Маўклівы Юзаф

Хрысціянскія традыцыі

Юзаф і Дзіцятка Езус, абраз Гвіда Рэні

Урачыстасць св. Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, перажываем 19 сакавіка.
Некаторых здзіўляе постаць св. Юзафа, які на старонках кожнага з чатырох Евангелляў не прамаўляе ніводнага слова. Будучы Абраннікам Найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама апекуном і выхавацелем Езуса, ён застаецца ў цені. І ўсё ж з’яўляецца захапляльнай постаццю.
Святы Юзаф па-ранейшаму застаецца актуальным узорам для сучасных мужчын: мужоў, бацькаў, дзядуль, удаўцоў, адзінокіх, студэнтаў, юнакоў, святароў. І хоць сучасны свет спрыяе паспяховым мужчынам, моцным палітыкам, эфектыўным спартсменам, таленавітым акцёрам, робячы іх настаўнікамі жыцця і ўзорамі мужнасці, толькі маўклівы Юзаф можа сапраўды паказаць нам правільны шлях да вечнага шчасця і расказаць, што значыць быць сапраўдным мужчынам.
   
    Услуханы ў голас Бога
    Дзіўны парадокс, бо маўклівы святы мае так шмат што нам сказаць! Ён з’яўляецца прыкладам адносін веруючага чалавека да Бога, жанчыны і дзіцяці. Яго маўчанне, адыход у цень не былі вынікам адсутнасці рашучасці або страху перад жыццём і перад іншымі, але выбарам чалавека, які разумеў, чаго ад яго хоча Бог, і быў упэўнены, што, трываючы ў такой паставе, ён можа найлепш выканаць сваю місію.
    Юзаф зразумеў, што ўласныя планы не самыя галоўныя. Двойчы яны былі цалкам знішчаны ўмяшаннем Бога. Першы раз – пасля Звеставання, калі ён даведаўся ад Марыі, што Яна цяжарная ад Святога Духа і павінна нарадзіць Збаўцу свету. Другі раз – калі яму давялося замест Назарэта накіравацца ў Егіпет. Перад абліччам дзіўнага лёсу Марыі і Яе Сына Юзаф не кіруецца ўласнай непасрэднасцю або мудрасцю, але застаецца ўслуханы ў голас Бога і паслухмяны Божай волі да канца.
   
    Чалавек даверу
    Св. Юзаф сёння патрэбны нам, асабліва тады, калі разбураюцца нашы планы, калі Божая воля паказвае накірунак, адрозны ад нашага, спланаванага і прадуманага да дробязей. Ён вучыць нас гераічнай веры і даверу да Бога, часам нават насуперак здароваму сэнсу, супраць плыні.
    Падзея Звеставання на самым пачатку паставіла шлюб Марыі і Юзафа ў сітуацыю, якая напалохала б, напэўна, кожнага. Паставіла іх перад найвышэйшым выпрабаваннем веры ў Бога і ўзаемнага даверу. Бясспрэчна, Юзаф меў тысячы пытанняў, яму ў галаву павінны былі прыходзіць розныя думкі. Ён не разумеў гэтай сітуацыі, як і Марыя. Напэўна, яны шмат часу размаўлялі адзін з адным, імкнучыся зразумець, што адбылося. У выніку Юзаф паверыў, што Марыя чакае дзіця, Айцом якога з’яўляецца сам Бог.
   
    Верны да канца Як жа нам патрэбны
    св. Юзаф, асабліва калі ў нашых сем’ях узнікаюць праблемы і цяжкасці, калі здаецца, што іншага варыянту, акрамя разводу, няма. Ён вучыць нас узаемнай павазе, даверу, вернасці, супольнай малітве і пастаяннаму пошуку Божай волі для сужэнскіх пар і сем’яў.
    Нягледзячы на тое, што ён знаходзіўся ў цені, тым не менш, адыграў важную ролю ў гісторыі збаўлення. Перш за ўсё таму, што як прыналежны да калена Юды аб’яднаў Езуса з каленам Давіда, дзякуючы чаму Сын Панны Марыі, выконваючы месіянскія абяцанні, можа сказаць, што ён сапраўды “сын Давіда”. Праз ролю Юзафа споўніліся месіянскія прароцтвы аб Езусе.
   
    Прыклад для бацькаў
    Але самае галоўнае было тое, што ён прыняў Езуса – Божага Сына – і акружыў Яго любоўю ды клопатам, гарантуючы Яму пачуццё бяспекі. Такім чынам св. Юзаф дае ўсім мужам і бацькам зразумець, што іх дзеці і блізкія больш за ўсё маюць патрэбу ў іх любові і прысутнасці.
    Нам патрэбны св. Юзаф, каб дапамагчы прыняць кожнае зачатае жыццё і акружыць яго любоўю ды клопатам. Ён вучыць нас паважаць дзіця, асабліва цяпер, калі яно ўсё часцей становіцца аб’ектам жадання і нежадання бацькоў, засяроджаных толькі на сабе.
    Давайце па прыкладзе святога наставім вуха і прыслухаемся да Слова, якое прамаўляе да нас Бог. У цяжкія часы будзем прасіць дапамогі і заступніцтва св. Юзафа, каб ён стаў абаронцам і апекуном нашых сем’яў, а таксама вёў нас, куды хоча Бог.