Усё пачынаецца з хросту

Хрысціянскія традыцыі

Уа. Андрэй  Юхневіч маі мінулага года рэдакцыя каталіцкага партала Сatholic.by распачала вельмі цікавы праект, дзе даюцца адказы на пытанні, якія датычаць веры і цікавяць як практыкуючых католікаў, так і тых, хто ўпершыню заглядвае ў касцёл. Арганізаваны рэдакцыяй партала лікбез дапамагае многім людзям знайсці патрэбныя адказы. Святлана Жылевіч, якая вядзе рубрыку, з пытаннямі на тэму сакраманту хросту звярнулася да а. Андрэя Юхневіча ОМI. Дарагія Чытачы, заахвочваем Вас пазнаёміцца з сакрамантам хросту.
Ці трэба хрысціць чалавека, які не ведае, ці быў ахрышчаны ў дзяцінстве?
    Сакрамант хросту, здзейснены адзін раз, не можа быць паўтораны для ўжо ахрышчанага чалавека (пар.: Can. 845 §1). Калі існуе сумненне ў тым, ці нехта быў ахрышчаны або ці годна быў удзелены хрост, і калі сумненне застаецца нават пасля правядзення сумленных даследаванняў у гэтай справе, трэба ўдзяліць “умоўны хрост” (пар.: Can. 869 §1). У такім выпадку форма хросту гучыць так: “N., калі ты не быў/была ахрышчаны/-ая, я цябе хрышчу ў імя Айца і Сына, і Духа Святога”.

Факт, што ў большасці выпадкаў чалавек атрымлівае хрост у дзяцінстве, паказвае, што гаворка ідзе пра Божы дар: ніхто асабістымі сіламі не заслужвае вечнага жыцця. Божая міласэрнасць, якая скасоўвае грэх і дазваляе перажываць ва ўласным існаванні “тыя ж думкі, што і Хрыстус Езус” (Флп 2,5), даравана чалавеку з чыстай ласкі. Таму хрост – гэта не абрад з мінулага, а сустрэча з Хрыстом, якая фарміруе ўсё існаванне ахрышчанага, дае яму Божае жыццё і заклікае да шчырага навяртання, выкліканага і падтрыманага ласкай, што вядзе яго да дасягнення сталай паставы Хрыста.
Бенедыкт XVI

    Чаму ў каталіцызме неабходна хрысціць у дзяцінстве?
    Бацькі хочуць даць дзецям найлепшае. Хрост – гэта найцудоўнейшы падарунак: дзіця становіцца “ўшчэпленым” у жывы арганізм Хрыста, пачынае жыць Яго “сокамі”, маленькае зярнятка веры засейваецца і пачынае прарастаць. Ужо першыя хрысціяне цэлымі сем’ямі хрысціліся, напрыклад “дом Карнэлія” (пар.: Дз 10, 48), значыцца, дзеці таксама.
   
    У колькі месяцаў хрысціць дзіця?
    Раней, калі смяротнасць нованароджаных была высокай, хрысцілі ў некалькі дзён пасля нараджэння (3–5 дзён). Цяпер, калі ўзровень жыцця палепшыўся, бацькі чакаюць даўжэй. Касцёл узгадвае, што бацькі абавязаны хрысціць сваё дзіця “ў першыя тыдні” жыцця. І нават перад нараджэннем яны павінны прыйсці да пробашча сваёй парафіі і папрасіць хросту, каб адпаведна да яго падрыхтавацца (Can. 867 §1).
   
    Ці можа быць ахрышчана дзіця сужэнцаў, якія не маюць сакраманту шлюбу?
    Бацькі і хросныя бяруць адказнасць за веру дзіцяці і яе развіццё, таму яны павінны жыць адпаведным спосабам. У час хросту (ад імя дзіцяці) яны адракаюцца ад граху, ад усялякай прычыны граху і ад сатаны. Калі яны працягваюць жыць у граху, то выходзіць, што хлусяць! Практыка стварылася наступная: дзіця невінаватае, таму мае права і павінна быць ахрышчана. Але, калі няма да таго перашкод, бацькі інтэнсіўна заахвочваюцца да прыняцця сакраманту сужэнства. Можа, нават і на адной урачыстасці: шлюб бацькоў і хрост дзіцяці.
   
    У якім выпадку святар можа адмовіць у хросце?
    У выпадку, калі няма ўпэўненасці ў рэлігійным выха­ванні дзіцяці – г.зн. ні бацькі, ні хросныя не могуць забяспечыць рэлігійнага выхавання дзіцяці.
   
    Ці могуць быць хроснымі вернікі іншых канфесій, рэлігій?
    Ахрышчаны, які прыналежыць да некаталіцкай касцёльнай супольнасці, можа быць дапушчаны толькі разам з хросным католікам і гэта толькі ў характары сведкі хросту. Вернік іншай рэлігіі (нехрысціянін) не можа быць хросным (пар.: Can. 874 §2).
   
    Ці могуць быць хроснымі муж і жонка?
    Могуць, калі гэта не бацькі прымаючага хрост.
   
    Ці можна ахрысціць без хросных ці з адным хросным?
    У абставінах пагрозы смерці можна ахрысціць без хросных (пар.: Can. 867 §2). У звычайных абставінах належыць выбраць хроснага або хросную, або абоіх разам (пар.: Can. 873).
   
    Ці могуць быць хроснымі самі бацькі?
    Як узгадана вышэй, бацькі прымаючага хрост не могуць быць хроснымі.
   
    Ці можна быць хросным некалькіх дзяцей?
    Калі няма іншай магчымасці, можна. Важна, каб была магчымасць спадарожнічаць хрысціянскаму жыццю ахрышчанага, каб ён мог весці хрысціянскае жыццё, адпаведнае прынятаму сакраманту, і верна выконваць звязаныя з ім абавязкі (пар.: Can. 872).
    Я чуў ад старэйшай жанчыны, што пасля бальшавіцкіх рэпрэсій і пасля вайны ў Мінску не было святароў. Святар прыязджаў рэдка і толькі на адзін або два дні. Тады ён хрысціў ад раніцы да ночы. Было і так, што закрыстыянін і нейкая бабуля былі хроснымі для натоўпу людзей, якія пасля вайны не мелі магчымасці ахрысціцца. Аднак жа, гэта ў асаблівым выпадку.
   
    Ці можна адмовіцца ад хрос­ных і абраць новых, калі першыя пачалі весці амаральнае жыццё?
    Хросны не выбіраецца нанова. Ён сведка моманту хросту.
   
    Што падарыць хрэсніку?
    Найлепшы падарунак – прысутнасць у жыцці і прыклад добрага, здаровага хры­сціянскага жыцця, радасных суадносін з Езусам. Гэтага нішто (цацкі, камп’ютар, веласіпед) не заменіць.
   
    ДЛЯ ІНФАРМАЦЫІ:
   
    Як узнік сакрамант хросту?
    “Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога” (пар.: Мц 28, 19), – гэтымі словамі Пан Езус устанавіў першы з сямі сакрамантаў – сакрамант святога хросту.
   
    Для чаго патрэбен хрост?
    Праз святы хрост Пан ачышчае нас ад заганы першароднага граху, адпускае ўсе правіны, учыненыя да хросту, удзяляе надпрыродны дар Божай асвячальнай ласкі, адраджае да новага жыцця дзяцей Божых, акрамя таго, праз хрост асоба далучаецца да супольнасці народу Божага – Касцёла. Толькі пасля прыняцця хросту мы можам прымаць іншыя сакраманты (канфірмацыя, Эўхарыстыя, пакаянне, намашчэнне хворых, пасвячэнне, сужэнства).
    Сакрамант хросту звычайна ўдзяляе святар альбо дыякан, а ў выпадку небяспекі смерці, калі няма святара, ахрысціць можа кожны чалавек.
    Пажадана, каб імя, якое даецца пры хрышчэнні, было імем святога альбо святой, каб ахрышчаны меў прыклад для наследавання і свайго заступніка ў Бога.
    Хрост – гэта толькі пачатак, які патрабуе далейшага развіцця веры і жыцця паводле яе. Гэта абавязак бацькоў, хросных і самога ахрышчанага.
   
    Як падрыхтавацца да хросту?
    Бацькі абавязаны прыйсці ў касцёл на размову са святаром, каб абмеркаваць усе пытанні адносна хросту дзіцяці. Яны павінны прынесці пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці і свае пашпарты і прадставіць кандыдатаў на хросных бацькоў. Хросту папярэднічае спецыяльная падрыхтоўка – заняткі па рэлігіі.
   
    Навошта хросныя бацькі?
    Для кожнага дзіцяці бацькі выбіраюць хросных маці і бацьку. Яны дапамагаюць бацькам у выхаванні дзіцяці ў веры і паводле хрысціянскай маралі. Падчас хросту вызнаюць веру, таму ў якасці хросных бацькоў не могуць выступаць асобы, якія не могуць шчыра вызнаць сваю веру.
   
    Хто можа быць хросным?   
   Выконваць заданні хроснага ў каталіцкім Касцёле можа той, хто:
    вызначаны прымаючым хрост або праз яго бацькамі (выхавацелямі), а калі іх няма – пробашчам ці ўдзяляючым сакрамант, і мае адпаведныя да таго здольнасці, а таксама намер выконваць гэтае заданне;
   • мае 16 гадоў (калі няма іншай пастановы біскупаў дыяцэзіі) або, па слушнай прычыне, пробашч ці ўдзяляючы сакрамант можа зрабіць выключэнне;
   • католік, пасля прыняцця Першай Камуніі і сакраманту канфірмацыі (бежмавання), які вядзе жыццё, згоднае з верай і адпаведнае функцыі, якую мае выконваць;
   • свабодны ад кананічнай кары;
   • не з’яўляеццца бацькам або маці прымаючага хрост.
    Кожны іншы не можа быць хросным (пар.: Can. 874 §1).
   
    Пасля ўдзялення хросту бацькі, удзячныя Богу і верныя сваім абавязкам, павінны давесці дзіця да пазнання Бога, навучыць маліцца, прыводзіць на заняткі рэлігіі і падрыхтаваць да Першай святой Камуніі і сакраманту канфірмацыі.

Свае заўвагі і пытанні дасылайце на адрас рэдакцыі Сatholic.by: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript .