ХVIII Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

biblia

31 ліпеня – каментарый да другога чытання
(Кал 3, 1–5, 9–11)

Манаства ў свеце
   Напэўна, кожны з нас у жыцці адчуваў тое, пра што так ёміста сказаў адзін з найвялікшых настаўнікаў Усходняй Царквы св. Рыгор Багаслоў: “Адно загадвае мне цела, іншае – прыказанне; адно – Бог, іншае – зайздроснік; адно – час, іншае – вечнасць”. Таму надзвычай актуальным гучыць для кожнага хрысціяніна чытанне з Ліста да Каласянаў. Яно заклікае нас да таго, што ў царкоўнай традыцыі называецца аскезай, альбо барацьбой з пажадлівасцямі: “Таму зрабіце мёртвымі тое, што зямное ў целе вашым: распусту, нячыстасць, моцнае захапленне, дрэнныя памкненні і хцівасць, якая з’яўляецца ідалапаклонствам” (Кал 3, 5).
   З першых стагоддзяў хрысціянства вернікі імкнуліся як мага больш дасканала выканаць параду апостала. Так узнікла манаства, якое ва Усходняй Царкве займае асабліва важнае месца. Настаўнікі манаскага жыцця заклікалі сваіх паслядоўнікаў да радыкальнага выканання евангельскіх запаведзей. “Нельга лічыць мэтай пабожнага жыцця прыкрыццё ляноты альбо ўцёкі ад цяжкасцей. Наадварот, манаскае жыццё з’яўляецца нагодай для няспыннай барацьбы, вялікай працы і цярплівасці ў выпрабаваннях,” – пісаў св. Васіль Вялікі.
   Некаторыя лічаць, што манаства – гэта ўцёкі ад жыцця. Аднак гэта няпраўда. У самоце аскеты рыхтавалі сябе да больш плённага служэння бліжняму – словам, парадай, малітвай. Нездарма многія манахі часта станавіліся біскупамі, як, напрыклад, наш святы Кірыла Тураўскі. Частку свайго жыцця ён правёў у “слупе” – невялікай вежы, дзе маліўся ды вывучаў Божае слова, а потым узначаліў Царкву ў адным з самых старажытных беларускіх гарадоў.
    Аскеза – гэта прывілей не толькі для манахаў. Многія айцы-пустэльнікі заклікалі сваіх паслядоўнікаў быць “манахамі ў свеце”. І сёння кожны з нас на сваім “фронце” змагаецца з распустай, пажадлівасцю ці хцівасцю. Манаскі вопыт вучыць нас: каб дасягнуць поспехаў у барацьбе з пажадлівасцямі, трэба на першае месца ставіць малітву, бо хрысціянская дасканаласць – гэта вынік не філасофскіх разважанняў, а нашага прабывання з Богам.