Хрост Езуса Хрыста

Хрысціянскія традыцыі

11 студзеня - свята Хросту Пана
Хрост Езуса Хрыста

   Каталіцкая традыцыя
Даўнюю традыцыю гэтага свята трэба шукаць у літургіі усходняга Касцёла, бо (нягледзячы на выразнае пацвярджэнне ў Евангеллях) Хрост Езуса не меў у рымскай літургіі асобнага свята. Дэкрэтам Святой Кангрэгацыі Абрадаў ад 23 сакавіка 1955 года быў устаноўлены на 13 студзеня успамін Хросту Езуса Хрыста замест даўняй актавы Epifanii (Epifania – epifaneia – акт аб’яўлення боства свету і людзям ( тры мудрацы, якія ішлі за бэтлеемскай зоркай – у заходняй традыцыі і першыя аб’яўленні Святой Тройцы падчас Хросту Пана – паводле ўсходняй традыцыі). Паслясаборная рэформа літургічнага календара ў 1969 г. акрэсліла гэты дзень як свята Панскага Хросту. Яна абмінула выражэнне “успамін” і перасунула яго тэрмін на нядзелю пасля 6 студзеня. Тэксты малітваў, якія звязаны са святам Панскага Хросту, паказваюць нам вельмі дакладна біблійныя пераказы. Яны падкрэсліваюць прытым сувязь гэтага свята з урачыстасцю Epifanii, ці Аб’яўлення Пана. У такой падзеі мы маем таксама першае ў гісторыі свету з’яўленне ў бачнай постаці ўсёй Святой Тройцы: Бог-Айцец прамаўляе, Божы Сын – у людской постаці, а Святы Дух з’яўляецца над Ім ў выглядзе галубка .

   Месца Хросту Езуса Хрыста
    Святы Ян –апостал падае нам месца, дзе павінен быць ахрышчаны Езус: “Гэта адбылося ў Бэтаніі за Ярданам, дзе Ян хрысціў” (Ян 1, 28). Як даўняя заіярданская Бэтанія (была ж таксама перадіярданская Бэтанія каля 3 км ад Ерузаліму, дзе жыў Лазар з Марыяй і Мартай) указвае на сённяшні Chirbet el Medesz, дзе знаходзіцца ручаіна, у якой была вада нават у засушлівыя гады і яна плыве ў Ярдан.
    Тут паводле біблістаў павінен укрывацца Ілья. Праз восем гадоў у гэтым месцы павінен быў з’явіцца Ян Хрысціцель. Зблізку Ярдан – вельмі плыткі, таксама тут праходзіў шлях з Усходу на Захад. Ян Хрысціцель выкарыстаў гэты брод, каб звеставаць пра Месію і падрыхтаваць людскія сэрцы на Яго прыход.

   Прыступіў да місіі збаўлення
    Хрост у Ярдане заканчвае укрытае жыццё Хрыста. Пачынаецца час Яго публічнай дзейнасці. Пасля некалькі гадоў падрыхтоўкі Езус прыступае да зямной місіі Збаўлення, якую даручыў Яму Бог-Айцец. З той пары Хрыстус будзе актыўна выконваць сваю місію. Ян Хрысціцель, які не быў годны развязаць раменьчык на Яго сандалях і знаходзіўся з Езусам у сваяцтве, Яго ахрысціў. У гэты момант Хрыстус стаў пакорным слугой Айца, каб выкупіць людскія грахі. Ён унізіўся ва Уцелаўленні, унізіўся у самім Хросце, каб закончыць смерцю на Крыжы. Сакрамэнт Хросту паводле Катэхізму Каталіцкага Касцёла: “ (...) дае нам ласкі новага нараджэння ў Богу-Айцу цераз пасрэдніцтва Яго Сына ў Святым Духу”. Апісанне Хросту Езуса аставілі нам тры евангелісты: Мацвей, Марк і Лука. Найбольш падрабязна гэтую падзею апісаў св. Мацвей: “Тады прыйшоў Ісус з Галілеі на Ярдан да Яна, каб прыняць хрост ад яго. Але Ян утрымліваў Яго, кажучы: “Я з Твайго дазволу павінен быць ахрышчаны, а Ты ідзеш да мяне?” Адказваючы ж, Ісус сказаў яму: “Дазволь цяпер, бо гэтак нам належыць выканаць усякую справядлівасць”. Тады Ян адпусціў Яго. А калі Ісус быў ахрышчаны, зараз выйшаў з вады; і вось, адкрыліся яму (Яну) нябёсы, і ўбачыў, што Дух Божы сыходзіць, як голуб, і ідзе да Яго. І вось, голас з неба, які кажа: “Гэта Сын Мой улюбёны, Якога Я ўпадабаў Сабе”. (Мц 3, 13 – 17).
    Гэты эпізод з жыцця Езуса павінен мець асаблівую вагу, калі Касцёл вылучыў яго асобным святам. На карысць гэтага ёсць некалькі фактаў. Ад таго ўрачыстага акту Хрыстус пачаў сваю місію навучання. Тады Ён меў 30 гадоў, бо з такога ўзросту габрэйскі звычай дазваляў публічна выступаць перад людзьмі і навучаць. Лічылі, што з 30 гадоў пачынаецца паўната мужчынскай сталасці. Ідзе размова пра мужчынаў, бо ніколі жанчыны не мелі права публічна выступаць. Місію Хрыста пацвердзіў з неба Бог-Айцец, сведчачы пра тое, што Ён з’яўляецца фактычна Божым Сынам і мае права выступаць ад Божага Імя. Сам Бог высылае свайго Сына з такой місіяй. “І прадставіў Ян сведчанне, кажучы: “Бачыў я Духа, што сыходзіў з неба, як галуб, і застаўся на Ім; і я Яго не ведаў, але Той, Хто мяне паслаў хрысціць вадою, сказаў мне: “На Каго ўбачыш, што Дух сыходзіць і застаецца на Ім, гэта Той, Хто хрысціць Духам Святым”. І гэта я сам бачыў і сведчу, што Ён – Сын Божы” (Ян 1, 32 – 34).
{mosimage}
    Цырымонія Хросту ў розных рэлігіях
    Рытуальныя абмыванні былі вядомы ў многіх народаў. Гэта быў знешні знак унутранай перамены, жалю за дапушчаныя грахі і гатоўнасці выправіць крыўды, зробленыя Богу і бліжняму з-за іх. У Вавілоніі быў святы горад Эрыду, куды спяшаліся натоўпы, каб абмыцца. У кульце сірыйскага боства Янкі былі сакральныя ачышчэнні ў вадзе і агні. У егіпецкай Кнізе Памерлых сустракаецца старадаўняе апісанне рытуальнага абмывання немаўляткаў. Таму ўжо тады панавала перакананне, што чалавек нараджаецца з якойсьці віной, якую трэба абмыць. У святыні Der-el-Bahri можна ўбачыць да сённяшняга дня рэльефнае адлюстраванне сцэны рытуальных абмыванняў. Рытуал ачышчэння вядомы ў кульце Дэметры, Цыбэлі, Аціса, Мітры (міфалогія). Да сённяшняга дня ён захаваўся ў Індыі, дзе ў горад святога Варанасі адпраўляюцца дзеля рытуальных купанняў у Гангу мільёны брамінскіх вернікаў. Свята Хросту Пана паказвае нам з аднаго боку Езуса ў якасці любімага Божага Сына, якога паслаў Айцец у моцы Святога Духа для збаўлення чалавека, а з другога боку накіроўвае ўвагу на рэчаіснасць нашага Хросту. Такім спосабам Касцёл адзначае свята нараджэння мільёнаў сваіх дзяцей, якім вада Святога Хросту дала новае, Божае жыццё. Існуе літургічны загад, каб у Вялікую суботу прыбраць хрысцільню і паказаць людзям яе як калыску іх нараджэння для неба. З такой нагоды святар асвячае ўрачыста ваду для хрышчэння на вачах людзей. У гэты дзень павінен адбывацца Хрост усіх катэхумэнаў, якія падчас Вялікадня павінны атрымаць святы Хрост. Гэтаму служыць таксама публічнае аднаўленне абяцанняў святога Хросту ўсімі вернікамі, якія сабраны ў касцёле. Разам са святам Хросту Хрыста заканчваецца літургічны перыяд Божага Нараджэння. У Польшчы існуе даўні звычай заканчваць гэты час святам Ахвяравання Пана 2 лютага. Таму да таго часу можна захаваць шопкі ў касцёле і спяваць калядкі.

    Свята Хросту Пана ў касцёлах усходніх абрадаў
    Касцёлы ўсходніх абрадаў карыстаюцца юліянскім календаром, таму большасць святаў прыпадае на два тыдні пазней, чым у рыма-каталіцкім Касцёле. Ва уніяцкім Касцёле свята Хросту Пана называецца Ярдан і адзначаецца 19 студзеня і ў гэты ж дзень па традыцыі асвячаецца вада. У праваслаўнай Царкве свята Хросту Пана спалучана разам з днём 6 студзеня.

    Свята Хросту Пана ў пратэстанцкіх Касцёлах
У лютэранскіх (евангеліцка-аўгсбурскіх) Касцёлах свята Хросту Пана адзначаецца так, як і ў рыма-каталіцкім Касцёле ў першую нядзелю пасля 6 студзеня. Рэфармаваныя і прэзбітэрыянскія Касцёлы маюць аналагічны парадак святаў, як і астатнія пратэстанцкія Касцёлы. Несумненна, нядзелі ўсюды экспануюцца, а гэта прывяло да таго, што некаторыя прэзбітэрыянскія Касцёлы, нават незалежна ад заканадаўства паасобных дзяржаваў, не маюць другога дня святаў Божага Нараджэння, Вялікадня і Спаслання Святога Духа. У англіканскіх Касцёлах свята Хросту Пана спалучана таксама з Epifania (Аб’яўленнем Пана).
Падрыхтавала