ІІ Велікодная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

biblia
Каментарый да першага чытання (Дз 5, 12–16)
Царква і малітва аб ацаленні
   Першае чытанне на Другую Велікодную нядзелю нагадвае нам пра пачаткі Царквы. Звернем увагу на тое, якое важнае месца ў станаўленні супольнасці вучняў Хрыста займаюць аздараўленні. “Праз веру ўсё больш далучалася да Госпада, мноства мужчын і жанчын, так што выносілі хворых на вуліцы і клалі іх на насілках і ложках, каб хоць цень Пятра, калі ён праходзіў, упала на каго-небудзь з іх. Сыходзілася таксама ў Іерусалім з навакольных мястэчак мноства людзей, якія прыносілі хворых і апанаваных нячыстымі духамі, і ўсе яны вылечваліся” (Дз 5, 14–16).
У візантыйскай традыцыі малітва аб ацаленні мае не толькі прыватны, але, перш за ўсё, супольны характар. Нездарма адна з назваў Святой Тайны (Сакраманту) Хворых – Сабораванне – паходзіць ад слова “сабор” – сход, з’езд. Традыцыйна яго ўдзялялі некалькі святароў, найлепш сем. Царква моліцца за нядужых і ў самыя важныя моманты Літургіі. Просьбы за хворых дадаюцца ў Літанію ўзмоцненага малення, адпаведнікам якой у лацінскім абрадзе можна лічыць Малітву верных. Яшчэ дзве ўзгадкі пра тых, хто пакутуе ад хвароб, падкрэсліваюць сувязь веры ў ацаленне з прысутнасцю Госпада ў Эўхарыстыі. Ад імя ўсёй супольнасці святар узносіць малітву пасля перамянення хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста: “Успомні, Госпадзе, падарожнікаў па моры, зямлі і ў паветры, хворых, тых, што церпяць, зняволеных – і пашлі ім збаўленне”. А ў малітве перад Прычасцем святар не толькі просіць Хрыста за нядужых, але і самога Госпада называе Лекарам: “Дык вось, Уладару, прынесеныя тут дары ўсім пароўну раздай, кожнаму паводле патрэбы: будзь з падарожнікамі па моры, зямлі і ў паветры, аздараві хворых, Лекару душ і цел”.
    Сёння ў Каталіцкай Царкве малітва за ацаленне набывае надзвычайную папулярнасць. Аднак крытыкі часта расцэньваюць яе як нейкае нетрадыцыйнае новаўвядзенне. Варта нам звяртацца да вытокаў хрысціянства, у якім малітва аб ацаленні існавала ад самага пачатку ды стварала Царкву.