Велікапосныя пастановы 2015 – вялікі час працы над сабой

Хрысціянскія традыцыі

У Папяльцовую сераду ў каталіцкім Касцёле распачаўся перыяд Вялікага посту. Літургія гэтага дня заахвочвала спыніцца ў штодзённай мітусні і засяродзіцца над уласным жыццём. Як кожны год, тысячы вернікаў ва ўсім свеце на бліжэйшыя 40 дзён узялі пастановы, якія павінны дапамагчы ўпарадкаваць жыццё.
З чым у першую чаргу ў нас атаясамліваецца перажыванне Вялікага посту? Рашучая большасць адкажа, што з адмовай ад чагосьці. Гэта праўда, бо не без прычыны кажуць, што няма веры без ахвяры. Але гаворка не ідзе пра мазахістычныя пакуты праз сілу ці пра навязаныя кімсьці абмежаванні, але пра пэўнае добраахвотнае намаганне, якое павінна прынесці добры плён і дапамагчы стаць бліжэй да Езуса Хрыста.
    Св. Павел гаварыў пра ўтаймаванне свайго цела і “ўзяцце яго ў няволю”. Безумоўна, велікапосныя пастановы – гэта пэўная барацьба паміж целам і духам, і яе мэта – паказаць: здольны чалавек быць гаспадаром самому сабе ці, аднак, цела, якое часта мае не зусім добрыя жаданні, кіруе чалавекам
Сярод найбольш частых пастаноў можна вылучыць адмову ад салодкага, алкаголю, абмежаванне ў праглядзе тэлевізара. Некаторыя на гэта ўсміхнуцца, некаторыя зададуць пытанне: колькі гадоў запар можна адмаўляць сабе ў шакаладзе? У чым сэнс не есці чагосьці? Яны не лічаць, што адмова ад салодкага ці ад камп’ютарных гульняў мае нейкую сувязь з рэлігійнасцю. Але для тых, хто рашыўся адмовіцца ад такіх рэчаў, не ў ежы справа. Для іх на першы погляд нязначныя ахвяры маюць глыбокі сэнс – яны з’яўляюцца імпульсам да змен, каб стаць лепшым чалавекам.
    Сярод вернікаў, якія хочуць плённа перажыць перыяд Вялікага посту, ёсць таксама тыя, для каго сэнс гэтага часу выходзіць па-за межы праблемы харчавання. Яны стараюцца больш часу прысвяціць сябрам, сям’і, унутрана суцішыцца, рэгулярна маліцца і ўдзельнічаць у набажэнствах – адным словам, узяць пастанову, што служыць духоўным зменам.
    Што ж, кожны “посціць” па-свойму, але самае важнае, каб чалавек заўважыў свае недахопы і шчыра захацеў пазбавіцца ад іх, каб зразумеў, што Вялікі пост з’яўляецца часам, падораным нам спецыяльна для таго, каб штосьці змяніць у сваіх паводзінах, каб знайсці месца для Бога ў сваім сэрцы і ў сваім штодзённым жыцці.
   
    Ад якіх прыемнасцей адмаўляюцца карыстальнікі інтэрнэта?
    Спрэчкі аб велікапосных пастановах адбываюцца не толькі падчас рэкалекцый ці размоў з ксяндзом. Асобы, якія карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі, актыўна выказваюцца на гэтую тэму. Так карыстальнікі Твітэра склалі спіс прапаноў пакаянных практык. 21 тысяча “твітаў” уключае прапановы адмовіцца ад пэўных прыемных рэчаў у межах велікапосных пастаноў. Найбольшай папулярнасцю карыстаецца ежа – галоўным чынам ласункі і іншыя закускі. Акрамя гэтага, дастаткова распаўсюджана адмова ад ужывання тэхналагічных гаджэтаў. З’явіліся таксама жартоўныя прапановы. Ніжэй пададзены дваццаць самых частых варыянтаў:


Прапанова
Шакалад
Алкаголь
Твітэр
Сацыяльныя СМІ
Праклёны
Школа
Салодкасці
Салодкія напоі
Кава
Фастфуд


Твітаў
1143
681
645
501
364
357
333
280
257
253


Прапанова
Чыпсы
Мяса
Хлеб
Джанк-фуд
Секс
Фэйсбук
Пост
Піца
Пірожныя
Хатнія працы


Твітаў
253
251
196
184
150
148
134
116
113
108


Гаворачы пра інтэрнэт-карыстальнікаў, якія акрамя таго, што націскаюць на клавіятуру, часта з’яўляюцца вельмі веруючымі людзьмі, нельга абмінуць іх каштоўную падказку, ці, хутчэй, заахвочванне, адрасаванае самым забеганым і ўвесь час занятым людзям: карыстацца разважаннямі і рэкалекцыямі ў інтэрнэце ці на радыё, якія можна слухаць па дарозе на вучобу, на працу або проста дома. Яны напэўна дапамогуць сфарміраваць волю, паверыць у сябе, а таксама паглыбіць адносіны з Богам.


Як большасць “касцёльных” дзяцей, некалі на час посту я адмаўлялася ад салодкага і прагляду серыялаў, будучы падлеткам, посціла на хлебе і вадзе па пятніцах і серадах, сёння ж я ні ад чаго не адмаўляюся на час посту.

   
 Людміла Бурлевіч   Тэлебачання я не гляджу ўжо больш за 10 гадоў, а калі не ем больш чым палову дня, мне пачынае балець галава. Мне не падабаюцца людзі, якія адмаўляюцца ад нечага падчас посту, але ў той жа час з імі немагчыма размаўляць у гэты перыяд, бо яны злыя і нарвовыя, таму што проста галодныя...
    Я раблю іншыя пастановы. Гэта можа быць большае ахвяраванне на карысць патрабуючых, хворых дзяцей, якіх, на жаль, у нашым грамадстве дастаткова шмат; наведваю сяброў, якіх даўно не бачыла; высылаю паштоўкі; стараюся старанней выконваць штодзённую працу і зрабіць тое, што даўно адкладваю; размаўляю з жабракамі на вуліцах Мінска, а калі лічу, што тое, на што яны збіраюць грошы, вартае – даю ім іх або купляю хлеб ці лекі (бывае, што гэтым людзям дастаткова простай размовы, спачування і ўсмешкі). Я не адмаўляюся ад чагосьці яшчэ па адной прычыне. Раней здаралася, што калі не стрымлівала пастанову, я пачынала сябе ненаві- дзець, прыніжаць сябе ва ўласных вачах... А гэта дрэнна. Нянавісць ніколі не бывае добрай. Кажуць, што трэба ненавідзець грэх, але я слабая, таму не ўмею аддзяляць грэх ад чалавека. Калі я спрабую ненавідзець грэх, я аўтаматычна пераходжу на асобу: ці на сябе, ці на кагосьці іншага.
   
    Таму мая пастанова на Вялікі пост і ўвогуле на жыццё – не дазволіць нянавісці пасяліцца ў душы, больш любіць і дапамагаць у гэтым іншым. А ці ўдаецца мне гэта – Бог таму Суддзя.

Сёлета ўспрымаю Вялікі пост як шанс вярнуцца да каранёў, гэта значыць да Бога.

   
Марына Харэвіч На жаль, з дакладнымі пастановамі я пакуль так і вызначылася, а таму прыняла тое, што відавочна мне будзе карысна. Пастановы мае простыя, але ўсё ж ва ўсіх ёсць выключэнні, хоць я і разумею, што важна ў пастановах менавіта трываласць. Каб крыху фізічна адчуць устрыманне, стараюся не есці мяса, хаця ў гасцях ці там, дзе гатую не сама, ем тое, што даюць. Ад салодкага, на жаль, адмовіцца не магу, бо гэта асноўная частка майго рацыёну. Напэўна, галоўнай пастановай было вярнуць у сваё жыццё стабільную малітву ранкам, увечары і цягам дня, але пакуль раблю толькі малыя поспехі ў гэтым накірунку – дзень на дзень не прыходзіцца. Яшчэ адзін важны момант – змаганне за цішыню (каб вызваліць месца для Бога). Дзеля гэтага стараюся ў сацсеткі і пошту заходзіць толькі па неабходнасці (па працы ці па справе), а таксама слухаць менш музыкі. Цяпер для мяне гэта асабліва цяжка, бо я пачала хадзіць на заняткі танцаў, адпаведна хочацца дома паслухаць тэматычную музыку. Хоць цалкам яе не выкідаю са свайго жыцця, імкнуся, каб яе было меней. Другая справа – гэта імпрэзы, на якіх збіраюцца мае “калегі” па танцах і дзе вучацца танцаваць хутчэй, чым на звычайных уроках. Але пакуль і гэтыя вечарыны для мяне закрытыя. І хоць адмова ад гучных забаў – гэта відавочны выбар, у цяперашні перыяд ад мяне гэтае адрачэнне патрабуе больш. Ну, і яшчэ адна даволі асабістая пастанова – спрабую шукаць сябе і імкнуцца быць сабой: адкрываць менавіта свае жаданні, эмоцыі, памкненні. Калі сказаць коратка, то спрабую адкрыць сябе і наблізіцца да Бога.
   
    Можа, таму што пастаноў шмат і пакуль яны не надта канкрэтныя, я выконваю іх праз раз, хаця імкнуся да большага пастаянства.