XXIV Звычайная нядзеля

 |  кс. Юрый Марціновіч  |  Разважанні з Божым Словам
Мк 8, 27–35
Езус са сваімі вучнямі пайшоў у вёскі Цэзарэі Філіпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы ім: “Кім людзі лічаць Мяне?”. Яны адказвалі Яму: “Янам Хрысціцелем, другія – Іллёю, іншыя – адным з прарокаў”. А Ён спытаўся ў іх: “А вы кім лічыце Мяне?”. Пётр сказаў Яму ў адказ: “Ты – Хрыстус”. І загадаў ім, каб нікому не казалі пра Яго. І пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець, і быць адкінутым старэйшымі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. І казаў пра гэта адкрыта. А Пётр, адвёўшы Яго ў бок, пачаў дакараць Яго. А Ён, павярнуўшыся і паглядзеўшы на сваіх вучняў, дакарыў Пятра, сказаўшы: “Адыдзі ад Мяне, сатана, бо ты не пра Божае думаеш, а пра чалавечае”. І, паклікаўшы натоўп разам з вучнямі сваімі, сказаў ім: “Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за мною. Бо той, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яго.

Быць верным
   Дзве тысячы гадоў таму асобу Месіі разумелі як вызваліцеля, ратаўніка з-пад рымскай акупацыі і ўлады. Ён павінен быў аднавіць страчаную свабоду. Яго перамога мусіла стаць канчатковай, несумненнай. Езус “выпраўляе” памылковае чалавечае мысленне аб ролі і задачах Месіі. Ён указвае на крыж, свае пакуты і смерць. Аднак такі вобраз быў для вучняў непрымальным. Вось чаму Пётр “дакарае” Езуса, каб не думаў так, адзначаючы, што нічога з гэтага не можа з Ім адбыцца.
    Збаўца ж паказвае, што не смерць пакладзе канец дзейнасці Месіі, а Яго ўваскрасенне. Гэта канчатковая перамога над пагібеллю, д’яблам. Ён – Езус Хрыстус – з’яўляецца Панам цэлага свету. Так выглядае Божае мысленне аб ролі Месіі для свету і ўсяго чалавецтва.
    Нам таксама трэба парваць з падобным чалавечым мысленнем пра ЕзусаМесію. Сёння існуе шмат магчымасцей, каб спазнаць, што Езус з’яўляецца Месіем. Але толькі з крыжам, на якім Ён канчаткова “пракрычаў” аб сваёй любові да кожнага чалавека.
    Пане Езу Хрысце, учыні, каб я заўсёды быў верны, а таксама паслядоўны ў жыцці і дзейнасці.