Духоўная камунія

Хрысціянскія традыцыі

У актуальнай сітуацыі, калі многія католікі з-за страху перад заражэннем каронавірусам не прыступаюць да сакраментальнай Камуніі або не маюць магчымасці асабіста наведваць святыню, каб прыняць удзел у Найсвяцейшай Ахвяры, можна карыстаць з духоўнай Камуніі. Што яна сабой прадстаўляе? Як правільна яе “прымаць”?
Духоўная Камунія – гэта лучнасць чалавека з Эўхарыстычным Езусам, якая рэалізуецца праз прагненне прыняцця сакраментальнай Камуніі. Адначасова такое прагненне грунтуецца на веры, ажыўленай праз любоў.
Галоўныя элементы духоўнай Камуніі:
    1. Моцнае прагненне, якое вынікае з жывой веры;
    2. Прагненне сакраманту Эўхарыстыі, які прыносіць збаўленне;
    3. Прагненне, якое вынікае з любові да Хрыста;
    4. Прагненне выразнае і свядомае.
   
    Духоўная Камунія, арыентаваная на сакраментальную Камунію, вядзе да яе і з ёю цесна злучана. Плён духоўнай Камуніі з’яўляецца, па сутнасці, тым жа, што і ў сакраментальнай Камуніі (эўхарыстычнай) – узрастанне асвячальнай ласкі, любові, чыстасці жыцця і еднасці з Хрыстом.
    Ніякіх абмежаванняў для прымання духоўнай Камуніі няма: да яе могуць прыступаць усе без выключэння некалькі разоў на дзень.