XXVI Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

Мк 9, 38–43. 45. 47–48
Ян сказаў Езусу: “Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяў злых духаў, і забаранялі яму, бо не хадзіў з намі”. Езус жа сказаў: “Не забараняйце яму, бо ніхто, хто ўчыніў цуд у Маё імя, не зможа адразу пачаць зласловіць Мяне. Бо хто не супраць нас, той з намі. І хто напоіць вас кубкам вады ў імя таго, што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, не страціць сваёй узнагароды. А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш было б, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора. Калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе. Лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым з дзвюма рукамі ісці ў геену, у агонь непагасны. І калі нага твая цябе спакушае, адсячы яе. Лепш табе ўвайсці ў жыццё кульгавым, чым з дзвюма нагамі быць кінутым у геену. І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго. Лепш табе з адным вокам увайсці ў Валадарства Божае, чым, маючы два вокі, быць кінутым у геену, дзе чарвяк іх не памірае і агонь не гасне”.

Сведчанне жыцця
   Умець сведчыць, асабліва самым блізкім, – вялікае мастацтва. Хто не асвоіў гэтага мастацтва, можа стаць прычынай спакусы, таксама для блізкіх. І справа не толькі ў тым, што ён пакажа дрэнны прыклад. Ён можа проста нічога не рабіць. Можа маўчаць, калі трэба гаварыць! Можа толькі гаварыць, калі неабходна дзейнічаць! Такая пастава не мае нічога агульнага з хрысціянствам. Яна часта становіцца прычынай шматлікіх спакус, а значыць, і многіх грахоў. Але Езус выразна кажа: “А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш было б, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора”.
    Рэзкія і трапныя словы Збаўцы з’яўляюцца запрашэннем да радыкальных дзеянняў. Але гаворка не ідзе пра адразанне канечнасцей або выколванне вачэй. Гаворка ідзе пра адшуканне ў асабістым жыцці таго, што перашкаджае імкнуцца да прыняцця Адкуплення Езуса.
    Хрыстос запрашае нас дазволіць Яго ласцы дакрануцца да нашага спакутаванага і неспакойнага сэрца. Каб гэта адбылося, мы павінны прыбраць са свайго жыцця перашкоды, якія не дазваляюць нам жыць паўнатой Адкуплення Езуса!
   Пане Езу Хрыстэ, дапамагай мне жыць паўнатой Твайго Адкуплення і даваць выразнае сведчанне аб Табе!