XXVIII Нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Марка

Калі Езус выру­шыў у дарогу, падбег да Яго адзін чалавек, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: “Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?”
    Езус сказаў яму: “Чаму называеш Мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог. Ты ведаеш запаведзі: не распуснічай, не забівай, не крадзі, не сведчы ілжыва, не ашуквай, шануй бацьку свайго і маці”.
    А той сказаў Яму ў адказ: “Настаўнік, усё гэта я захоўваў з маладосці маёй”.
    Езус, паглядзеўшы на яго, умілаваў яго і сказаў: “Табе не стае аднаго, ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Тады прыходзь і ідзі за Мною”.
    А ён засмуціўся ад гэтых слоў і адыйшоў маркотны, бо ў яго была вялікая маёмасць.
    Езус паглядзеў навокал і сказаў сваім вучням: “Як цяжка будзе тым, хто мае багацце, ўвайсці ў Валадарства Божае!” Вучні ж дзівіліся словам Ягоным. Але Езус зноў сказаў ім у адказ: “Дзеці, як цяжка тым, хто спадзяецца на багацце, увайсці ў Валадарства Божае. Лягчэй вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае”.
    А яны яшчэ больш здзіўляліся і казалі адзін аднаму: “Хто ж можа збавіцца?”
    Езус, зірнуўшы на іх, сказаў: “У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма”.
    I пачаў Пётр казаць Яму: “Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою. Езус жа адказаў: Сапраўды кажу вам, няма нікога, хто б пакінуў дом свой ці братоў, ці сясцёр, ці маці, ці бацьку, ці дзяцей, ці поле дзеля Мяне і дзеля Евангелля, і не атрымаў бы ў сто разоў больш цяпер, у гэты час, дамоў, братоў, сясцёр, маці, дзяцей і палёў сярод пераследу, а ў будучым часе - жыццё вечнае”.

Mk 10, 17-30

Адкуль сярод нас - столькі смутных?

 Столькі цярплівасці праяўляе Езус да слухачоў! Столькі паблажлівасці! Ізноў столькі сумненняў з людскога боку. Юнак хоча ведаць, як дасягнуць вечнага жыцця ў яго дасканаласці. Нібы ўжо ведае, але яшчэ не да канца. Ён прытрымліваецца запаведзяў, але адчувае ўнутраны неспакой. Езус ацэньвае гэта належным чынам – паглядзеў на яго з любоўю і дае канкрэтнае ўказанне. На жаль, яно аказалася зусім не прыдатным для яго: юнак адыходзіць смутны, бо не змог развітацца з выгодамі багацце.
    Яшчэ горш атрымалася ў Езуса з апосталамі. Ён уклаў столькі сэрца, тлумачачы ім пра складанасці, звязаныя з багаццем. А які вынік? Самыя блізкія вучні нагадваюць Яму, што дзеля Яго яны прысвяцілі ўсё. А што ж атрымаюць узамен? Да гэтых пор яны не чулі пра якую-небудзь кампенсацыю… Апосталы сказалі Хрысту проста, што ані Яго асоба, ані сустрэчы з Ім не з’яўляюцца для іх вяршыняў чаканага. Яны спадзяюцца на штосьці большае…
    На гэты раз павінен быў засмуціцца Езус. Ён даў чалавеку самога сябе. Хрыстус гатовы быў за яго памерці, для яго ўваскрэс. У адказ жа чуе: ну добра, але што мы будзем з гэтага мець? Так было ў пару жыцця Езуса і апосталаў, так ёсць і сёння. Можа таму так многа ёсць сярод нас незадаволеных?

Кс. Яраслаў Грынашкевіч