“Цэнтральны абраз, які паводле некаторых звестак намаляваны знакамітым мастаком Валенціем Ваньковічам, прадстаўляе незвычайную, узнёслую набожнасць каралевіча падчас малітвы, – адзначае кс. канонік Ян Кучынскі, пробашч катэдры. – А ў верхняй частцы алтара знаходзіцца 2-гі твор мастацтва, на якім адлюстраваны цуд св.
Казіміра, што меў месца ў 1518 годзе пад Полацкам. Паводле гістрычных звестак, маскоўскія ваяводы аб’ядналіся і вырашылі захапіць старажытны горад, аднак жыхары мужна абараняліся. Пачалася працяглая аблога. Полацкі ваявода Альбрэхт Гаштольд з групоўкай у 2 000 салдат спяшаўся на дапамогу гораду, што цярпеў аблогу, але шырокая і паўнаводная Дзвіна не давала магчымасці перабрацца з вайсковым рыштункам на паўночны бераг. І раптам, паводле шматлікіх сведчанняў, салдаты ўбачылі вершніка на кані, які знакамі паказваў, каб ішлі за ім. Войска рушыла ў ваду і натрапіла на добры брод. Перайшоўшы праз Дзвіну, армія Вялікага Княства неспадзявана ўдарыла ў спіну значна большаму па колькасці маскоўскаму войску. У шэрагах захопнікаў пачалася паніка. Частка салдат кінулася ў Дзвіну і патанула. Палачане, якія ўжо амаль страцілі надзею на дапамогу, былі надзвычай уражаны цудоўным выратаваннем”.
З біяграфіі святога каралевіча ведаем, што ён памёр, маючы 26 гадоў. Але за такое нядоўгае жыццё здолеў выбраць зусім не ўласцівы магнату шлях. Ён старанна вучыўся, быў добра выхаваным, захаваў у сэрцы зерне веры, якое сагравала кожнага, хто знаходзіўся побач. |
|
Кс. Ян таксама падкрэслівае, што нягледзячы на вельмі кароткі час побыту св. Казіміра ў Гродне, памяць пра яго жывая ў горадзе дагэтуль. Так ужо больш за 15 гадоў у катэдры існуе традыцыя: 4 сакавіка а 9-ай гадзіне раніцы пры алтары св. Казіміра адпраўляецца св. Імша, а цягам дня ёсць магчымасць ушанаваць яго рэліквіі. Таксама святы з’яўляецца апекуном Катэдральнага капітула, яго імя носіць Гродзенскі тэалагічны каледж. У дыяцэзіі яму прысвечаны 4 святыні: ва Уселюбе (самая старэйшая з іх, узведзена ў сярэдзіне XVII стагоддзя), у Ліпнішках, Нецечы і Путрышках.
Цікавы таксама той факт, што ў міжваенны час у Гродне існавала вуліца св. Казіміра. На пачатку 1990-ых гадоў тапанімічная камісія прапанавала назваць у гонар святога вуліцу Кастрычніцкую, што ў самым цэнтры горада, але гэтая задумка не знайшла падтрымкі.
Гродзенскія “Казюкі” У Гродне св. Казіміра ўшаноўваюць не толькі малітвай. Кожны год 4 сакавіка цэнтральная плошча ператвараецца ў адзін вялікі горад майстроў. У гэты дзень народныя ўмельцы выстаўляюць на продаж свае лепшыя творы: кераміку, саламяныя кветкі, вырабы са скуры, дрэва, лазы, велікодныя пальмы, вышытыя абрусы... Гэтае народнае свята называецца “Казюкі” – у гонар св. Казіміра, апекуна рамеснікаў.
Людміла Лебедзь, метадыст цэнтра культуры “Спадчына”, адзначае, што гродзенскія “Казюкі” пачалі ладзіцца прыкладна 15 гадоў таму.
“На выставе-продажы звычайна прадстаўлена каля 30-ці відаў традыцыйных народных рамёстваў і сучаснага дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва. Мэта гэтага мерапрыемства – не толькі прадэманстраваць разнастайнасць цікавых і непаўторных ручных вырабаў, але і паказаць гісторыю таго ці іншага рамяства, выявіць тэндэнцыю яго развіцця, – гаворыць спадарыня Людміла. – Мы цешымся, што сучасныя майстры клапоцяцца аб тым, каб іх прадукцыя адпавядала гістарычнай праўдзе, а таксама мела высокую мастацкую вартасць.
Жанчына падкрэслівае таксама, што “Казюкі” славяцца не толькі святочным гандлем, але і культурнай праграмай. У ёй заўсёды прысутнічаюць элементы тэатралізацыі. На выставепродажы на вачах шматлікіх гледачоў адбываецца цырымонія пасвячэння пачаткоўцаў у рамеснікі. Згодна з традыцыяй, маладому рамесніку, які дэманструе добрае веданне сваёй справы, старэйшыя калегі павінны пастукаць драўлянай лыжкай па далонях. Няўмелы ж пачатковец на жартоўным выпрабаванні рызыкуе атрымаць лыжкай па галаве.
Сёлета падчас кірмашу таксама не абмінуць увагай лепшых майстроў, якія плённа працавалі на працягу года. Раней узнагароджванне адбывалася ў вузкім коле, а зараз пройдзе больш маштабна, паколькі таленавітыя людзі вартыя таго, каб іх імёны прагучалі на шырокай публіцы.
У гэтым годзе “Казюкі” будуць праходзіць на працягу 2-х дзён: 3 і 4 сакавіка. Афіцыйнае адкрыццё свята адбудзецца на прыступках Палаца культуры тэкстыльшчыкаў. У кірмашы прымуць удзел майстры з амаль усіх раёнаў Гродзеншчыны, а таксама госці з Літвы і Польшчы.
А ці ведалі Вы, што... Бацькам св. Казіміра быў Казімір IV Ягелончык (памёр у 1492 годзе таксама ў Гродне), маці – Альжбета з Габсбургаў. Чацвёра ягоных братоў (Уладзіслаў, Ян Ольбрахт, Аляксандр і Жыгімонт) сталі каралямі, а пяты Фрыдэрык – кардыналам і прымасам Польшчы. З 6-ці сясцёр будучага святога 2 памерлі ў дзяцінстве, а 4 павыходзілі замуж за еўрапейскіх манархаў, дзякуючы чаму ў жылах усіх сённяшніх манархаў Еўропы цячэ хаця б кропля крыві Ягелонаў. Калі ў 1602 годзе адкрылі труну каралевіча Казіміра, аказалася, што яго цела не падлегла зменам. Там жа ляжаў некрануты гімн у гонар Марыі “Omni die dic Mariæ” (“Кожны дзень праслаўляй Марыю”), аўтарства якога ранейшыя польскія гісторыкі прыпісвалі самому Казіміру, але высветлілася, што ён значна старэйшы і хутчэй за ўсё створаны св. Бярнардам у ХІІ стагоддзі. З мошчамі св. Казіміра звязваюць шэраг цудоўных аздараўленняў. Да прыкладу, канонік Свянціцкі запісаў 408 цудаў, якія адбыліся ля труны каралевіча да 1627 года. Самы вядомы з іх – уваскрашэнне Уршулкі, дачкі віленскага мяшчаніна. Вядома, што хворыя, якія шчыра малілся ля труны, вылечваліся, сляпыя пачыналі бачыць, а глухія – чуць. Былі таксама выпадкі аздараўлення псіхічна хворых асоб. Св. Казіміра традыцыйна малююць у княжацкім уборы з лілеяй у руцэ і мітрай на галаве. У Вільні захоўваецца незвычайная выява святога, якая лічыцца цудадзейнай: на абразе св. Казімір намаляваны з 3-ма рукамі. Згодна з паданнем, калі мастак скончыў сваю працу, то ўбачыў, што адна рука святога атрымалася непрапарцыянальнай і ненатуральнай. Тады ён вырашыў зафарбаваць гэтую руку і намаляваць іншую. Якое ж было яго здзіўленне, калі на наступны дзень зафарбаваная рука праявілася з-пад пласта фарбы. І колькі б мастак не спрабаваў выправіць сваю памылку, выява не паддавалася пераробліванню. Так паўстаў абраз “Трохрукі Казімір”. |
|