Выратавальніка.
    Даўні звычай 24 сімвалаў на адвэнтавым вянку захаваўся ў адвэнтавым календары, які ўяўляе сабой табліцу з “акенцамі” на кожны дзень Адвэнту, што ёсць амаль у кожнага дзіцяці. Кожны дзень можна адкрыць адно “акенца”, дзе знаходзіцца часцей за ўсё салодкі сюрпрыз, гэта могуць быць абразкі на Божае Нараджэнне, цацкі - усё, што прыносіць дзіцяці радасць. Першыя такія календары з’явіліся ў Германіі ў 20-ыя гады XX стагоддзя. Хутка гэты звычай распаўсюдзіўся з поспехам у многіх іншых краінах.
    Перадсвяточны час у Германіі з’яўляецца парой вельмі радаснага чакання Езусовага нараджэння. Неабавязкова ён носіць глыбока рэлігійны характар ці звязаны з праяўленнем пабожнасці, аднак, нягледзячы на гэта ёсць вялікая сувязь з традыцыяй. У большасці гарадоў і мястэчкаў на працягу цэлага Адвэнту адбываюцца кірмашы перад Божым Нараджэннем, якія маюць багатую традыцыю, што паходзіць з XV стагоддзя. Тут можна купіць усё для аздаблення ёлкі, падарункі, паслухаць калядныя песні, з’есці святочныя пернічкі і пірагі з фруктовай начынкай. Гэта - цудоўны час для гандляроў, але над усім гэтым пануе радасная атмасфера, якой нельга не паддацца.
    Нельга ўявіць святаў Божага Нараджэння без ёлкі. Пад канец Адвэнту яна з’яўляецца ў нашых касцёлах і дамах. Як дрэўца, якое ставяць у доме на Божае Нараджэнне, яно з’явілася ў XVI ст. у Эльзасе на тэрыторыі Германіі. Але праўдападобна ўжо раней яно было вядома як так званае “райскае дрэва дабра і зла” у містэрыях (у Сярэднявеччы гэта быў рэлігійны твор драматычнага зместу) пра Адама і Еву, якія паказвалі з нагоды святаў Божага Нараджэння. У VIII ст. св. Баніфацый, навяртаючы ў хрысціянства паганскіх франкаў, загадаў зрэзаць вялізны дуб, які ўшаноўвалі. Асілак лясоў, падаючы, знішчыў усе дрэвы, якія раслі непадалёку, апрача невялікай сасны. Святы Баніфацый палічыў гэта знакам нябёсаў, а маладое дрэўца сасны стала сімвалам Езуса Хрыста.
    Звычай упрыгожваць ёлку з’явіўся крыху пазней, у канцы XVIII пачатку XIX стагоддзяў. Сімволіка ёлачных упрыгожванняў паходзіць з народнай традыцыі, якая “вырасла” на біблейскім грунце. На самай вершаліне дрэўца вешалі зорку, якая сімвалізавала - бэтлеемскую. У яблыках, што развешвалі на ёлцы, можна было ўлавіць рэха біблейскага яблыка Адама і Евы. Папяровыя ланцужкі на ёлцы – путы з-за заняволення грахом. Ёлачнае асвятленне ўказвае на Езуса, які прыйшоў у свет як святло для паганаў. А жывое зялёнае дрэўца сімвалізуе Хрыста – крыніцу ўсякага жыцця. Варта пра гэта памятаць, аздабляючы сваё святочнае дрэўца.
    Ёсць розныя адвэнтавыя традыцыі і звычаі. Некаторыя - нам вельмі блізкія, таму ахвотна мы культывуем іх. Важна, каб пражыць гэты выключны час у пэўнай суцішанасці і засяроджанасці, чакаючы на нязвыкла важную падзею. Усяго толькі 4 тыдні, але яны - такія багатыя зместам. Няхай жа гэта будзе сапраўды радаснае чаканне Божага Нараджэння.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.