ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Злучаемся з імі ў малітве

З жыцця Касцёла

Святыя – водбліск Хрыста
    Калі ў 36 годзе (тры гады пасля смерці Хрыста) пад градам каменняў загінуў першы мучанік - дыякан Сцяпан, то нікому не прыйшло ў галаву, каб яго магілу акружыць ўшанаваннем, якое б насіла рэлігійны характар. Аднак з цягам часу было заўважана падабенства паміж гэтай мучаніцкай смерцю і збавеннай смерцю Хрыста. Паступова нараджалася думка аб перайманні Настаўніка, аб аб’яднанні з Ім аж да смерці. Святымі станавіліся тыя, якія (сваім жыццём па ўзору Хрыста) заслужылі быць з Ім у Божым Валадарстве. Імі станавіліся каралі, жаўнеры, пустэльнікі, аскеты, панны, пакутніцы, святары, простыя сёстры з манаскіх ордэнаў, а нават жабракі і бадзягі. Усе яны, залічаныя ў лік святых калісьці і ў сучасныя часы, былі і ёсць ціхія, засмучаныя, якія жадаюць справядлівасці, міласэрныя і чыстыя сэрцам. Хтосьці калісьці трапна сказаў, што святыя з’яўляюцца “водбліскам Хрыста”, таму што Ён быў для іх у жыцці з усіх бакоў годным для пераймання, святым узорам.
Праўда пра еднасць святых
Гэтая праўда абвяшчаецца ў Касцёле з пачатку яго існавання і гаворыць пра сціслую лучнасць з Хрыстом істотаў у небе, чысцы і на зямлі. Як навучае Касцёл, гэтая лучнасць не азначае толькі прыналежнасці да такой вялікай “супольнасці”, але ўказвае на іх асаблівы ўдзел у індывідуальнай любові Бога, на ўдзел у звышнатуральных дабротах, атрыманых Хрыстом для свайго Касцёла і абмен духоўнымі дарамі паміж супольнасцямі вернікаў. І няма хіба больш высакароднай праўды, чым тая, што ў Касцёле існуе супольнасць святых. Лучнасць нас, пілігрымаў на зямлі, з братамі, якія заснулі ў Хрыстовым супакоі, абсалютна не спыняецца, а насуперак, паводле веры Касцёла, умацоўваецца, дзякуючы няспыннаму абмену духоўнымі дабротамі. У дары малітвы мы можам адчуць блізкасць і падтрымку асобы, якая перакрочыла ўжо межы смерці. Вера ў гэта з’яўляецца важным элементам таго, што апостальскі сімвал веры называе еднасцю святых, прычым святыя не азначаюць тут толькі афіцыйна беатыфікаваныя і кананізаваныя, але (як чытаем у Новым Запавеце) проста збаўленыя прыхільнікі Хрыста. Еднасць са святымі, якую сёння лягчэй было б назваць сувяззю ці лучнасцю, адзінствам, што стварае супольнасць, - гэта штосьці намнога большае, чым аддаць даніну пашаны святым, вартым захаплення. Гэта - сведчанне адзінства і ўзаемапранікнення ўсяго таго, што стварыў Бог.
    Мы молімся да вядомых і невядомых святых, верачы, што яны будуць заступацца за нас перад Богам. Гэтая малітва да святых грунтуецца на веры, што Бог узлюбіў людзей. Творца ўзвышае нашую індывідуальнасць (непаўтаральную індывідуальнасць), але адначасова хоча, каб мы былі Яго людам і супольнасцю. Таму мы просім кананізаваных святых аб заступніцтве за нас, а са свайго боку мы дапамагаем тым, хто адышоў і магчыма патрабуе нашай малітоўнай салідарнасці на іхнім шляху ачышчэння. І, нарэшце, тут на зямлі мы просім адзін аднаго памятаць пра нас у малітве. У штодзённай малітве павінны прысутнічаць заўжды словы: “За тых, якія прасілі мяне аб малітве ...” Вышэйзгаданая малітоўная сувязь і з’яўляецца еднасцю святых, камуніяй паміж прыхільнікамі Хрыста. Тэолагі нагадваюць, што ёсць яшчэ іншае значэнне выражэння еднасць святых. У ім ідзе размова пра супольны ўдзел у святых справах: аб’яўленых праўдах, сакрамэнтах, харызматах і справах міласэрнасці.
Прызваныя да святасці
    Літургічныя цэлебрацыі 1 і 2 лістапада яскравым чынам напамінаюць нам пра таямніцу хрысціянскай святасці, пра тое, што гэта Бог з’яўляецца адзінай крыніцай святасці збаўленых. Мы пакліканы да святасці. З аднаго боку, мы ведаем, што павінны крок па кроку імкнуцца да евангелічнай дасканаласці, з другога - вельмі часта гаворым, што святыя – толькі ў небе. Аднак мы не памятаем пра абавязак быць з імі “адным целам”. А размова ідзе тут пра тое, каб прыняць той вялікі дар, чым ёсць еднасць святых. Ідзе гаворка пра запрашэнне ў нашае жыццё тых, хто злучыўся з Богам навекі, каб дзякуючы іхняй дапамозе пайсці па ўзнагароду да неба. Святасць – гэта не штосьці далёкае, чаго мы не зможам дасягнуць. Менавіта пастаяннае знаходжанне ў прысутнасці святых дапамагае нам зразумець, што Бог дае нам не толькі шанс, але і дапамогу ў нашай зямной вандроўцы.
    Праўда, што мы атрымліваем больш дароў, чым даём. Але ж няма такой сітуацыі ў жыцці, у якой нельга было б тых дароў развіваць. Кожны з нас зможа даць з сябе што-небудзь, хоць бы знаходзіўся ў турме, хварэў ці апынуўся ў бядзе. Тут трэба згадаць словы, якія сказаў Ян Павел II падчас кананізацыі бл. Кінгі 16 чэрвеня 1999 г.: “Не бойцеся быць святымі! Зрабіце... новае тысячагоддзе эрай святых людзей”.
    Літургія 1 і 2 лістапада напоўнена зіхаценнем не толькі запаленых лампадаў. Заступніцтва і прыклад святых з’яўляюцца святлом, дзякуючы якому лягчэй пазбегнуць памылкаў у змроках нашага тленнага жыцця. У іхнім ззянні, які адлюстроўвае бляск Бога, мы бачым лепш Таго, Які з’яўляецца для нас адзіным святлом.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.