Дзівосная існасць батлеек

Хрысціянскія традыцыі

У кнізе цудоўна адлюстравана Паўсюднасць Касцёла, бо на фота Дзіцятка Езус прадстае то ў вігваме, то чарнаскуры, то пра народнасць батлейкі сведчыць характэрны матэрыял, з якога яна выраблена. Толькі пасыл застаецца нязменным: прышэсце Хрыста ў кожным закуточку і незалежна ад абставін.
    Прыведзеныя ніжэй батлейкі не маюць гістарычный каштоўнасці, выключна мастацкую, бо паўсталі ў сучаснасці.
Сьюзан Уэбер паходзіць з Санта-Фе (ЗША), дзе на працягу 40-а гадоў трымае краму з самай вялікай у яе разнастайнасці калекцыяй батлеек. У сваім захапленні жанчына пайшла далей, выдаўшы кнігу “Nativities of the World” (“Батлейкі свету”), дзе сабрала фотаздымкі найбольш цікавых і незвычайных інсцэніровак нараджэння Хрыста з прыватных калекцый.
Італія – беднасць, адлюстраваная ў раскошы
    Гэта прыклад батлейкі ў знакамітым італьянскім стылі барока. Сама кампазіцыя родам з Неапаля. Руіны Рымскай цывілізацыі часта ўключаюцца ў італьянскія батлейкі, датаваныя XVIII стагоддзем, намякаючы на перамогу хрысціянства над паганскім Рымам. Пад нагамі Марыі – кавалак зламанай рымскай калоны, заціснуты пад аркай. Тканіна, што выкарыстоўвалася пры вырабе адзення Марыі і Юзафа – тонкі шоўк. Рукі і галовы тэракотавыя. Антыкварныя экземпляры батлеек каштуюць вельмі дорага, але іх рэпрадукцыі робяць для тых, хто любіць гэты класічны стыль батлеек XVIII стагоддзя. Дадзеная кампазіцыя таксама сучасная, дасягае ў вышыню каля метра і размяшчаецца не толькі ў святынях, але і ў прыватных дамах больш заможных грамадзян.
   
    Калумбія – яскравасць і кідкасць
    Пікапы і джыпы, вельмі папулярныя ў Калумбіі пры перавозцы пасажыраў і розных грузаў, выкарысталі і ў якасці месца першага прытулку Немаўляці Езуса, каб надаць батлейцы сучасныя нацыянальныя рысы. Відаць, што зверху на даху аўтамабіля змешчаны іншы груз, у класічным стылі Лацінскай Амерыкі. Матэрыял вырабу кампазіцыі – гліна.
   
    Эквадор – незвычайнасць сыравіны
    Кальдэрон, горад недалёка ад Кіто, сталіцы краіны, вядомы сваімі сувенірамі з цеста для хлеба. Цеста вырабляецца розных колераў – пажаданага для кожнай фігуркі. Па тым жа прынцыпе зроблена і дадзеная батлейка. Мініяцюрныя калядныя фігуркі размешчаны ў невялікім плеценым уручную кошыку, які можна размясціць на плоскай паверхні або павесіць як каляднае ўпрыгожанне. Дзіцятка Езус знаходзіцца ў цэнтры ўвагі, а Бэтлеемская зорка прыгожа кладзецца на ручку кошыка.
   
    Зімбабвэ – з каменю, але з душой
    Ландшафт Зімбабвэ ўсцяж пакрыты камянямі. Сама назва краіны ў перакладзе азначае “каменны дом”. Майстэрня пад кіраўніцтвам Джарама Марыгі ў 1958 годзе пазнаёміла Зімбабвэ з мастацкай тэхнікай працы з каменем.
    З тых часоў мастакі пачаткоўцы сталі дасведчанымі скульптарамі, а іх працы набылі шырокую папулярнасць у Еўропе і ЗША. Асаблівасць дадзенай батлейкі ў тым, што яна выканана з суцэльнага каменю, пасля чаго старанна адпаліравана.
   
    Кенія – нацыянальны каларыт
    Ананімны таленавіты рамеснік з Кеніі, які стварыў гэтую батлейку, змог захаваць афрыканскія паставы і жэсты з такой дакладнасцю, што фігуры выглядаюць так, быццам могуць рухацца, калі мы адводзім ад іх позірк крыху ў бок. Пры вырабе выкарыстоўвалася простае валакно з бананавых лісцяў. Дакладнасць, з якой выкананы дробныя дэталі, такія як каралеўскія кароны, дарункі і мудрагелістыя сандалі пастухоў, выклікаюць сапраўднае захапленне. Драўляныя круглыя асновы дадаюць фігуркам устойлівасці. А два афарбаваныя алавяныя дрэвы разбаўляюць кампазіцыю фарбамі.
   
    Індыя – мудрагелістасць форм
    Медныя палосы ўбіты ў простыя драўляныя брускі, выразаныя па форме калядных фігурак. Тэарэтычна гэтыя блокі можна было б выкарыстоўваць як пячаткі, толькі б дадаць чарніл – такая тэхніка іх выканання. Індыйскія батлейкі не карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў свеце, у адрозненне, напрыклад, ад еўрапейскіх ці паўднёваамерыканскіх.