I Нядзеля Вялікага посту

Разважанні з Божым Словам

Мк 1, 12–15
Дух вывеў Езуса ў пустыню. І быў Ён у пустыні сорак дзён, дзе Яго выпрабоўваў сатана; і быў са звярамі, і Анёлы служылі Яму.
    Пасля ж таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы: “Споўніўся час і наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле”.

Бог побач з намі
   Дні велікапоснага роздуму павінны стаць часам аднаўлення нашых адносін з Панам. Яно павінна выяўляцца ў глыбокай малітве, услухоўванні ў Божае слова, у пакаянных практыках і паставе любові да бліжняга. А ўсё для таго, каб мы адкрыліся на ласку збаўлення, якую Хрыстос здабыў для нас на Крыжы. Езус Хрыстус, які пераадолеў д’ябальскія спакусы ў пустыні, і Яго наказ каяцца і верыць у Евангелле ўказваюць нам мэту гэтай велікапоснай вандроўкі – смерць нашых грахоў і ўваскрасенне да поўнага жыцця ў Богу.
    Вялікі пост з’яўляецца нагодай, каб аднавіць свой запавет з Богам і з людзьмі. Нават Хрысту давялося супрацьстаяць сатане і перамагчы яго спакусы. Тры з іх, прадстаўленыя Езусу, адлюстроўваюць спакусы сучаснага чалавека: матэрыялізм і спажывецтва, выкарыстанне рэлігіі для дасягнення ўласных мэт, а таксама ідалапаклонства, якое выражаецца ў пакланенні грашам, распусце і ўладзе.
    Чалавек спакушаецца, каб, абапіраючыся на дасягненні людскога розуму, ён выключыў Бога і Яго запаведзі са свайго жыцця. Адкідаючы Пана, асоба закрываецца ад дару звышнатуральнага жыцця. А таксама губляе сэнс жыцця тут, на зямлі.
    Таму, каб не трапіць у гэтую пастку, нам неабходна пастаяннае навяртанне і глыбокая вера ў словы Хрыста. Сапраўды, Валадарства Божае наблізілася. Давайце прыкладзём намаганні навяртання, каб некалі не шкадаваць, што Бог быў настолькі блізка, а мы адкінулі Яго запрашэнне.
   Пане Езу Хрысце, які церпіш за мяне і за грахі ўсяго свету, дапамажы мне заўсёды быць побач з Табой, а таксама годна перажыць сёлетні Вялікі пост, каб праз малітву, пост і міласціну я мог дасведчыць Тваю прысутнасць у сваім жыцці.