VІI Велікодная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

Ян 17, 11b–19
Езус узняў вочы свае да неба і маліўся такімі словамі: “Ойча святы, захавай іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне, каб яны былі адно, як і Мы. Калі Я быў з імі, Я захоўваў іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне. Я збярог, і ніхто з іх не загінуў, апроч сына пагібелі, каб збылося Пісанне. А цяпер іду да Цябе і кажу гэта ў свеце, каб яны мелі ў сабе поўную Маю радасць. Я даў ім слова Тваё, і свет узненавідзеў іх, бо яны не са свету, як і Я не са свету. Не прашу, каб Ты ўзяў іх са свету, але каб захаваў іх ад злога. Яны не са свету, як і Я не са свету. Асвяці іх у праўдзе. Слова Тваё – гэта праўда. Як Ты паслаў Мяне ў свет, так і Я паслаў іх у свет. І за іх Я пасвячаю сябе, каб і яны былі асвечаныя ў праўдзе”.

Уступіць у адносіны з Богам
   У кожным пакаленні – пачынаючы ад апосталаў – Езус вучыць нас таямніцы яднання чалавека з Богам. Асноўным яе вымярэннем з’яўляецца ўсведамленне прысутнасці, блізкасці і любові Бога, які з’яўляецца Айцом. Адказ чалавека павінен быць выражаны ў даверлівым падпарадкаванні гэтай любові.
    Праз сваё жыццё Езус вучыць нас разумець і рэалізаваць план Айца, каб “ніхто не загінуў, апроч сына пагібелі”. Як Вечны, Адзінародны Сын, уваходзячы ў глыбіню Божай любові, Езус усё аддае Айцу і ўсё накіроўвае да Айца.
    Толькі ісціна, якою ёсць Божае слова, можа нас асвяціць. Пазнаць праўду ў Бібліі азначае ўступіць у жывыя адносіны з Богам, які з’яўляецца непахіснай абаронай, на якога можна абаперціся, у якім можна будаваць сваю надзею. Таму трэба ісці за Хрыстом, трэба далучыцца да Яго, нельга пакідаць Яго да смерці.
   
   Пане Езу Хрысце, захавай мяне ў еднасці з Табой, дапамагай трываць у радасці і ў праўдзе!