Быць сынам, дачкой добрага Бога

Хрысціянскія традыцыі

Кожны ахрышчаны мае права з гэтай хвіліны называцца дзіцём Божым, як Езус.
Святы хрост – гэта сакрамант, які можам параўнаць з дзвярамі, праз якія нас уводзяць у Касцёл. Хутчэй за ўсё, большасць з нас ахрышана ў маленстве і не памятае дня свайго хросту. Таму многія ахрышчаныя ўспрымаюць гэты сакрамант як свайго роду фармальнасць, больш да яго не вяртаюцца і не памятаюць.
    Свята Хросту Пана, якое заканчвае перыяд Божага Нараджэння, з’яўляецца добрай нагодай, каб у чарговы раз усвядоміць вялікую праўду, што няма большай годнасці, чым тая, якую мы атрымалі на святым хросце.

   Хрост Езуса як знак блізкасці з чалавекам
    Для Езуса хрост стаў пачаткам новага этапу ў жыцці. Рыхтаваўся да гэтага на працягу 40-ка дзён малітвы і посту ў пустыні. Быў там спакушаемы, таму што д’ябал хацеў адвесці Яго з патрэбнага шляху. Аднак Езус перамог спакусніка і адправіўся на Іардан. Хрыстос – Божы Сын, Найвышэйшы Святар, Яму не трэба было ачышчацца ад граху, знакам чаго з’яўляецца хрост. Аднак Ён папрасіў Яна ахрысціць Яго. У сітуацыі Езуса хрост не быў змыццём віны, выкліканай першародным грахом, бо Ён прыйшоў менавіта для таго, каб узяць на сябе грэх усяго чалавецтва. Для Езуса хрост з’яўляецца знакам салідарнасці і блізкасці з кожным з нас – людзей, якія маюць патрэбу ў Яго ачышчэнні і адкупленні. Гэта, перш за ўсё, знак, што пацвярджае Яго тоеснасць як Божага Сына. Самае галоўнае пасланне хросту Езуса – “Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я” (Лк 3, 22). Перакананасць і ўсведамленне таго, што Ён умілаваны Сын Айца, далі Хрысту сілу прыняць і выканаць місію адкуплення. Яны суправаджалі Збаўцу на працягу ўсяго зямнога жыцця, і асабліва ў самыя цяжкія хвіліны.
    Можам уявіць гэта на прыкладзе нашых сямейных адносін. Хлопец, які атрымаў ад бацькі пацвярджэнне і прызнанне, што ён адважны, смелы, здольны рабіць вялікія справы, спраўляецца з усім у жыцці значна лепш, чым той, хто ніколі не чуў такіх слоў, а можа, быў нават аднойчы адштурхнуты бацькам і пакінуты сам сабе. Магло нават здарыцца, што бацька сказаў яму, быццам той з’яўляецца памылкай, быццам ні да чаго не здатны. Такія словы могуць зламаць жыццё многіх людзей. У Езуса быў любячы Айцец, які не пакідаў Яго ў адзіноце, які падчас хросту публічна перад Янам Хрысціцелем і ўсімі сабранымі там людзьмі пацвердзіў: “Ты Сын мой умілаваны”. Гэтае перакананне спадарожнічала Хрысту на працягу ўсяго жыцця.
   
Хрост – гэта імкненне перажываць сваё хрысціянства ў сэрцы і ў жыцці так, каб заўсёды было відаць, што мы апрануліся ў Хрыста (параўн. Гал 3, 27) і што мы – дзеці Божыя праз веру (параўн. 1 Ян 3, 2).

    Хрост дае права называцца дзіцём Бога
    Тое самае адбываецца пры нашым хрышчэнні. Паколькі з’яўляемся людзьмі, хрост ачышчае нас ад плям першароднага граху. Акрамя таго, гэта момант прыняцця нас у Божую сям’ю. Усе ахрышчаныя маюць права з гэтай хвіліны называцца дзецьмі Божымі, як Езус.
    Мы не выпадкова на гэтай зямлі. Кожны чалавек з’яўляецца кімсьці важным і нават найважнейшым для Бога, так, як для любячага бацькі кожнае з яго дзяцей самае важнае. Пан даў нам дары і жыццёвыя таленты, і хоча, каб развівалі іх. Больш за тое, наш Нябесны Айцец верыць, што здолеем іх развіць. Ён побач у цяжкія хвіліны, каб суцешыць і ўмацаваць нас, так жа, як прысутнічаў у жыцці Езуса.
    Варта паглядзець на хрост не толькі як на тое, што адбылося, калі мы былі дзецьмі, але як на пачатак новага этапу ў жыцці. Падобна таму, як перажыў свой хрост Езус. Ці ўсведамляю я, кім з’яўляюся? Ці ўсведамляю, хто для мяне Бог? Хрост спрыяе таму, як піша св. апостал Павел, што мы становімся паводле надзеі спадкаемцамі вечнага жыцця (параўн. Ціт 3, 7).
    Таму жыйма як спадчыннікі, як сыны, як дочкі добрага Айца, і заўсёды будзем мець у сабе жаданне сяброўства з нашым Богам. Хай нішто, літаральна нішто не аддзяляе нас ад Яго!