Богу была неабходна Марыя і неабходны мы

Літургія - Хрысціянскія традыцыі

Урачыстасць Звеставання Пана адзначаем 25 сакавіка.
“Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус” (Лк 1, 30–31).
Дзень Звеставання не быў нейкім выпадковым днём. Магчыма, Марыя, тады яшчэ зусім маладая дзяўчына, здзівілася, што стане мамай, але Божыя планы перавышаюць чалавечыя.
Святы Павел гаворыць пра прыйсце Езуса ў свет як пра поўню часу. Бог доўга чакаў зручнага моманту, каб паслаць арханёла Габрыэля да Марыі. Яе заслуга ў тым, што на такую шакіруючую навіну адказала “так” – “няхай будзе паводле Твайго слова, няхай будзе воля Твая, Божа”. Дзякуючы гэтаму адказу Езус змог зачацца і прыйсці ў свет.
    Дзень Звеставання паказвае нам прыгожую рэчаіснасць нашай веры – Езус, Сын Божы, становіцца прысутным і бачным на зямлі дзякуючы таму, што Марыя выражае згоду на гэта. Яе адказ паказвае нам важнае вымярэнне перажывання веры. Гэта чалавечае рашэнне, свабодны адказ на Божую прапанову. Бог – той, хто выходзіць з ініцыятывай, але чалавек вольны выбіраць і прымаць Божую прысутнасць у сваім жыцці. Марыя, хоць і не да канца разумела, што азначаюць словы, сказаныя анёлам, даверылася і адгукнулася на запрашэнне. Гэта было Яе асабістае рашэнне веры.
    Св. Ян Павел ІІ у адной са сваіх гамілій згадаў крыж, які знаходзіўся ў семінарыі ў Кракаве, калі ён быў кардыналам. На тым крыжы была фігура Езуса Хрыста, але дзіўная фігура – без рук. Семінарысты цікавіліся, чаму Езус прадстаўлены такім чынам. Ксёндз прэфект адказаў тады маладым людзям, што гэты крыж і Езус без рук павінны нагадаць усім, хто будзе глядзець на яго, што Збаўцу патрэбны рукі чалавека, каб ратаваць свет.
    Богу патрэбна была Марыя, каб Езус мог адкупіць нас. Гэтак жа Богу патрэбны рукі і жыццё кожнага чалавека, кожнага з нас, каб тут, на зямлі можна было заўважыць Яго прысутнасць. Таму гэтая ўрачыстасць з’яўляецца для нас асаблівым запрашэннем аддаць Усемагутнаму ў распараджэнне свае рукі, свой час, свой розум, каб людзі, якія шукаюць Бога або жывуць так, як быццам Яго не існуе, змаглі адчуць Божую прысутнасць. Гэтая ўрачыстасць паказвае нам яшчэ адну важную ісціну. Распазнанне прысутнасці Бога ў нашым жыцці не з’яўляецца справай адной хвіліны. Ён дзейнічае пастаянна і тонка выяўляе сваю прысутнасць. Мы часта думаем, што Бог маўчыць, таму што нашы ўзнесеныя ў малітве просьбы, нават самыя шчырыя і гарачыя, застаюцца нявыслуханымі.
   Спосаб дзеяння Бога прадугледжвае час падрыхтоўкі. Перш чым мы зможам у поўнай меры ўбачыць Яго прысутнасць, Ён рыхтуе акалічнасці і прастору, каб аб’явіцца. Таму не варта адчайвацца ў малітве і сумнявацца, калі мы не можам адразу заўважыць Божую прысутнасць у нашым жыцці, або не да канца разумеем Божыя планы адносна нас і нашых блізкіх.
   
Урачыстасць Звеставання Пана нагадвае нам пра момант, калі Езус – наш Збаўца – пачынае сваё жыццё пад сэрцам Марыі.

    Марыя не малілася аб тым, каб стаць Маці Езуса. Яна проста малілася, жыла ў глыбокай блізкасці з Богам. Падчас малітвы Ёй з’явіўся анёл. Не Яна выбрала месца і час, а Бог. На працягу свайго жыцця Марыя паступова адкрывала, кім з’яўляецца Яе Сын: у дзень Звеставання, калі Езусу было дванаццаць гадоў і Ён згубіўся ў храме; калі ва ўзросце трыццаці гадоў Ён пакінуў родны дом і пачаў навучаць; калі Яна кленчыла з разарваным сэрцам пад крыжам; калі ўбачыла Яго ўваскрослым. Гэтае адкрыццё адбывалася на працягу ўсяго жыцця Марыі. А пачатак быў нібы нябачны – у дзень Звеставання.
    Тое ж самае і ў нашым жыцці. Бог становіцца бачным для нас на працягу ўсяго зямнога жыцця. Можам заўважыць Яго прысутнасць у розных падзеях і сітуацыях. Давайце прасіць аб умацаванні нашай веры, каб мы маглі ўсвядоміць прысутнасць Бога ва ўласным жыцці, як гэта зрабіла Марыя ў дзень свайго Звеставання.