ХIII Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

ewangelia_lk

26 чэрвеня – каментарый да літургіі слова
(Лк 9, 51–62)

Шукаць і рэалізаваць Божую волю
   Езус Хрыстус падчас свайго навучання на зямлі неаднаразова звяртаўся да сустрэчных людзей з заклікам: “Ідзі за Мною”. Некаторыя самі, зачараваныя Яго Асобай, пад уплывам хвіліннага энтузіязму заяўлялі: “Я пайду за Табой”. Здавалася б, менавіта такога спантаннага стаўлення Езус і чакаў. Тым часам св. евангеліст Лука запісаў незвычайны адказ, які атрымаў ад Збаўцы такі захоплены вучань. Езус выразна папярэдзіў яго аб наступствах прынятага рашэння, падкрэсліваючы цяжкасці і нязручнасці, звязаныя з выбарам шляху, які сёння свет называе хрысціянствам: “Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя – гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву” (Лк 9, 58). Гэта яскравы напамін аб тым, што вучань Хрыста на зямлі – усяго толькі пілігрым на шляху да вечнай радзімы ў Нябёсах.
   Вельмі яскрава розніцу паміж падыходам да пытання паклікання ў Старым і Новым Запавеце паказваюць імшальныя чытанні на XIII Звычайную нядзелю. Ілля дазволіў Елісею развітацца са сваімі блізкімі, перш чым яны абодва адправяцца выконваць місію, даручаную ім Богам (1-ае чытанне, 1 Вал 19, 16b, 19–21). Між тым, на па- добныя да паставы Елісея паводзіны людзей, якім сказаў “Ідзі за Мною”, Езус адрэагаваў інакш. Таму, хто хацеў “спачатку пайсці і пахаваць айца”, Ён рэзка сказаў: “Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае”. Іншаму, які хацеў, як Елісей, проста развітацца са сваёй сям’ёй, Хрыстос адказаў: “Ніводзін, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага”.
    Бог вызначае кожнаму чалавеку пэўную місію для выканання. Наша задача – пастаянна шукаць Божую волю і рэалізаваць яе ў штодзённым жыцці. Сутнасць нашага паклікання, незалежна ад таго, ці пакліканы мы жыць у сужэнстве, у манастве, у святарстве ці як самотная асоба ў свеце, – заўсёды ісці за Хрыстом. Езус не чакае ад нас паспешных, неабдуманых рашэнняў. Нікому не абяцае, што выбар Яго шляху забяспечыць лёгкае і прыемнае жыццё без клопатаў, праблем, намаганняў, пакут.