XXIV Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

Мц 18, 21–35
Пётр падышоў да Езуса і сказаў Яму: “Пане, калі мой брат будзе грашыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў?”. Езус адказвае яму: “Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў.
    Таму Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які захацеў разлічыцца са сваімі слугамі. Калі ён пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў яму дзесяць тысяч талантаў. Паколькі той не меў чым заплаціць, то гаспадар загадаў прадаць яго і жонку, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць. Тады, упаўшы, слуга кланяўся перад ім і казаў: «Будзь велікадушны да мяне, і ўсё табе аддам». Гаспадар, злітаваўшыся над гэтым слугою, адпусціў яго і дараваў яму доўг. А калі гэты слуга выйшаў, знайшоў аднаго з сабратоў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: «Аддай мне, што вінен». Тады сабрат яго ўпаў да ног ягоных і маліў яго, кажучы: «Будзь велікадушны да мяне, і аддам табе». Але той не захацеў, а пайшоў і пасадзіў яго ў вязніцу, пакуль не аддасць доўгу.
    Сабраты яго, убачыўшы, што здарылася, засмуціліся і, прыйшоўшы, расказалі гаспадару свайму ўсё, што cталася. Тады гаспадар ягоны паклікаў яго і сказаў: «Нягодны слуга! Увесь твой доўг я дараваў табе, таму што ты папрасіў мяне; ці ж не належала і табе змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою?». I, разгневаўшыся, гаспадар ягоны аддаў яго мучыцелям, пакуль не верне яму ўсяго доўгу. Так і Айцец Мой Нябесны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца вашага не даруе брату свайму”.

Шукаць радасць свабоднага сэрца
   Езус Хрыстус сваім прыкладам і словам вучыць нас, што хрысціянін заўсёды павінен прабачаць, дараваць віну, якую хтосьці ўчыніў супраць яго.
    Хрысціяніну належыць прабачаць ад сэрца: не дзеля “святога спакою” ці таму, што так выпадае. Матывам такога прабачэння можа быць толькі любоў вучняў Хрыста, якой вучацца ў Яго. Любоў – сапраўдная і чыстая – не памятае зла. У адваротным выпадку, калі мы хочам выкарыстаць прынцып няроўнай справядлівасці – іншы для сябе, а іншы для нашых даўжнікоў, – самі закрыем сабе шлях да Божага прабачэння.
    Ёсць яшчэ адна прычына дараваць віну сваім даўжнікам: у тых, хто ўмее прабачаць, лягчэй на душы. Таму варта адпусціць усе спазнаныя крыўды, каб знайсці непаўторную радасць свабоднага сэрца.
   
    Пане Езу, дай мне ласку дараваць сваім бліжнім усе крыўды і нанесеныя раны. Дай ласку свабоднага сэрца, якое здольна ахінуць кожнага чалавека.