V Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

ewangelia lk
Лк 5, 1–11
Натоўп ціснуўся да Езуса, каб слухаць слова Божае, а Ён стаяў каля возера Генэзарэт. І ўбачыў Ён два чаўны, якія стаялі каля возера, а рыбакі выйшлі з іх і паласкалі сеткі. Увайшоўшы ў адзін з чаўноў, які належаў Сымону, папрасіў яго крыху адплысці ад берага. Тады Ён сеў і вучыў людзей з чаўна. А калі скончыў гаварыць, сказаў Сымону: “Плыві на глыбіню, а вы закіньце сеткі вашыя для ўлову”. Сымон сказаў Яму ў адказ: “Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але на Тваё слова закіну сеткі”. Зрабіўшы так, яны злавілі вялікае мноства рыбы, аж пачыналі рвацца іхнія сеткі. І ківалі супольнікам, якія былі ў другім чаўне, каб прыйшлі дапамагчы ім. Тыя прыйшлі і напоўнілі абодва чаўны, так што яны пачалі тануць. Калі гэта ўбачыў Сымон Пётр, прыпаў да каленяў Езуса і сказаў: “Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны”.
    Бо з-за ўлову рыбы, якую злавілі, вялікае здзіўленне ахапіла яго і ўсіх, хто быў з Ім, а таксама Якуба і Яна, сыноў Зэбэдэя, якія былі супольнікамі Сымона.
   Тады сказаў Езус Сымону: “Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей”. А калі выцягнулі чаўны на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.

Сустракаць мудрых людзей
    Мудрасць Пятра заключалася ў тым, што ён даверыўся Езусу. Ён разумеў, што нельга ўпарта карыстацца ўласнымі мерамі ў жыцці. Трэба ўлічваць мудрасць іншых і вучыцца ёй. Гэта каштоўны шлях удасканальвання мудрасці. Той, хто ўпарты і слепа стаіць на сваім, робіць памылкі.
    Разуменне людзей, мудрэйшых за нас, – адна з каштоўных прыкмет духа. Той, хто заўважае іх, здольны кожны дзень удасканальваць сваю мудрасць. Сустрэча з Езусам – такая падзея, якая ўплывае на гэты працэс. Патрэбны давер, патрэбна пакора, якая можа аб’ектыўна сябе вымяраць і будзе адкрыта для сустрэчы з людзьмі, мудрэйшымі за нас. Прыгожа гэта выказаў Пётр: “Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны”. На што Настаўнік адказаў: “Адгэтуль будзеш лавіць людзей”.
    Пётр атрымлівае новае пакліканне, ён павінен клапаціцца аб збаўленні людзей. Мудрасць выпраменьваецца ва ўзаемных кантактах паміж мудрымі людзьмі. Яна засвяцілася ў сэрцы Пятра на лодцы, напоўненай рыбай.
    Давайце дзякаваць мудрым людзям, якіх мы сустрэлі і сустракаем у сваім жыцці. Хай наша мудрасць расце, каб і іншыя былі ўдзячныя за тое, што сустрэлі нас на сваім шляху.
   
    Пане Езу Хрысце, дзякую Табе за кожнага мудрага чалавека, якога Ты ставіш на дарозе майго жыцця!