XV ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

Мц 13, 1–9
У той дзень Езус выйшаў з дому і сеў каля мора. І сабралася каля Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў, а ўвесь народ стаяў на беразе. І шмат гаварыў ім у прыпавесцях, кажучы: “Вось выйшаў сейбіт сеяць. І калі ён сеяў, адны зярняты ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі, і паклявалі іх. Другія ўпалі на камяністае месца, дзе не было шмат глебы, і адразу прараслі, бо зямля была неглыбокай. Калі ж узышло сонца, яны завялі і з-за таго, што не мелі каранёў, засохлі. Іншыя зярняты ўпалі ў церні, і выраслі церні, і заглушылі іх. А яшчэ іншыя ўпалі на добрую зямлю і прынеслі плён: адно ў сто разоў, другое ў шэсцьдзесят, а іншае ў трыццаць. Хто мае вушы, няхай слухае!”.

Быць добрай зямлёй
   Пан Езус, прамаўляючы перад сваімі слухачамі, звяртаўся да знаёмых ім вобразаў. Што можа быць больш ясным для людзей, у якіх земляробства з’яўлялася чымсьці звычайным, як лустачка хлеба, чым апавяданне пра сяўбу і жніво? Нягледзячы на гэта, яны не заўсёды маглі зразумець вучэнне Збаўцы.
    Прыпавесць, расказаная Езусам тагачасным жыхарам, патрабавала тлумачэння. Нам яно таксама неабходна. Каб стаць добрай зямлёй, недастаткова чуць, трэба выслухаць адрасаваныя словы і перавесці іх у дзеянне. Мы часта шукаем адказы на тое, якім тыпам глебы з’яўляемся: дарогай, камяністым месцам, ці, можа, зямлёй, з якой трэба выпалаць шмат пустазелля? Хоць такое пытанне не беспадстаўнае, ствараецца ўражанне, што кожны з нас можа атаясамліваць сябе з любым з пералічаных пунктаў. Цяжэй за ўсё знайсці ў сабе ўрадлівую зямлю, таму што не заўсёды можам заставацца вернымі не толькі Езусу, але і сваім словам. І хоць сёння мы верныя, павінны быць асцярожнымі, каб гэтую вернасць захаваць і заўтра. “Таму, калі некаму здаецца, што ён стаіць, няхай глядзіць, каб не ўпасці” (1 Кар 10, 12), – настаўляе св. Павел.
    Быць добрай зямлёй значыць быць святым. А да святасці нас можа прывесці толькі сам Бог, уласнымі сіламі не здолеем асвяціцца. Просьма Пана аб ласцы святасці для сябе і сваіх блізкіх.
● Ці здольны я захаваць вернасць Богу?
● Як выглядае маё жыццё і з чым яго можна параўнаць?