Урачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету

Разважанні з Божым Словам

Мц 25, 31–46
Езус сказаў сваім вучням: “Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе Анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй. I сабраныя будуць перад Ім усе народы, і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. І паставіць авечак праваруч, а казлоў – леваруч. Тады скажа Валадар тым, хто праваруч Яго: «Прыйдзіце, бласлаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету. Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне». Тады адкажуць Яму справядлівыя: «Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасмаглым і напаілі? Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці голым і апранулі? Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязніцы і прыйшлі да Цябе?». I Валадар скажа ім у адказ: «Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі». Тады скажа і тым, хто леваруч Яго: «Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным. Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есці; прагнуў, і вы не напаілі Мяне; быў падарожным, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне». Тады і яны адкажуць Яму, кажучы: «Пане, калі мы бачылі Цябе галодным ці сасмаглым, ці падарожным, ці голым, ці хворым, ці ў вязніцы, і не ўслужылі Табе?». Тады скажа ім у адказ: «Сапраўды кажу вам: Чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне». І гэтыя адыдуць на вечнае пакаранне, а справядлівыя – да вечнага жыцця”.

Быць адкрытым на чалавека
   Сын Божы, стаўшы Чалавекам, пазнаў усе таямніцы нашага нялёгкага жыцця. Спазнаў, што значыць быць галодным, сасмаглым, што значыць адчуваць холад... Пазнаў горкі смак чалавечых слёз. Пан Езус стаў салідарным і спагадлівым з усімі тымі, хто церпіць і мае патрэбу ў людской дапамозе, і вучыць таму ж нас.
    Кожны чалавек здольны любіць, таму што ён падобны да Бога, які ёсць Любоў. Мусім нястомна спасцігаць гэтую любоў і памятаць, што калі-небудзь давядзецца разлічыцца за яе на Божым судзе.
   
    Пане Езу Хрысце, адкрый мне вочы на патрэбы іншага чалавека, каб я разгледзеў Цябе ў тварах бедных і патрабуючых.