Пробашч парафіі Гожа збірае рэдкую калекцыю медальёнаў

Хрысціянскія традыцыі

Кс. Павел Шанчук паказвае на цудатворны абраз Маці Божай Суцяшэння ў парафіяльнай святыні. Акурат у гэты час у цэнтральным алтары адбываецца рэстаўрацыя

Невялікі пасёлак Гожа знаходзіцца ў 15-ці км на поўнач ад горада Гродна. Там ужо 15 гадоў выконвае душпастырскую паслугу кс. Павел Шанчук. Як святар ён не толькі думае пра будучае, але і цікавіцца гісторыяй і імкнецца захаваць для нашчадкаў частку мінулага. Па словах ксяндза, шкада, калі рэчы даўніны незаўважна сыходзяць у нябыт.
Запал да калекцыяніравання – з малых гадоў
    Захапленне кс. Паўла сягае каранямі яшчэ ў часы дзяцінства. Раней гэта былі маркі, манеты, цяпер – медальёны, крыжыкі і шмат чаго іншага. Але не хочацца адкрываць усе карты адразу, каб утрымаць Вашу цікаўнасць. Можаце быць упэўнены, што яшчэ неаднаразова сустрэнецеся з калекцыямі святара на старонках “Слова Жыцця”.
    “Неяк усё само сабою атрымалася, – распавядае святар. – Некаторыя экспанаты знаходзіў сам. Часам штосьці дарылі. Затым пачаў набываць з рук. І закруцілася...”.
    Кс. Павел дэманструе экспазіцыю, на якой прадстаўлены медальёны з выявамі Езуса Хрыста, Марыі, шматлікіх святых, а таксама з адлюстраваннем разнастайных сцэн з Евангелля. Святар з гонарам паказвае першы экспанат, які з’явіўся ў калекцыі – медальён св. Яна Непамуцэна. На яго адваротным баку – Маці Божая Чанстахоўская. “Марыйныя медальёны на нашых землях, напэўна, найбольш папулярныя пасля езуіцкіх з выявамі св. Ігнацыя Лаёлы і св. Францішка Ксаверыя, – зазначае кс. Павел. – У калекцыі бачым адбіткі Маці Божай са сваім Сынам, у коле Святой Сям’і, працятую мячамі, у атачэнні анёлаў, з ружанцам у руцэ... Шмат медальёнаў, прысвечаных Маці Божай Вастрабрамскай, Чанстахоўскай, Пачаеўскай, Бярдзічаўскай, Жыровіцкай, Бялыніцкай, Барунскай. Ва ўсіх гэтых абразах Марыя шырока ўшаноўваецца вернікамі нашых і суседніх зямель”.

    Адметныя экземпляры
    Крыжы з выявамі Маці Божай (справа – крыж “каравака”)Часам знаходкі здзіўляюць сваёй геаграфіяй. “У маёй калекцыі некалькі медальёнаў з выявай Маці Божай Аўстрыйскай, Іспанскай”, – гаворыць кс. Павел. У размове са святаром прыходзім да высновы, што артэфакты маглі застацца ад салдат з далёкіх краёў, якім даводзілася ваяваць на нашых тэрыторыях.
    Сярод незвычайных экспанатаў кс. Павел вылучае медальён, што выраблялі як абярэг падчас эпідэміі чумы. “А вось шасціканцовы крыж «каравака», некалькі стагоддзяў таму папулярны ў Польшчы, – звяртае ўвагу святар. – Яго яшчэ называлі «халерным крыжом», бо лічылася, што ён захоўваў ад розных хвароб. На абодвух гэтых рэчах выява Марыі – Маці ласкі Божай”.
    У калекцыі ёсць і каталіцкія, і праваслаўныя медальёны. Яны адрозніваюцца выявамі святых, якія ўшаноўваюцца ў абедзвюх Цэрквах, а таксама надпісамі: праваслаўныя часцей за ўсё рабіліся пастараславянску, каталіцкія – на латыні (сустракаюцца таксама па-польску і паіспанску). У большасці выпадкаў медальёны выпускаліся з нагоды каранацыі абразоў, кананізацыі святых. Ёсць і нейкія прыватныя матывы, як, напрыклад, адпраўленне святаром прыміцыйнай Імшы. “Чым больш экспанатаў у калекцыі, тым мацней жаданне сістэматызаваць інфармацыю пра іх. Над яе зборам працую ўжо на працягу 2-ух гадоў”, – прызнаецца святар.
   
    Ад хобі да спецыялізавання
   
У будучым кс. Павел разглядае магчымасць перадачы сваёй калекцыі ў дыяцэзіяльны музей, які зараз знаходзіцца ў стане распрацоўкі.

 Калекцыя святара разам з эскізам “гожскага” медальёна  Кс. Павел распавядае, што раней медальёны чаканілі з медзі, бронзы. Пазней у якасці матэрыялу пачалі выкарыстоўваць алюміній, срэбра. Яшчэ адной з прыкмет, па якой можна распазнаць час вырабу, з’яўляецца вушка медальёна. У большасці выпадкаў, калі не прадугледжана дадатковае, злучальнае вушка (якое можам назіраць і ў сённяшніх упрыгожаннях), то медальён адносіцца да ХVІІ–ХVІІІ стагоддзяў. Інакш – маем справу з больш сучасным вырабам.
    У асноўным, медальёны вырабляліся ў манаскіх ордэнах.
    “Іх насілі на шыі або на руцэ, на поясе або на ружанцы выключна духоўныя асобы або свецкія з ліку багатых, – распавядае святар. – Праз нейкі час медальёны налаўчыліся вырабляць народныя ўмельцы, з-за чаго тыя сталі даступнымі для шырокага кола вернікаў. Майстры-самавучкі стваралі формы з гатовых экземпляраў і адлівалі іх са сплаву волава, рабілі т. зв. «пераліўкі». Такія медальёны адрознівае некаторая нязграбнасць, невыразнасць абрысаў”.
    Найбольш прыгожыя медальёны ў калекцыі, якія адразу кідаюцца ў вочы, адчаканены ў Рыме, пра што сведчыць надпіс “Roma” ўнізе вырабу. Яны вылучаюцца рэзкасцю і дакладнасцю найменшых дэталяў. “Такая якасць! Нават пры сённяшніх тэхналогіях гэта цяжка паўтарыць”, – адзначае кс. Павел.
   
    Пра жаданне дадаць у калекцыю свой медальён
    Святар ужо доўгі час выношвае ідэю чаканкі медальёна з выявай Маці Божай Суцяшэння, спісанай з цудатворнага абраза, які займае ў парафіяльнай святыні цэнтральнае месца над алтаром. Эскіз ужо даўно гатовы – чакае рэалізацыі на справе. Як зазначае пробашч, у планах выпусціць яго да 150-годдзя кансэкрацыі касцёла. Юбілей прыпадае на восень 2019 года.
  
Агулам калекцыя медальёнаў налічвае прыблізна 260 штук. Святар збірае яе каля 10-ці гадоў.

   У парафіі глыбока ўшаноўваецца Маці Божая. Яе заступніцтву мясцовыя вернікі прыпісваюць уратаванне касцёла падчас Першай сусветнай вайны. Паводле сведчанняў відавочцаў, на небе бачылі выяву Найсвяцейшай Маці, якая сваім шырокім плашчом укрывала святыню ад куль і снарадаў. З нагоды гэтай падзеі ў першай палове ХХ стагоддзя быў напісаны абраз з адпаведным сюжэтам, пазней выдалі паштоўку. Некалькі гадоў таму над цэнтральным уваходам у касцёл на аснове таго ж сюжэта стварылі вітраж.
    “Чамусьці першая малітва, якая прыходзіць у галаву, калі напаткаюць цяжкасці, менавіта «Тваёй абароне». У многіх людзей. Я таксама з гэтай катэгорыі, – адзначае святар. – Неаднаразова адчуваў апеку Маці Божай у сваім жыцці. Упэўнены, Марыя ніколі не пакіне таго, хто трапіў у бяду. Яна – наша галоўная заступніца перад Богам. Як клапатлівая маці, Марыя суперажывае чалавеку і заўсёды выступае ў яго абарону”.
   
    Замест эпілога
    На памяць аб сустрэчы кс. Павел падарыў мне нацельны крыжык, выраблены прыблізна ў канцы ХVII – пачатку ХVIII стагоддзя. Раптам падумалася: а тыя ж медальёны, крыжыкі... усе са сваёй гісторыяй! Гэта не манеты, якімі разлічваліся, не кнігі, якія маглі прачытаць толькі аднойчы, а асабістыя рэчы вернікаў, якія тыя маглі насіць ля сэрца ўсё жыццё. Кожны ўладальнік – са сваім лёсам, няпростым шляхам, на якім неаднаразова, мабыць, даводзілася апускаць галаву і, гледзячы на падвеску, аддаваць усе цяжкасці заступніцтву пэўнай святой асобы. Так як прыналежнасць артэфактаў выявіць цяжка, гэтая частка гісторыі для нас, нашчадкаў мінулага, ахутана загадкавасцю. Быць можа, у тым і заключаецца найбольшая таямніца.