VI Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

ewangelia lk
Лк 6, 17. 20–26
Езус сышоў з Дванаццаццю ўніз і стаў на раўніне. І быў там вялікі натоўп вучняў Ягоных і вялікае мноства людзей з Юдэі і Іерусаліма, з узбярэжных ваколіц Тыра і Сідона. Тады Ён узняў вочы свае на вучняў сваіх і сказаў: “Шчаслівыя ўбогія духам, бо ваша ёсць Валадарства Божае. Шчаслівыя, якія цяпер галадаеце, бо насычаны будзеце. Шчаслівыя, якія цяпер плачаце, бо смяяцца будзеце. Шчаслівыя вы, калі ўзненавідзяць вас людзі, і калі адрынуць вас, і будуць зневажаць, і з-за Сына Чалавечага адкінуць імя вашае, як зло. Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода ваша ў небе. Бо так паступалі з прарокамі айцы іхнія. Але гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэнне. Гора вам, якія цяпер сытыя, бо галадаць будзеце. Гора вам, якія цяпер смяецеся, бо смуткаваць і плакаць будзеце. Гора вам, калі ўсе людзі будуць добра казаць пра вас, бо так паступалі з фальшывымі прарокамі айцы іхнія”.

Быць годным называцца шчаслівымі
    Настаўнік з Назарэта паказвае дзве рэальнасці: добрую і кепскую, светлую і цёмную. Ён бласлаўляе тых, хто бедны, галодны, хто ў роспачы, каго праследуюць. Ён таксама прамаўляе пагрозлівае “гора” тым, хто багаты, сыты, шчаслівы, кім захапляюцца.
    У святле гэтых слоў трэба ўглядзецца ў наша хрысціянства, бо і нам, вучням Хрыста, няпроста выконваць указанні Настаўніка. Мы жадаем лепш быць багатымі, насычанымі, радасна і без стрэсу жыць у славе тут, на зямлі. І забываемся, што павінны добраахвотна не прывязвацца да багацця, не дагаджаць сваім пачуццям і людской ганарыстасці.
    Мы таксама павінны быць гатовымі дзеля Езуса і Яго Евангелля на любое прыніжэнне, нягоды і нават здзекі. Калі мы, як Пан Езус, будзем клапаціцца пра ўзрастанне Валадарства Божага ў нас саміх і ў нашых сем’ях, калі, як Ён, прысвецім сваё жыццё Евангеллю, тады атрымаем бясконцую ўзнагароду, таму што “чаго вока не бачыла, і вуха не чула, і не спазнала сэрца чалавека, тое Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго” (1 Кар 2, 9).
    Гэтая ўзнагарода чакае, але там, на небе, а не тут, на зямлі. Таму, калі мы тут хочам хвалы, гонару, насычэння, багацця, пыхі, то не можам быць вучнямі Езуса з Назарэта, таму што Ён быў іншым! Ён быў пакорны, пасціўся, не шукаў грошай, не сваёй славы хацеў, але Айца, які ў нябёсах.
   
    Пане Езу Хрысце, дапамажы мне ў рэалізацыі нялёгкага мастацтва жыцця Евангеллем, каб я ступіў на дарогу Тваіх бласлаўленняў!