III Нядзеля Вялікага посту

Разважанні з Божым Словам

Ян 2, 13–25
Набліжалася юдэйская Пасха, і Езус прыйшоў у Іерусалім. І знайшоў у святыні тых, хто прадаваў валоў, авечак і галубоў, і мянялы сядзелі там. І зрабіў бізун з вяровак і павыганяў усіх са святыні, а таксама авечак і валоў, грошы мянялаў парассыпаў, а сталы папераварочваў. А прадаўцам галубоў сказаў: “Забярыце гэта адсюль і не рабіце дому Айца Майго домам гандлю”. І прыгадалі вучні Ягоныя, што напісана: “Клопат аб доме Тваім з’ядае Мяне”. На гэта юдэі сказалі Яму ў адказ: “Які знак пакажаш нам, што можаш гэтак рабіць?”. Езус сказаў ім у адказ: “Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзнясу яе”. І сказалі юдэі: “Гэтая святыня будавалася сорак шэсць гадоў, а Ты ўзнясеш яе за тры дні?”. Казаў жа Ён пра святыню цела свайго. І калі Ён уваскрос з мёртвых, то вучні Ягоныя ўспомнілі, што Ён казаў гэта, і паверылі Пісанню і слову, якое казаў Езус. І калі Ён быў у Іерусаліме на свяце Пасхі, многія, убачыўшы ўчыненыя Ім цуды, паверылі ў імя Ягонае. Але сам Езус не давяраўся ім, бо сам ведаў усіх і не меў патрэбы, каб хто сведчыў пра чалавека, бо сам ведаў, што было ў чалавеку.

Быць жывой святыняй Бога
   Стварэнне гандлёвай часткі на тэрыторыі святыні прывяло да таго, што там больш панавала атмасфера базару, чым святога месца. Замест атмасферы малітвы і засяроджанасці Пан Езус сустракае там мянялаў і гандляроў, якія парушаюць святасць, што належыць Божаму дому. Езус выступае тут як чалавек з крыві і плоці, раздзіраемы эмоцыямі і гневам, у абарону святога і справядлівага. Любоў да Айца і руплівасць у выкананні Яго закона не дазваляюць Хрысту застацца абыякавым да апаганення святыні. Ён ачышчае Божы дом, каб вярнуць яму належную павагу і парадак, выдаляючы дрэннае і несправядлівае.
    Езус звяртае ўвагу на яшчэ адну святыню. Калі юдэі патрабуюць тлумачэння і пытаюць: “Які знак пакажаш нам, што можаш гэтак рабіць?”, кажа пра адбудову за тры дні святыні свайго цела. Такім чынам, Ён звяртае ўвагу не толькі на святыню як будынак, але і на захаванне святасці жывой святыні, якой з’яўляецца сам чалавек.
    Падчас Вялікага посту ў нас ёсць яшчэ адзін шанс навесці парадак ва ўласнай “святыні”, выкарыстаць бізун самакрытыкі і выдаліць з сэрца тое, што крыўдзіць нашага Айца, перавярнуць сталы пыхі, эгаізму і абыякавасці. Праз пост, малітву і міласціну давайце прыступім да барацьбы за прыгажосць нашай святыні, каб калісьці яна магла вечна трываць у Небе на славу Божую.
   Пане Езу Хрысце, дазволь мне пазбавіцца ад пыхі, эгаізму і абыякавасці. Заўсёды будзь на першым месцы ў маім жыцці!