XXV Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

Мк 9, 30–37
Езус і Яго вучні выйшлі і праходзілі праз Галілею, і Езус не хацеў, каб нехта ведаў. Бо вучыў сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі людзей, і заб’юць Яго, і забіты ўваскрэсне праз тры дні. Але яны не разумелі гэтых слоў, а спытацца ў Яго баяліся.
    Прыйшоў Ён у Кафарнаум і, калі быў у доме, спытаўся ў іх: “Пра што па дарозе вы разважалі?”. Яны маўчалі, бо па дарозе разважалі паміж сабою, хто большы. Сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: “Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і ўсіх слугою”. Потым узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім: “Хто прымае аднаго з такіх дзяцей у Маё імя, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто паслаў Мяне”.

Быць першым
   Езус Хрыстус навучае сваіх вучняў найважнейшаму закону свайго валадарства – закону служэння. Ён падкрэслівае, што першынство і веліч дасягаюцца не дзякуючы прыніжэнню іншых і заваяванню іх пазіцый, а дзякуючы служэнню ўсім. Каб стаць першым, трэба ўмець заняць апошняе месца, бо не панаванне вядзе да першынства, а служэнне.
    Настаўнік з Назарэта сам дае прыклад такога стаўлення: Ён прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё за многіх. Таму што, як піша св. Павел да Філіпянаў, Езус прынізіў сябе, стаўшы паслухмяным ажно да смерці – найгоршай, прызначанай толькі для рабоў – і атрымаў у спадчыну Імя, вышэйшае за ўсе імёны.
    Узыходжанне Езуса на Божы трон з’яўляецца следствам Яго прыніжэння і прыняцця паставы слугі. Гэта правераны і бяспечны спосаб дасягнення першынства. Шлях, які ўзбагачае, не збядняючы іншых. Гэта не дарога канкурэнтнай барацьбы, а дарога любові, якая заўсёды павінна выяўляцца паставай служэння.
    Збаўца заахвочвае нас заўсёды старацца быць першымі, але не праз спрэчкі, сваркі і прыніжэнне іншых, а праз служэнне любоўю. Гэта гарантуе прыярытэт, які павінен быць нашай амбіцыяй. Езус не адмаўляе амбіцый, але паказвае іх належнае вымярэнне і належны шлях рэалізацыі.
   Пане Езу Хрысце, дапамагай мне заўсёды служыць маім братам і сёстрам: і блізкім, і выпадковым, якіх Ты штодзень ставіш побач са мной.