XXVIX Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

Мц 22, 15–21
Фарысеі пайшлі і раіліся, як бы злавіць Езуса на словах. I пасылаюць да Яго вучняў сваіх разам з прыхільнікамі Ірада, каб сказалі: “Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы, і шляху Божаму праўдзіва навучаеш, і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на асобу чалавека. Таму скажы нам: як Табе здаецца, ці належыць даваць падатак цэзару, ці не?”.
    Але Езус, ведаючы зласлівасць іхнюю, сказаў: “Што выпрабоўваеце Мяне, крывадушныя? Пакажыце Мне падатковую манету”. Яны прынеслі Яму дынар. І кажа ім: “Чыя гэта выява і надпіс?”. Кажуць Яму: “Цэзара”. Тады кажа ім: “Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае – Богу”.

Аддаць сябе Богу
    Падобна таму, як манета мае выяву Цэзара і належыць яму, чалавек з’яўляецца выявай Бога і належыць Яму. Даніна, якую плацім Пану, – гэта адданасць, шчырая любоў да Яго і да бліжняга. А ўсё, што толькі як знешняе аддаём Богу, – нашы малітвы, час, прыход у касцёл – не стане ўрэшце выразам павагі да Пана, калі не прысвячаем Яму сябе цалкам. Без гэтай унутранай адданасці ўсё будзе проста нейкімі аб’едкамі, кінутымі Творцу.
    Аддаць Богу Божае – значыць аддаць Яму сябе, значыць прызнаць сваю залежнасць ад Яго. У рэшце рэшт, усё паходзіць ад Бога, і калі б не Ён, нас не існавала б. Аддаць Богу Божае – значыць узгадаць, што мы толькі гаспадары свету, а не яго ўласнікі, значыць усвядоміць, што вечнасць належыць Яму, што Пан – Валадар жыцця і Ён мае права вырашаць пытанне аб нараджэнні і смерці чалавека. Бог ведае, што Яго слова важнейшае за любое чалавечае слова. Яго закон мае перавагу над законам чалавека.
    Бог заўсёды першы, бо без Яго свет не існаваў бы. Бог самы мудры, бо Ён Крыніца мудрасці. Бог любіць мацней за ўсіх, бо Ён ёсць Любоў. І мы існуем, з’яўляемся мудрымі і любім па-сапраўднаму толькі тады, калі давяраем Яму і Яго закону. Давайце вернем Богу тое, што належыць Яму – нас саміх.
   
    Пане Езу Хрыстэ, аддаю Табе ўсё, што маю і кім з’яўляюся. Вядзі мяне ў сваёй цярплівасці ды мудрасці і дапамажы, каб я ўсім сэрцам Табе даверыўся.