Адвэнт 2020: святло ў цемры

Хрысціянскія традыцыі

Заўсёды чакаем прыйсця Адвэнту як шансу на больш узвышаны дыялог з Госпадам, асабістае ўнутранае перамяненне, а можа, і на змены знешнія: новую працу або паляпшэнне атмасферы ў сям’і. Сёлета, магчыма, спадзяёмся і на больш маштабныя змены: што скончыцца пандэмія, якая ўжо надакучыла, і адродзіцца супакой і згода ў краіне.
У перыяд радаснага чакання мы ўваходзім з цяжарам уласных перажыванняў, якія ў гэтым годзе пагоршылі абставіны навокал. Чым у такім выпадку натхняцца? Як абудзіць адвэнтавую весялосць, калі кіруеш да Пана чарговае “чаму” і “за што” і не знаходзіш адказу? А можа, мы проста не да канца рассмакавалі, чым начынена сапраўдная радасць? Спрабуем разабрацца…
Нядзеля “Gaudete” як кульмінацыя радасці
    (Кс. Яўген Амасёнак)
   
    Напэўна, кожны з нас яшчэ з дзяцінства прызвычаіўся называць Адвэнт часам радаснага чакання. Аднак у мяне неаднойчы ўзнікалі думкі накшталт “як жа можна рыхтавацца да прышэсця Хрыста і пры гэтым «па дарозе» не згубіць радасць?”. Бо калі хочаш па-сапраўднаму быць гатовым да бясцэннай сустрэчы, трэба шмат чаго паспець змяніць у сабе.
    Звычайна гэта балючы працэс, які патрабуе ад чалавека пэўнага высілку і працы над сабой. Неабходна, напрыклад, мець дастаткова мужнасці і адвагі, каб стаць у праўдзе перад Богам, самім сабой і бліжнімі, аддаліцца ад празмернай занятасці, паглядзець на свае адносіны з Хрыстом з адлегласці. А гэта зусім няпроста, таму што трэба яшчэ паспець адказаць на пытанні: “Хто з’яўляецца для мяне найвялікшым скарбам і сэнсам усяго жыцця?” і “Што мне перашкаджае падрыхтаваць сваё сэрца да сустрэчы з Хрыстом падчас свят Божага Нараджэння?”.
    На маю думку, кожны, хто менавіта такім чынам успрымае гэты перыяд, неаднойчы перажыў у душы пачуццё спусташэння і расчаравання ад усведамлення таго, што ўласнымі сіламі не атрымліваецца рэалізаваць усё запланаванае. І калі надыходзіць 3-яя нядзеля, якую традыцыйна ў Касцёле называюць “Gaudete”, што азначае “Радуйцеся”, у веруючага чалавека могуць узнікнуць пытанні: “Як я магу радавацца, калі свята Божага Нараджэння набліжаецца, а мае адвэнтавыя пастановы ў чарговы раз не атрымліваецца ажыццявіць? Як магу радавацца, калі адчуваю неспакой у сэрцы адносна будучыні маёй сям’і, блізкіх?
    Як магу радавацца, калі шпіталі ў свеце перапоўнены, а грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне застаецца даволі напружанай?”.
    Менавіта Нядзеля “Gaudete” дапамагае нам адказаць на гэтыя і іншыя пытанні, запрашаючы з адвагаю несці радасць і спакой туды, дзе ёсць падзелы, канфлікты, нянавісць, запрашаючы быць уважлівымі да патрэб тых, хто найбольш патрабуе падтрымкі і шукае надзеі на лепшае. Заклік “Радуйцеся!” нагадвае нам, што нязвыкла важнай і каштоўнай рысай кожнага свядомага хрысціяніна павінна быць радасць. Бо калі мы такія ж сумныя і напалоханыя, як многія, то хто тады будзе наследаваць нас, хто паверыць, што Бог можа справіцца з усялякай праблемай і занепакоенасцю? Калі штодзённыя размовы маюць выключна негатыўны характар, калі яны прасякнуты толькі крытыкай і асуджэннем – ніякай радасці, ніякай надзеі, ніякага даверу да Бога, толькі расчараванне – тады чым мы адрозніваемся ад няверуючых людзей?
    Папа Францішак у адной са сваіх пропаведзей зазначыў: “Імкненне да шчасця – добрае жаданне, аднак унутранае адчуванне радасці – гэта штосьці большае. Гэта тое, што не павінна залежаць ад ніякіх знешніх абставін, якія могуць на нас нейкім чынам уплываць. Бо калі пастаянна імкнуцца быць шчаслівым любой цаной, то ў канчатковым выніку можна так і застацца на паверхні жыцця, ніколі не пагрузіўшыся глыбей”.
    Пагрузіцца глыбей і ўбачыць прычыны для бязмернай радасці; усвядоміць блізкасць Бога, які стаў падобным да нас і прымае нас такімі, якія ёсць; спыніцца ў імклівым рытме штодзённага жыцця і схіліцца над вялікай таямніцай любові Бога да кожнага чалавека – менавіта да гэтага запрашае ІІІ Нядзеля Адвэнту, якую ў гэтым годзе нам даводзіцца перажываць у складаных умовах і абставінах.
Ала Зарэцкая, парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля ў ГроднеАдвэнт – гэта час, напоўнены верай, малітвай і любоўю, калі мы чакаем нараджэння Езуса. Гэта добрая магчымасць задумацца пра сваё жыццё, стаць у праўдзе перад самім сабой, а таксама час перамен, надзеі і маленькіх цудаў. З уласнага досведу адзначу, што ў такі перыяд асаблівым чынам адчуваю блізкасць Бога, Яго бласлаўленне і дапамогу.
    Яшчэ з дзяцінства ўзгадваю Адвэнт як час вельмі яскравых і радасных момантаў. Мы майстравалі ліхтарыкі і хадзілі на Рараты. Кожны дзень праводзілі ў нецярплівым чаканні Раства. Гэтыя эмоцыі і традыцыі мне заўсёды хацелася перадаць уласным дзецям – каб Адвэнт стаў для іх перыядам, праз які з натхненнем захочуць праходзіць. Сёння ў нашай маладой сям’і маем уласныя звычаі: напрыклад, сваімі рукамі робім адвэнтавы вянок і каляндар. Дзеці выконваюць заданні з вялікай радасцю! Наша сям’я з’яўляецца таксама членам душпастырства “OPEN Families”, якое мае добрую традыцыю – ладзіць акцыю “Каляднае святло ў кожны дом”. Яе сутнасць заключаецца ў перадачы з дома ў дом запісак з разважаннямі і пажаданнямі на Адвэнт і свечкі, якую пасля запальваюць і моляцца ўсёй сям’ёй.
    Сёлета вельмі хочацца, каб Адвэнт прынёс у нашы дамы сапраўднае супакаенне і тую душэўную радасць, якую можа даць толькі Святы Дух. Вельмі хочацца, каб Езус нанова нарадзіўся ва ўсіх супольнасцях, бо пандэмія і грамадска-палітычны крызіс адбірае шмат сіл, і становіцца вельмі складана знаходзіць нагоды для пацехі.
    Думаю, каб спазнаць радасць Адвэнту, мы павінны пераасэнсаваць сваё жыццё і больш даверыцца Хрысту – аддаць Яму свае страхі, непаразуменні, хваробы і перажыванні з-за напружання ў краіне. Зважаючы на апошняе, варта больш увагі надаваць бліжнім, рэагаваць на іх беды і патрэбы. Узаемадапамога ў гэты складаны час і стане той самай крыніцай радасці, якой усе прагнуць. Давайце станем апосталамі міру і згоды, аб’ядноўваючыся разам у малітве.
Павел Цыронак, парафія Святой Сям’і ў ЛідзеАдвэнт заўсёды з’яўляецца для мяне радасным часам чакання надыходу свята Божага Нараджэння. Так было з дзяцінства. Нічога не змянілася.
    Як прадпісвае вучэнне Касцёла, на пост абавязкова бяру пастановы. Апошнім часам яны ўсё больш звязаны з абмежаваннем у карыстанні інтэрнэтам, бо згодны, што ў нашым жыцці стала надта шмат інфармацыйнага шуму. Часам ён паглынае з галавой.
    І Адвэнт – гэта добрая нагода, каб спыніцца, задумацца пра тое, як праходзіш праз сваю штодзённасць, ці не зашмат часу траціш упустую.
    Аднак, безумоўна, сёлетні Адвэнт будзе перажывацца па-іншаму. Гэта звязана і з пандэміяй, і з тым крызісам, у якім апынулася наша краіна. Асаблівы ўдар адчуў на сабе і Каталіцкі Касцёл у Беларусі. Ужо некалькі месяцаў у выгнанні знаходзіцца арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Таму лічу, што кожны католік абавязаны яшчэ больш, чым раней, уключыцца ў змаганне за лепшыя часы: і малітвай, і сваімі ўчынкамі. Узмацніць барацьбу ў гэты Адвэнт планую і я: буду засяроджвацца на малітоўных практыках; шмат размаўляць з людзьмі, якія робяць выгляд, нібы ў грамадстве нічога не адбываецца; падтрымліваць тых, хто церпіць ганенне ці апынуўся за кратамі.
Вікторыя Валюк, парафія св. Францішка  Ксаверыя ў ГроднеПершае, што прыходзіць на думку, калі чуеш пра Адвэнт, – гэта перыяд радаснага чакання, які суправаджаецца Раратамі, адвэнтавым вянком, шопкай і абавязковым хэпі-эндам у выглядзе вігілійнай вячэры і калядных спеваў. Аднак калі пытацца не ў розуму, а ў сэрца… Адвэнт – гэта рэкалекцыі надзеі. Кожны раз індывідуальныя, асаблівыя і непаўторныя. Гэта час, калі любому падуладна змяніцца да лепшага і тым самым зрабіць крыху больш радасным і без таго шэры свет навокал.
    Сёлета шэрых колераў стала болей – пандэмія каранавіруса і складаная грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне. Хочацца адразу адзначыць, што крызіс ніколі не ўзнікае на пустым месцы. Крывадушнасць і жорсткасць, якімі напоўнены апошнія месяцы, толькі адлюстроўваюць і пацвярджаюць духоўны крызіс нашай супольнасці, калі грэх становіцца чымсьці настолькі звыклым, што ў пэўны момант межы паміж дабром і злом сціраюцца і перастаюць існаваць.
    Толькі аднаму Богу вядома, праз якія цяжкасці і выпрабаванні мы павінны прайсці, каб зноў здабыць сэрца, здольнае любіць шчыра і па-сапраўднаму. Як чалавек неабыякавы да таго, што адбываецца навокал, я думаю, што любое зло і беззаконне пад сілу перамагчы толькі любоўю, крыніцай якой з’яўляецца Езус. Ён гаворыць: “Штораз, калі вы па-сапраўднаму, безумоўна, цалкам даверыце справу Мне, гэта дасць жаданы вынік і вырашыць любую хваравітую сітуацыю” (з акту прысвячэння сябе Езусу, кс. Далінда Руола).
    У Адвэнце буду старацца знайсці адказ на наступнае пытанне: “Што я зрабіла, каб пазбегнуць існуючага крызісу, і наколькі маё сэрца гатова змяніцца?”. Менавіта таму мае рэкалекцыі надзеі будуць сканцэнтраваны на даверы і пошуку Божай волі ў кожным дзеянні, у кожным пачутым слове або здзейсненым учынку.
    Адвэнт – сапраўды выдатная магчымасць у надзеі і спадзяванні на Госпада сумленна зазірнуць у самыя цёмныя куткі сваёй душы, каб дазволіць Дзіцятку Езус нарадзіцца ў сэрцы. І ў гэтым крыецца ўся радасць перадкаляднага перыяду.