Святое Пісанне: паглыбленне ў малітву

Хрысціянскія традыцыі

Вялікі пост з’яўляецца часам падрыхтоўкі да вялікай ахвяры Божага Сына – зневажання і смерці на крыжы за грахі чалавецтва. Гэта таксама час чакання трыумфу Езуса Хрыста над смерцю – Змёртвыхпаўстання. “Няхай пост, міласціна і малітва дапамагаюць нам адкрываць сэрцы на плён велікоднай справы Хрыста”, – кажа Бэнэдыкт XVI у разважаннях на перыяд Вялікага посту. Сярод гэтых велікапосных разваг давайце звернем асаблівую ўвагу на малітву. Малітвы заўсёды не хапае. Часта лягчэй вытрымаць пост, а нават зрабіць дабро людзям, якія гэтага патрабуюць, чым памаліцца. Часта малітва прымае выгляд механічнага і бяздумнага паўтарэння пацераў, фізічнай прысутнасці на малітве, але духоўнай адсутнасці на ёй. Часам святыя сакрамэнты таксама не прыцягваюць належнай увагі людзей. Хрышчэнне, канфірмацыя, шлюб – усё гэта становіцца традыцыяй, пазбаўленай значэння для яе ўдзельнікаў.
    Мы можам умацаваць і паглыбіць малітву веданнем Божага слова. Чалавек, які ведае, што праўда з’яўляецца такой, а не іншай, захавае гэтыя веды назаўсёды. Святое Пісанне заключае ў сабе шмат правіл і ўказанняў. Чытанне Святога Пісання - гэта магчымасць задумацца над уласным жыццём. Таму веданне Божага вучэння, змешчанага ў Святым Пісанні, дапаможа нам дайсці да Бога. Біблія вучыць нас малітве да сапраўднага Бога.
Штодзённа падчас Эўхарыстыі мы чуем урыўкі з Бібліі, аднак рэдка чытаем яе дома. Што сёння чытае наша моладзь? Кнігі, лёгкія для ўспрымання, неабцяжараныя сур’ёзнымі ідэямі. Дзеянне, фантазія, стыль жыцця – больш нічога ў гэтых кнігах няма. Аднак іх герояў пераймаюць. Гары Потэр, Бэла Свон і шмат іншых выдуманых ідалаў моцна ўплываюць на жыццё дзяцей і моладзі. Але большасць сучасных маладых людзей чытае толькі ў школе ці ў навучальнай установе. Тэлебачанне, камп’ютар, дыскатэка, бар, забавы забіраюць вельмі шмат часу, настолькі шмат, што яго не хапае нават на сон. Дарослыя чытаюць часцей, але звычайна часопісы і газеты, якія расказваюць цікавыя гісторыі, своечасова пра што-небудзь інфармуюць, выказваюць сенсацыйныя гіпотэзы. Усё гэта праз тыдзень забываецца. Грамадства жыве сённяшнім днём, не азіраючыся ў мінулае і без мараў аб будучым. А варта спыніцца, падумаць аб сэнсе ўласнага жыцця. Бо гады мінаюць, а навяртанне ў апошнюю хвіліну з’яўляецца часта навяртаннем з-за страху перад смерцю.
    Святое Пісанне з’яўляецца найбольш каштоўнай крыніцай сведчанняў аб стварэнні Зямлі, аб Божай любові да нас, аб гісторыі Касцёла, крыніцай фарміравання вернікаў. Чытанне і абдумванне тэкстаў Святога Пісання – найлепшы спосаб фарміравання самога сябе. Святое Пісанне надае сэнс малітве, бо са старонак гэтай Святой Кнігі мы пазнаём прынцыпы жыцця верніка. Святое Пісанне растлумачвае значэнне розных касцёльных традыцый, акрэслівае адносіны паміж паламі і пакаленнямі. Біблія вучыць любові і міласэрнасці, справядлівасці і праўдзе, заахвочвае дапамагаць бліжняму.
    Новы Запавет расказвае нам аб місіі Езуса Хрыста, Божага Сына. Давайце падчас Вялікага посту сканцэнтруем нашу ўвагу на вучэнні Хрыста, на Яго 40-дзённым прабыванні ў пустыні, на тым, што Ён ахвяраваў жыццё з любові да людзей. Да сваёй місіі Езус быў падрыхтаваны постам, у час якога Яго спакушаў д’ябал. Так і мы падчас Вялікага посту павінны адрачыся ад зла, паглыбіцца ў разважанні і ўсвядоміць, што перш за ўсё мы з’яўляемся Божымі дзецьмі. Пазнаючы Божае вучэнне ў Святым Пісанні, мы вучымся малітве. Малітве, якую свядома скіруем да нашага Творцы.
    Я спытаў у знаёмых, якія чытаюць Святое Пісанне, што для іх значыць Біблія? Мой сябар Павел адказаў наступным чынам: “Я лічу, што Біблія з’яўляецца пасланнем Бога, звернутым непасрэдна да мяне. Бог хоча, каб кожны вернік жыў такім жыццём, якое б Яму падабалася. Ён хоча, каб я станавіўся падобны да Яго Сына Езуса Хрыста. (“Бо тых, якіх Ён спрадвеку пазнаў, тых Ён прызначыў стацца падобнымі да вобразу Сына Свайго, каб Ён быў першародным між многімі братамі” (Рым 8, 29). І праз сваё Слова Ён гаворыць мне, што я павінен змяніць у сабе, у якім напрамку мне трэба над сабой працаваць, каб стаць больш падобным да Езуса. У руках Бога Біблія з’яўляецца інструментам, якім Ён указвае мне на мае недахопы (“Бо жывое слова Божае і дзейснае, і вастрэйшае ад усякага мяча двусечнага, і пранікае ажно да раздзялення душы і духа, суставаў і мозга касцей, і судзіць думкі і намеры сэрца” (Геб 4, 12). Праз Біблію Бог не толькі асуджае мяне, але і падбадзёрвае. У Бібліі я знаходжу словы падтрымкі, парады для набожнага жыцця. Выконваючы словы, напісаные ў Бібліі, я бачу, як маё жыццё змяняецца ў лепшы бок. Такім чынам, праз Біблію я атрымліваю Божае блаславенне”.
    Алеся прызналася мне, што спачатку ёй было вельмі цяжка зразумець сэнс біблейскіх тэкстаў (Алеся чытала Святое Пісанне па-руску). Аднак разумеючы важнасць Божай навукі, яна ўсё часцей вярталася да чытання Святога Пісання. Ёй вельмі дапамог прыклад сяброў, а ў апошнія гады – стаўленне мужа, які няспынна заахвочвае яе да актыўнага ўдзелу ў рэлігійным жыцці. Іншая мая знаёмая – Галіна – звярнулася да Святога Пісання ва ўзросце 30 гадоў. Яна прачытала Біблію па-польску, а затым – па-руску. Яе вельмі натхніла прачытанае, а ў канцы 90-х гадоў яна наведала Рым. Цяпер яна манаская сястра. Святое Пісанне стала для яе крыніцай навяртання і веры.
    На жаль, большасць маіх знаёмых не чытае Святое Пісанне. Некаторым не хапае часу, для іншых дастаткова таго, што яны ведаюць. Ёсць і такія, хто не верыць. Яшчэ іншыя гавораць, што вераць, але не чытаюць Святое Пісанне і лічаць дастатковым толькі некалькі разоў у год прыйсці ў касцёл.
    Такім чынам, знаёмства з Божым словам на старонках Бібліі з’яўляецца малітвай, бо чалавек сягае да вытоку, на якім абапіраецца наша вера.
    Я спадзяюся, што гэтае заахвочванне чытаць Святое Пісанне не будзе надарэмным.