III нядзеля Адвэнту

Разважанні з Божым Словам

Ян 1, 6–8. 19–28
З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб сведчыць пра Святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы, каб сведчыць пра Святло. І вось сведчанне Яна. Калі юдэі паслалі з Іерусаліма святароў і левітаў, каб яны спыталіся ў яго: “Хто ты?”, ён абвясціў, і не выракся, і вызнаў: “Я не Хрыстос”. І спыталіся ў яго: “Дык хто ж? Ты Ілля?”. І сказаў: “Не”. “Ты прарок?”. І ён адказаў: “Не”. Тады сказалі яму: “Хто ж ты, каб нам адказаць тым, хто паслаў нас. Што гаворыш ты пра самога сябе?”.
    Ён сказаў: “Я голас таго, хто кліча ў пустыні: раўняйце дарогу Пану, як сказаў прарок Ісая”. А пасланцы ж былі з фарысеяў. І яны спыталіся ў яго: “Тады чаму ты хрысціш, калі ты ні Хрыстос, ні Ілля, і ні прарок?”. Ян сказаў ім у адказ: “Я хрышчу вадою. А сярод вас стаіць Той, каго вы не ведаеце, Той, хто ідзе за мною, якому я не варты развязаць раменьчык на сандалях Ягоных”.
    Было гэта ў Бэтаніі, за Іарданам, дзе хрысціў Ян.

Адказныя за збаўленне іншых
   Нас уражвае пакорная і адначасова поўная пасіі пастава св. Яна Хрысціцеля.
    Ён адмаўляе, што нібыта Месія, адмаўляе, што нібыта з’яўляецца вялікім прарокам Іллёй. І нават не хоча, каб яго ўвогуле лічылі прарокам. Згодны быць толькі “голасам” прарока. Ён тройчы прыніжае сябе перад іншымі, а потым і перад Тым, чыё прышэсце абвяшчае. Аднак гэтая сціпласць не гасіць у св. Яна жаданне, “каб усе паверылі праз яго” (Ян 1, 7) у Езуса, Збаўцу.
    Падобна Яну Хрысціцелю, мы таксама атрымалі Святога Духа падчас хросту, пазней – у сакраманце канфірмацыі. Акрамя таго, атрымліваем Яго заўсёды, калі молімся аб Ім. Трэцяя асоба Святой Тройцы дазваляе нам вызнаваць, што Езус – Пан і Збаўца і пасылае нас актыўна ўдзельнічаць у справе новай евангелізацыі свету.
    Ніхто не павінен гасіць у сабе гэтага Духа і абмяжоўвацца толькі паставай атрымальніка сродкаў збаўлення. Наадварот, мы ўсе пакліканы несці адказнасць за выратаванне сваіх братоў і сясцёр. Таму давайце пражывём Адвэнт так, каб нехта праз нас паверыў у Хрыста, бо гэта самая важная задача кожнага хрысціяніна.
   
   Пане Езу, зрабі так, каб іншыя, бачачы мае ўчынкі і чуючы мае словы, маглі прыйсці да Цябе!