VІIІ Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

ewangelia lk
Лк 6, 39–45
Езус расказаў сваім вучням такую прыпавесць: “Хіба можа сляпы вадзіць сляпога? Ці ж не зваляцца абодва ў яму? Вучань не большы за настаўніка. Але кожны добра падрыхтаваны стане такім, як яго настаўнік. Чаму ты бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ва ўласным воку не заўважаеш? Як ты можаш казаць брату свайму:
    Дай, браце, я выцягну шчэпку з вока твайго, – калі сам не бачыш бервяна ў сваім воку? Крывадушнік, выцягні спачатку бервяно са свайго вока, і тады ўбачыш, як выцягнуць шчэпку з вока свайго брата. Няма добрага дрэва, якое б прыносіла дрэнны плод, ці дрэннага дрэва, якое б прыносіла добры плод. Бо кожнае дрэва пазнаецца па ягоным плодзе: не збіраюць з церня смоквы, а з куста ажын не збіраюць вінаграду. Добры чалавек выносіць з добрага скарбу сэрца дабро, а дрэнны чалавек з благога сэрца выносіць зло, бо пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны ягоныя”.

Бачыць сябе
    Езус Хрыстус ставіць перад намі цяжкую задачу. Гэтая задача – уменне настаўляць іншага чалавека. Для некаторых людзей гэта зусім не праблема, бо яны, не міргнуўшы вокам, могуць указаць на нечыя памылкі і недасканаласці. Аднак для большасці павучанне іншых – справа нялёгкая. У хрысціянскім настаўленні неабходна ўсведамляць свае слабасці. Без пакоры немагчыма па-сапраўднаму папракнуць іншага чалавека. Маё настаўленне павінна заключацца ў тым, што, перш чым убачу недасканаласці іншага, я бачу іх у сабе.
    Павучанне брата можа быць сапраўдным, калі сам настаўнік бачыць памылкі ў сваім жыцці і хоча іх выправіць. Ілжэнастаўнік не можа стаць у праўдзе. Ён носіць маску крывадушнай дасканаласці. Не прымае, што толькі тады яго вучэнне будзе праўдзівым, калі яго жыццё будзе пацвярджаць яго словы. Таму, калі мы хочам навучыць іншых, як жыць, давайце паступаць так, каб наша жыццё было добрай падказкай для заблукалых.
   
    Пане Езу Хрысце, навучы мяне заўважаць свае недасканаласці і недахопы, а толькі пасля засяроджваць увагу іншых на іх памылках!