Аплаткавыя сустрэчы

Хрысціянскія традыцыі

Тыдзень таму перажывалі ўрачыстасць Божага Нараджэння. Незаўважна мінула і актава свят. Але калядны час прадаўжаецца і будзе трываць аж да свята Ахвяравання Пана. Па традыцыі ў гэты перыяд вернікі ладзяць аплаткавыя сустрэчы. Прыгожы звычай аб’ядноўвае не толькі родных і блізкіх, але і сяброў, калег, супольнасці… Людзей звязвае вера ў Збаўцу, які прыйшоў у свет каля дзвюх тысяч гадоў таму.
Усе ламаюцца аплаткай, якая сімвалізуе Цела Хрыста. Тым самым сабраныя сведчаць аб тым, што Езус прысутны сярод іх: “Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх” (Мц 18, 20).
    Дзяленне аплаткай азначае, што людзі хочуць быць разам, жыць у міры і згодзе, з пакорай прымаючы ўсе радасці і нягоды. Перапрашаюць адзін аднаго, прабачаюць, складаюць сардэчныя пажаданні.
    Традыцыя бярэ пачатак з Апошняй вячэры i культывуецца на яе памяць. Як некалі Збаўца, разламаўшы хлеб, звярнуўся да апосталаў са словамі: “Бярыце і ешце, гэта Цела Маё” (Мц 26, 26), – так і мы па прыкладзе Езуса павінны дзяліцца сабою з бліжнімі. Хрысціяніну належыць быць як “хлеб штодзённы” – наталяць голад патрабуючых. Пра гэта нагадвае само слова “аплатка”, якое паходзіць ад лацінскага “oblatum”, або “ахвярны дар”. І як хлеб – гэта асноўная, штодзённая ежа чалавека, так “харчаваннем” для верніка з’яўляецца любоў. А калі ёсць хлеб і любоў, для перажывання дня гэтага дастаткова.
Аплаткавая сустрэча прайшла ў Шчучыне.
    На спатканні ў кляштары айцоў піяраў сабраліся міністранты, харысткі і іх бацькі.
    Святочная падзея распачалася супольнай малітвай – Вяночкам дванаццаці зорак, якую некалі запісаў св. Юзаф Каласанс, заступнік літургічнай службы алтара і моладзевага хору “Каласанс”. Сабраныя прасілі Бога аб супакоі, адзінстве і радасці ў сваіх сем’ях. Пасля падзяліліся аплаткай, складаючы адзін аднаму святочныя пажаданні. Нечакана на сустрэчу завітаў св. Мікалай, які прынёс прысутным салодкія падарункі. На заканчэнне вернікі заспявалі традыцыйныя калядныя песні.

   
    Аплаткавая сустрэча адбылася ў Смаргоні.
    У спатканні прынялі ўдзел браты салезіяне, сёстры салезіянкі, прынавіцыі, а таксама іх бацькі і родныя.
    Напачатку сабраныя паслухалі ўрывак з Евангелля, які распавядае аб нараджэнні Збаўцы. Потым разам заспявалі калядкі. Падчас дзялення аплаткай склалі адзін аднаму пажаданні і перапрасілі за крыўды. На завяршэнне рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB выказаў задаволенасць тым, што такое спатканне адбылося. Прысутныя падзякавалі за магчымасць супольнай сустрэчы і агучылі спадзяванні, што гэта не апошняя сустрэча ў падобным фармаце.
   
    Аплаткавая сустрэча для супрацоўнікаў курыі адбылася ў Гродне.
    На спатканні сабраліся як духоўныя, так і свецкія асобы. У сустрэчы прынялі ўдзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
    Святочныя віншаванні для гродзенскіх іерархаў склаў віцэ-канцлер курыі кс. канонік Антоній Грэмза. Святар пажадаў біскупам і далей весці вернікаў шляхам збаўлення. Ардынарый дыяцэзіі кс. бп Аляксандр Кашкевіч выказаў словы ўдзячнасці супрацоўнікам курыі за адданую і ахвярную службу, якую яны нясуць у Касцёле. “Няхай ваша праца будзе прыгожым сведчаннем службы Богу і чалавеку”, – пажадаў іерарх. Сабраныя падзяліліся аплаткай і склалі адзін аднаму сардэчныя пажаданні.
   
    Аплаткaвыя сустрэчы святароў Гродзенскай дыяцэзіі адбыліся ў Лідзе і Гродне.
    У спатканнях удзельнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі.
    Падчас узаемных віншаванняў біскупы дзякавалі святарам за ахвярнае служэнне і душпастырскія акцыі, якія тыя рэалізуюць у парафіяльных супольнасцях. Жадалі сіл і натхнення, згоды і міру, вернасці Богу і адкрытасці на кожнага чалавека. Ад імя ўсіх святароў дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі выказаў удзячнасць біскупу Аляксандру Кашкевічу за тое, што 25 гадоў вядзе Касцёл на Гродзеншчыне. На завяршэнне іерархі ўдзялілі прысутным пастырскае бласлаўленне.
   
Расклад запланаваных спатканняў:
    Па агульнапрынятаму звычаю ў дыяцэзіі адбываюцца аплаткавыя сустрэчы розных супольнасцей з удзелам іерархаў мясцовага Касцёла – ксяндзоў біскупаў Аляксандра Кашкевіча і Юзафа Станеўскага.
   
    5 студзеня – аплаткавая сустрэча членаў Душпастырствa студэнтаў і старэйшай моладзі “OPEN”
    19.15 – св. Імша ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі. Пасля – аплаткавае спатканне і канцэрт.
   
    7 студзеня – аплаткавая сустрэча студэнтаў катэхетычных курсаў пры аддзеле навучання і выхавання Гродзенскай курыі
    17.00 – св. Імша ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі. Пасля – аплаткавае спатканне і тэатральнае прадстаўленне ў будынку біскупскай курыі.
   
    8 студзеня – аплаткавая сустрэча членаў Душпастырства настаўнікаў і выхавацеляў
    16.00 – св. Імша ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі. Пасля – аплаткавае спатканне.
   
    9 студзеня – аплаткавая сустрэча манаскіх сясцёр, якія нясуць паслугу ў Гродзенскай дыяцэзіі
    10.00 – адарацыя, канферэнцыя, св. Імша ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі. Пасля – аплаткавае спатканне.
   
    15 студзеня – аплаткавая сустрэча членаў Душпастырства цвярозасці
    9.00 – св. Імша ў лідскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа. Пасля – аплаткавае спатканне ў Доме культуры.
   
    15 студзеня – аплаткавая сустрэча членаў Душпастрыства службы аховы здароўя
    16.00 – св. Імша ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі. Пасля – аплаткавае спатканне.
   
    15 студзеня – аплаткавая сустрэча Душпастырства чыгуначнікаў
    12.00 – св. Імша ў гродзенскім касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля. Пасля – аплаткавае спатканне.