V Нядзеля Вялікага посту

Разважанні з Божым Словам

Ян 12, 20–33
Былі некаторыя грэкі сярод тых, хто прыйшоў пакланіцца Богу на свята. Яны падышлі да Філіпа, які быў з Бэтсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: “Пане, мы хочам бачыць Езуса”. Філіп пайшоў і сказаў пра гэта Андрэю. І пайшлі Андрэй з Філіпам, і расказалі Езусу. А Езус сказаў ім у адказ: “Настала гадзіна ўславіцца Сыну Чалавечаму. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён.
    Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго; а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця. Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой. І хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец Мой. Цяпер усхвалявана душа мая; і што Мне сказаць? Ойча, захавай Мяне ад гэтай гадзіны. Але ж дзеля гэтай гадзіны Я і прыйшоў. Ойча, услаў імя сваё!”. І пачуўся з неба голас: “Уславіў і ўслаўлю зноў”. Народ, які стаяў і чуў гэта, казаў: “Гэта гром”. Іншыя ж казалі: “Анёл гаварыў з Ім”. А Езус адказаў, кажучы: “Не дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас. Цяпер адбываецца суд над гэтым светам; цяпер князь гэтага свету будзе выкінуты вон. І Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе”. Казаў жа Ён гэта, прадказваючы, якою смерцю меўся памерці.

Не поспех, а ахвяра
   У сваёй школе жыцця Езус Хрыстус акцэнтуе не поспех, а ахвяру. Ахвяра падобна на евангельскае зерне, якое, паміраючы, прыносіць плён і спажытак. Укрыжаваны Хрыстос вучыць нас, што такое ахвяра для іншага чалавека. Ён пачынае гэты ўрок у Вячэрніку. Запрашае нас ахвяраваць сваё жыццё іншым.
    Настаўнік з Назарэта чакае ад нас ахвяры не з таго, што маем альбо чым распараджаемся, але ахвяры з нашага сэрца. Яе сутнасць вызначаецца дарам для іншага. Замест таго, каб засяроджвацца на сабе і жыць для сябе – да чаго нас нястомна заклікае спажывецкі свет, – трэба рашыцца жыць, цярпець і паміраць за кагосьці.
    І тады той, каго любім, стане для нас важнейшым за нас саміх.
    Служэнне Богу і людзям – гэта ахвяра, прыемная Пану, таму што тады наша сэрца становіцца падобным на Яго Сэрца.
   
   Пане Езу Хрысце, дапамагай мне служыць і ахвяраваць сябе іншаму ў дары сэрца, а таксама вучы ніколі не імкнуцца да поспеху коштам іншага чалавека!