Багацце малітвы
Дадзены фрагмент Евангелля гаворыць пра каштоўнасць малітвы.
У ім мы з самага пачатку бачым, як Езус “маліўся ў пэўным месцы, і калі перастаў, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Пане, навучы нас маліцца»” (Лк 11, 1). Мы не ведаем, што гэта было за месца і калі адбылася размова. На самой справе для св. Лукі гэта няважна. А важна тое, што апосталы бачаць Езуса, які моліцца. Малітва – гэта такі вялікі знак, што яны просяць, каб іх навучылі. Менавіта прыклад малітвы Хрыста фактычна з’яўляецца прычынай “святой рэўнасці” вучняў. Яны бачаць Езуса пагружаным у малітву. Не чуюць, што Ён кажа, але ведаюць, што нешта ёсць.
Кожны з нас можа адчуць, што гэта ён просіць Хрыста навучыць маліцца. І атрымлівае першую падказку: калі не ўмееш маліцца, ідзі да Пана, Ён цябе навучыць. Гэта падобна на розныя віды практык у прафесійна-тэхнічных школах. Вучні ідуць да свайго майстра, які вучыць іх, як маляваць, як класці плітку, афармляць сады, шыць вопратку і г. д. Ён перадае ім практыку. Тое самае і ў веры: не ведаеш ці не ўмееш маліцца – ідзі да Езуса і глядзі на Яго, слухай Яго, рабі тое, што робіць Ён.