Там, дзе выдумка саступае месца праўдзе

Хрысціянскія традыцыі

Незалежна ад узросту, кожны хоча верыць у цуды. Гэтае жаданне родам з дзяцінства, калі нам, маленькім хлопчыкам і дзяўчынкам, распавядалі пра добрага сівога старца, які прыносіць на святы чаканыя падарункі. А калі сказаць, што гэта праўда? І любы з так моцна камерцыялізаваных сёння персанажаў – ці то Дзед Мароз, ці то Санта Клаус – паходзіць ад рэальнай фігуры – св. Мікалая, біскупа Міры (сёння Дамрэ, Турцыя)?
Святы з вялікай фантазіяй у справах міласэрнасці
    Пра жыццё св. Мікалая, які жыў у ІІІ стагоддзі, захавалася мала гістарычных звестак і шмат легенд. Разам з тым, бясспрэчна адно: Каталіцкі Касцёл памятае яго як неверагодна добрага і міласэрнага чалавека, прызнаўшы годным вынясення да хвалы алтара.
    Вядома, што св. Мікалай нарадзіўся ў Малой Азіі і быў адзіным дзіцём у заможнай хрысціянскай сям’і. З малых гадоў вылучаўся набожнасцю, перанятай ад бацькоў. Быў чулы да няшчасцяў іншых людзей. Ахвотна дзяліўся з беднымі сваёй маёмасцю, удзяляў усякую дапамогу патрабуючым.
Ахвярнасць св. Мікалая пры жыцці і паспрыяла з’яўленню шматлікіх паданняў, звязаных з яго дзейнасцю. Адна з найбольш папулярных легенд распавядае, што ў хату ўбогага ўдаўца, які выгадаваў 3 дачкі і не мог выдаць іх замуж, бо не меў пасагу, біскуп Міры патаемна кінуў праз комін мяшочкі з грашыма. Гэта дазволіла старому ўладкаваць жыццё дзяўчат, якія ўрэшце шчасліва выйшлі замуж за сваіх абраннікаў.
    Узгадваюцца і іншыя, не менш цікавыя выпадкі. Калі ў Міры лютавала эпідэмія, св. Мікалай служыў хворым, рызыкуючы ўласным жыццём.
    Захавалася гісторыя, як біскуп выратаваў ад смяротнага прысуду 3-ох юнакоў, несправядліва пакараных за дробнае злачынства, або як дзякуючы сваёй гарачай малітве пазбавіў ад непазбежнага патаплення рыбакоў, што трапілі ў вялікі шторм. У сувязі з гэтым яго абралі апекуном усіх, хто працуе на вадзе. Дарэчы, некалькі гадоў таму прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла, Праваслаўнай і Пратэстанцкай Цэркваў з 16-ці міжземнаморскіх краін прапанавалі абвясціць св. Мікалая заступнікам гэтага акваторыя.
   
    Спадчына добрага біскупа
    Звычай узаемнага адорвання прэзентамі ва ўспамін св. Мікалая або напярэдадні Раства ўзнік яшчэ ў сярэднявеччы. Ён бярэ пачатак з будавання дзецьмі “чоўнаў св. Мікалая”, куды той павінен быў пакласці для іх падарункі. З цягам часу на змену чоўнам прыйшлі боты, шкарпэткі або любая адмысловая ўпакоўка. Разам з тым, у XVIII стагоддзі ўзнікла ініцыятыва ўдзяляць стыпендыі і гранты моладзі з бедных сем’яў, якая навучалася ў школах і ўніверсітэтах, што носяць імя св. Мікалая.
    Яшчэ адзін дар ад святога – тое, што ён стаў тым самым духоўным заступнікам, які аб’ядноўвае ўсходніх і заходніх хрысціян, бо ўшаноўваецца як Каталіцкім Касцёлам, так і Праваслаўнай Царквой. Менавіта пры яго труне ў 1908 годзе праходзіў сінод, скліканы папам Урбанам ІІ. Яго мэтай было знясенне ўсялякіх падзелаў у хрысціянстве. Асаблівым нябесным патранажам ад біскупа Міры цешацца, між іншым, падарожныя, дзеці, дзяўчыны на выданні, пекары, а таксама вязні.
   
    З просьбай не пра матэрыяльнае, але пра духоўнае
    Св. Мікалай з’яўляецца адным з самых распазнавальных святых у свеце, бо здолеў заваяваць сэрцы шматлікіх вернікаў на ўсіх кантынентах дзякуючы шчыраму прыкладу любові да бліжняга. І няхай сёння ён “хаваецца” пад рознымі імёнамі, варта не падлягаць уплыву камерцыі і павярхоўнасці, але натхніцца на добрыя ўчынкі. Трэба памятаць, што сэнс усялякай дзейнасці св. Мікалая палягаў, перш за ўсё, на адорванні бліжніх. Ён не назапашваў, але аддаваў, дзяліўся ўсім, што меў. І меншае, што мы можам зрабіць, – пераняць яго прыклад хаця б падчас перажывання Адвэнту.
   
    Малітва да св. Мікалая
    Хвалебны св. Мікалай, асаблівы мой ахоўнік! Зірні на мяне спагадлівым позіркам з таго нябеснага святла, у якім насычаешся сузіраннем Бога. Выпрасі ў Пана ласку і належную дапамогу ў маіх сённяшніх патрэбах – як духоўных, так і зямных – а асабліва ласку… (называем інтэнцыю, у якой хочам маліцца), калі яна дапаможа мне асягнуць вечнае збаўленне. Памятай таксама, слаўны св. Біскуп, найвышэйшага пастыра нашага, Папу, святы Касцёл і наш набожны горад. Накіруй на дарогу збаўлення ўсіх, хто вядзе паглыбленае ў грахі жыццё, хто аслеплены няўменнем, памылкамі і ерассю. Суцеш засмучаных, паклапаціся аб патрабуючых, умацуй тых, хто сумняваецца, падтрымай прыгнечаных, прынясі палёгку хворым і ўчыні, каб усе спазналі магутную апеку Тваю і найвышэйшага даўцы ўсяго дабра. Амэн.