V Нядзеля Вялікага посту

Разважанні з Божым Словам

ewangelia_jan
Каментарый да Евангелля (Ян 8, 1–11)
Позірк Езуса лечыць і ачышчае
   За некалькі дзён да смерці Хрыстос вымушаны яшчэ раз сутыкнуцца з чалавечай крывадушнасцю і ханжаствам. Фарысеі – спецыялісты па пошуку зла ў іншых – прывялі да Яго грэшную жанчыну, якую злавілі на чужаложстве. У Старым Запавеце чужаложства каралася смерцю (Лев 20, 10; Дрг 22, 22). Гэтае пакаранне ўжо даўно не ўжывалася.
    Але ў дадзеным выпадку яго збіраліся выкарыстаць як пастку. Што скажа Езус? Калі Ён загадае вызваліць жанчыну, то зняважыць закон і праявіць празмерны лібералізм. Калі ж загадае каменаваць яе, то акажацца нялюдскім і неміласэрным, страціць давер народа. Па задумцы фарысеяў, Хрыстос павінен быў быць дыскрэдытаваны незалежна ад адказу.
І што робіць Езус? Не асуджае жанчыну і не выносіць прысуд, хаця толькі Ён і мае на гэта права. Езус схіляецца і піша на зямлі нейкія знакі. Ён маўчыць. Маўчанне Хрыста супакойвае эмоцыі натоўпу, прагнага крыві. Маўчанне спрыяе таму, што на гэтую запалоханую жанчыну сыходзяць спакой і ласка. У маўчанні ў праўдзе пра сябе стаяць таксама фарысеі. Яны забыліся, што закон паходзіць ад Бога, таму ён з любові і павінен служыць чалавеку, а не станавіцца самамэтай. Забыліся таксама, што закон датычыць усіх. Яны бачылі чужы грэх, але не заўважалі ўласную пыху. Глыбокае маўчанне Езуса дазволіла ім прыслухацца да ўнутранага голасу, які яны душылі. Збаўца дае ім час. Гэты час неабходны, каб перавесці погляд з іншых на сябе. Каб прызнаць, што ты такі ж, а можа, нават большы грэшнік, чым чалавек, якога судзяць.
    Дзякуючы позірку Езуса, фарысеі адкрываюць праўду пра сябе. Пранікаюць унутр сябе. Жанчына таксама абавязана сваім жыццём і збаўленнем позірку Езуса, таму што ён заўсёды адкрывае тое, што ў чалавеку найлепшае і найпрыгажэйшае, і дае сілы для перамянення і святога жыцця. Гэты позірк кажа: “Я прызнаю тваё права быць тым, кім ты ёсць. Але я хацеў бы, каб ты быў тым, кім можаш быць насамрэч”.
    Давайце сузіраць позірк Езуса. Гэта дазволіць нам ачысціць свае вочы. Бо “толькі калі мы ачысцім вочы, з нашых рук пачнуць выпадаць камяні” (А. Пранцата).