1 лістапада – урачыстасць Усіх Святых

Хрысціянскія традыцыі

Кожны мае права
   быць святым

    У гэты дзень Касцёл успамінае ўсіх тых, хто выконваў у сваім жыцці Божую волю і атрымаў за гэта вечнае шчасце побач з Панам. Гаворка не толькі аб прызнаных святых (беатыфікаваных і кананізаваных), але і аб усіх памерлых верніках, якія ўжо дасягнулі збаўлення. Яны могуць не мець свайго месца на алтарах, у Імшале, літаніі, але ўжо знаходзяцца ў небе. Таму дзень Усіх Святых яшчэ можна параўнаць з Магілай невядомага салдата. Сімвалічнае пахаванне, што крые цела ананімнага байца, з’яўляецца месцам памяці безыменных герояў. Падобным чынам 1 лістапада праслаўляем “неафіцыйных” святых: не вынесеных Касцёлам да хвалы алтара, але ўзнесеных Панам у неба. Іх поўны спіс вядомы толькі Усемагутнаму.
    Гэтая ўрачыстасць павінна пабуджаць чалавека да разважання, як імкнуцца да святасці. Бо кожны, хто праз сакрамант святога хросту стаў дзіцём Пана Бога, запрошаны рэалізаваць у жыцці Яго словы: “Асвячайце сябе і будзьце святымі, бо Я святы, Пан, Бог ваш!” (Лев 20, 7).
    Святы той, хто любіць Бога і блізкіх, сумленна і старанна выконвае сваю працу з той кампетэнтнасцю, на якую ў дадзены момант здольны, жыве Евангеллем не ў прыгожых словах, а ў канкрэтных учынках. Дасягнуць святасці можа кожны. Трэба толькі браць прыклад з Езуса Хрыста і жыць так, як Ён вучыў, кіруючыся любоўю, супакоем, прабачэннем.