Любіць і хоча быць любімым

Хрысціянскія традыцыі

Чалавек, які шукае любові, не знойдзе іншай, больш цудоўнай крыніцы, чым Сэрца Бога-Чалавека. З гэтага Сэрца, працятага салдацкай дзідай на Галгофе, выцяклі Кроў і Вада. Гэтым жэстам міласэрнасці людзі былі абмыты і ачышчаны ад бруду грахоў. З тых памятных падзей прайшло шмат часу, многія пакаленні гэтай зямлі адышлі ў вечнасць, а невычэрпная Крыніца Божай Любові і Міласэрнасці б’е і застаецца жывой. З яе да нас цячэ дзівосны паток Божай любові і шматлікіх Яго ласкаў.
Сэрца Езуса заспакойвае патрэбы
    Гэтая Крыніца Божай любові можа задаволіць чалавечыя імкненні і жаданні, а трывогу і безнадзейнасць паглынуць у сваім жыватворным патоку. Сэрца Збаўцы – адзіны знак, пад якім людзі знаходзяць і могуць заспакоіць свае самыя глыбокія прагненні, да якіх, несумненна, належыць прагненне любові і сэнсу жыцця. Хрыстос ніколі нікога не адштурхоўвае, а ў Яго Сэрцы выратаванне і суцяшэнне знаходзіць кожны, хто верыць у Збаўцу.
Езус кажа ўсім нам: “Я аддаю вам Маю любоў і Маё прабітае Сэрца; даю прытулак і вяду да крыніцы чысціні і ласкі; адкрываю перад вамі бязмежнасць Маёй міласэрнасці – прыходзьце і купляйце без срэбра і без платы” (параўн. Іс 55, 1). Так заклікае ўкрыжаваная і адкрытая Любоў! Так заахвочвае Дабрыня – шчырая і бескарыслівая! Так ахвяруе сябе Бог – Паўната ласкі і любові!
   
   Сэрца Езуса – Крыніца надзеі
    На жаль, многія гэтага не разумеюць. Чалавек у сваёй гордасці і эгаізме, пагружаны ў свет новых тэхналогій, не заўважае Божай любові, якою Пан хоча адарыць усіх: простага і вучонага, слабога і моцнага, багатага і беднага. Той, хто ёсць Любоў, аб’яўляецца тысячамі спосабаў, каб кожны мог заўважыць паток і бязмежнасць Яго Ахвяры, якая мае сваю крыніцу ў любові.
    Сучасны чалавек, які часта падобны да паралітыка, часцей звяртаецца да нетрадыцыйнай медыцыны, замест таго, каб прыйсці да Таго, хто мае моц вярнуць жыццё і здароўе. Не хоча слухаць вучэнне і заклікі Хрыста, які заўсёды гаворыць нам: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас” (Мц 11, 28). Мы часта не чуем гэтага запрашэння, бо не ведаем Валадара Міласэрнасці і Лекара душ. А Ён гатовы вылечыць ад усякага болю духоўнага і цялеснага! Ён прыносіць радасць аздароўленым і надзею церпячым. Ён, які першым пайшоў дарогай крыжа, дае нам усё, аб чым толькі Яго папросім.
    Літаральна аднаго моманту чалавеку было б дастаткова, каб зразумець, як моцна яго любяць. Аднога погляду на “палаючае вогнішча любові” было б дастаткова таму, хто шукае такой любові. Менавіта яе прагне сэрца, а не сапсаваная натура чалавека.
   
   Сэрца Езуса бязмежна любіць
    Калі ў свеце разнастайных дарог можна заблукаць, выбраць звілістыя замест прамых, то сапраўдным крахам будзе няправільна зразуметая і перажытая любоў. Падманутае сэрца, зламанае жыццё, расчараваныя надзеі – столькі каштуе памылка ў сферы духу. А Бог нязменна з самага пачатку гаворыць нам: “Люблю!” – праз свае творы, праз пакліканне нас да існавання, праз месца, якое рыхтуе для нас на Небе... Чалавек веры прыме дар Божай любові і ласку, неабходную для збаўлення. Чалавек, які бунтуецца альбо адмаўляе дар, як недастойны сябе, будзе працягваць шукаць сэнс жыцця і спрабаваць розныя камбінацыі, каб дабіцца поспеху. Сэрца Езуса – Ключ да Неба
    Бог палюбіў першым. Вечнай і поўнай любоўю. Чалавек пакліканы да такой любові і павінен да яе дарасці. Гэта складана, але магчыма. Дастаткова паставіць перад сабой ідэал любові, якім ёсць Найсвяцейшае Сэрца Езуса. Спачатку вучыцца ў Яго, а потым, як Ён, складваць сябе ў ахвяру.
    Сэрца не ведае іншай цаны, акрамя ахвяравання. Аддаць сваё сэрца – значыць даверыць сябе Таму, каго любім. Цана, якую Езус заплаціў за любоў да нас, выяўляецца ў крыжы, але перамога, якую Ён здабыў, стала ключом да Неба і домам для кожнага чалавека.
    Сэрца нашага Бога адкрыта для людзей. У ім ёсць усе магчымыя ласкі. Апостал Ян, які толькі на імгненне спачыў на Сэрцы Езуса, стаў адным з тых, хто найлепш зразумеў Бога. Сёння чарга кожнага з нас.
    Таму, перажываючы чарговы чэрвень у сваім жыцці, давайце пакладзём галаву на пульсуючае Сэрца Бога, якое любіць і хоча быць любімым!