VІ Велікодная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

Ян 15, 9–17
Езус сказаў сваім вучням: “Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові. Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць ваша была поўнай. Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх. Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам. Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго”.

Жыць любоўю Езуса
   Сёння мы шмат чуем пра любоў з прэсы, радыё, інтэрнэту і тэлебачання. Ствараецца вельмі шмат розных вершаў, раманаў і фільмаў, якія ад- люстроўваюць розныя яе праяўленні. Таму Езус Хрыстус запрашае нас да рэалізацыі любові. Той любові, якую даваў на працягу ўсяго свайго зямнога жыцця і якою нястомна нас адорвае. Любоў Езуса – такая любоў, якую Ён сам атрымаў і працягвае атрымліваць ад Бога Айца.
    Ужо ў Ізраілі была рэалізавана запаведзь любові да Бога і бліжняга. Аднак мерай любові, даваемай іншаму чалавеку, была любоў да сябе: “Любі бліжняга свайго, як самога сябе”. Езус пашырыў яе сферу, падкрэсліваючы, каб мы любілі людзей так, як Ён палюбіў нас. Яго любоў знайшла свой самы поўны выраз у дабравольных пакутах і крыжовай смерці.
    Мы, жадаючы практычна рэалізаваць любоў да Бога і людзей, павінны захоўваць Яго запаведзі. Кожны дзень – гэта магчымасць даць людзям любоў Езуса, пра якую св. Павел гаворыць, што яна доўгацярплівая, ласкавая, не зайздросціць, не бессаромная, не гневаецца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай. Любоў Езуса ўсё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць (параўн. 1 Кар 13, 4–7). Мы будзем адказваць перад Богам за рэалізацыю такой любові.
   
   Пане Езу, дапамагай мне заўсёды захоўваць Твае запаведзі, каб кожны дзень быў шансам даваць іншым Тваю любоў!