XXVII Нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Марка

Падышлі фарысеі да Езуса і, выпрабоўваючы Яго, спыталіся, ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю? Ён сказаў ім у адказ: “Што наказаў вам Майсей?”
    Яны сказалі: “Майсей дазволіў пісаць разводны ліст і разводзіцца”. А Езус сказаў ім у адказ: “Дзеля жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэтую запаведзь, бо на пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і злучыцца са сваёй жонкай, і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела. Таму тое, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае.
    У доме вучні зноў спыталіся ў Яго пра гэта. Ён сказаў ім: “Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чыніць распусту ў дачыненні да яе. I калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе за іншага, чыніць распусту”.
    I прыносілі да Езуса дзяцей, каб ён дакрануўся да іх. Вучні ж дакаралі іх. А Езус, убачыўшы гэта, абурыўся і сказаў ім: “Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае. Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго. I, абдымаючы іх, ускладаў на іх рукі і благаслаўляў”.

Mk 10, 2-16

Зло, якое закранае сям’ю

 Якая са сфераў людскога жыцця з’яўляецца найбольш уражлівай на зло? Дзе можна чалавека найбольш пакрыўдзіць, найглыбей параніць? Якія з людскіх грахоў астаўляюць у душы раны, што найцяжэй гояцца? Многія з нас прызнаюцца ў тым, што самае балючае зло нясуць тыя грахі, якія закранаюць сем’і! Бо ў асяродзі сужэнства, сям’і з’яўляецца новае жыццё. Любоў і адданне адзін аднаму мужа і жонкі прымаюць удзел у стваральнай справе самога Бога! Дзіця, якое прыходзіць на свет, бяспечна сябе адчувае пад апекай чулай маці і клапатлівага бацькі. У такім асяроддзі яно расце, сталее. У клімаце бацькоўскай любові яно ўспрымае самыя важныя звесткі аб жыцці, развівае здольнасць любіць, вучыцца ахвярнасці, адказнасці. Самыя прыгожыя хвіліны жыцця звязаны з дзяцінствам і родным домам.
    А калі з-за якога-небудзь няшчасця няма аднаго з бацькоў, то тут мы маем справу з трагедыяй сіроцтва. Тады цяжка разлічваць на поўнае шчасце, вельмі складана, амаль немагчыма замяніць адсутнасць мамы ці таты.
    Чалавек быў створаны для шчасця і радасці, крыніцай чаго з’яўляецца Бог-Айцец. Гэта Ён пастанавіў, каб кожнае яго дзіця адчувала сябе бяспечна пад апекай бацькоў. Так было на пачатку стварэння і так павінна застацца, калі мы хочам, каб чалавек узрастаў да сапраўднага шчасця. Усякае зло, якое знішчае сужэнства і сям’ю, накіравана ў жыццё, якое зараджаецца, і з’яўляецца няшчасцем канкрэтных людзей і цэлых грамадстваў. Разводы, забойствы ненароджаных дзяцей, спробы замяніць Бога эксперыментамі штучнага зачацця новага жыцця - усё гэта з’яўляецца плёнам крайняга эгаізма. Ніякі чалавечы закон не можа паправіць таго, што ля пачаткаў стварэння было дасканалым.

Кс. Яраслаў Грынашкевіч