На гары Табор у Галілеі знаходзіцца адзін з дамоў супольнасці Cenacolo, якая была заснавана ў Італіі. У гэты дом прыходзяць згубленыя і залежныя маладыя людзі, асабліва наркаманы, якія стараюцца знайсці выхад са сваіх праблем.
Адно можна сказаць напэўна: у часы Езуса людзі не хадзілі ў горы дзеля задавальнення. Таму, безумоўна, апосталы, узбіраючыся на Табор, рабілі ўсё магчымае, каб зразумець, чаму Езус вядзе іх туды. Напэўна, яны былі вельмі здзіўлены, калі Збаўца з’явіўся перад імі ў ззяючым абліччы. Тады зразумелі, што даліны, хоць зручныя і бяспечныя, не даюць магчымасці зірнуць на рэчаіснасць з іншага ракурсу. Здзіўленне апосталаў хутка перарасло ў захапленне. “Пане, добра нам тут быць. Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі” (Мц 17, 4).
У кожнага з нас ёсць свая “гара Табор”. Для адных гэта час, праведзены з блізкімі людзьмі, для іншых – рэалізацыя жыццёвага захаплення, усё тое, што дазваляе нам “перамяняцца”, а значыць быць мацней і паўней.
Людзі заўсёды шукалі ў гарах Боскі элемент.
Манастыры, скіты, месцы, дзе развівалася духоўнасць, ствараліся не ў нізінах, а на горных вяршынях, часта ў надзвычай неспрыяльных умовах, завіслыя паміж небам і зямлёй, здалёк ад руціны і далёка за межамі зоны камфорту.
Хвіліны радасці і задавальнення існуюць не для таго, каб трымаць іх у сабе. Калі ў нашым жыцці ёсць нешта, што нас сапраўды прыцягвае, што прымушае пульс паскарацца, а сэрца біцца часцей, давайце пакажам гэта іншым. Навокал больш людзей, пагружаных у цемру, чым нам здаецца. Можа, якраз мая “гара Табор” прымусіць “перамяніцца” кагосьці іншага?
Пётр не хацеў спускацца. Нашмат ахвотней ён застаўся б з перамененым Езусам і не думаў пра справы, што засталіся ўнізе. Але не гэта патрэбна Богу.
Гара Табор была адным з апошніх прыпынкаў Езуса перад Іерусалімам. Пасля славы, якую зведалі апосталы ў прысутнасці перамененага Хрыста, павінна было адбыцца нешта абсалютна іншае. Перамяненне Пана мусіла ўмацаваць вучняў перад прыніжэннем і ўтаймаваннем, якія павінен быў дасведчыць Езус.
Нашы “горы Табор” таксама не вечныя. Калі адчуваеш нешта пазітыўнае, добра гэта запомні. Калі надыдзе крызіс – а ён надыходзіць рана ці позна – ты будзеш ведаць, што ён таксама скончыцца.
Біблейская гісторыя пра перамяненне на гары Табор вучыць нас забіраць добры досвед у “даліны” нашага штодзённага жыцця, запамінаць і дзяліцца ім з іншымі. Тады тое, чаму мы аддаём сваё сэрца, перастане быць толькі імгненнай асалодай, а стане чымсьці, што прыносіць надзею іншым і ўмацоўвае нас саміх.
Свята Перамянення Пана адзначаем 6 жніўня.