НЯДЗЕЛЯ МУКІ ПАНА (ПАЛЬМОВАЯ)

Разважанні з Божым Словам

Мц 21, 1–11
Калі наблізіліся да Іерусаліма і прыйшлі ў Бэтфагію да гары Аліўнай, тады Езус паслаў двух вучняў, кажучы ім: “Ідзіце ў вёску, што перад вамі. Там адразу знойдзеце прывязаную асліцу і асляня з ёю. Адвяжыце і прывядзіце да Мяне. Калі вам хто скажа што-небудзь, адкажыце, што яны патрэбны Пану; і зараз жа адашле іх”. І сталася гэта, каб збылося сказанае прарокам, які кажа: “Скажыце дачцы Сіёна: «Вось Кароль твой ідзе да цябе; лагодны, седзячы на асліцы і на асляняці, сыне пад’ярэмнай»”. Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Езус. Прывялі асліцу і асляня і паклалі на іх сваё адзенне, і Ён сеў на яго. І мноства людзей слала сваё адзенне на дарозе, а іншыя зразалі галінкі з дрэваў і слалі на дарозе. А натоўпы, якія ішлі спераду і следам за Ім, усклікалі: “Гасанна Сыну Давіда! Бласлаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! Гасанна на вышынях!”. І калі Ён увайшоў у Іерусалім, узрушыўся ўвесь горад, і пыталіся: “Хто гэта?”. А народ адказваў: “Гэта прарок Езус з Назарэта галілейскага”.

Прыняць і адкрыць
   Падзеі Пальмовай нядзелі – гэта не толькі радасныя вокрыкі, размахванне пальмамі і супольнае ўшаноўванне. Езус прыбывае ў Іерусалім не дзеля таго, каб дабіцца людскога прызнання ці прыйсці да ўлады, як тагачасныя каралі, – прыбывае як Месія, каб у святым горадзе выканаць прадказанні прарокаў і даць чалавецтву абяцанае адкупленне, прыбывае на свае крыжовыя мукі.
    У сэрцы можа з’явіцца дылема: прыходзіць у радасці на крыжовую смерць. Цяжка зразумець Божую логіку, якая праз смерць вядзе да жыцця, праз служэнне – да валадарання, праз прыніжэнне – да трыумфу. Аднак гэтая логіка прыносіць бласлаўлёны плён.
    Напэўна, у сённяшняй сітуацыі, якую перажывае свет і чалавецтва, неабходна змяніць сваё мысленне і дзеянне. Маем вострую патрэбу ў навяртанні асабліва цяпер, калі стаім перад абліччам пандэміі каронавіруса. Трэба расчытаць гэта як знак з Неба, які дае Пан. Трагедыя, якая адбываецца на нашых вачах, прымушае паклапаціцца аб выпраўленні свайго жыцця.
    Такім чынам, маем перад сабой вельмі канкрэтныя задачы. Прывітаць Хрыста, які прыбывае ў імя Пана ў наша сэрца. Зразумець і прыняць свой жыццёвы “крыжовы шлях”. І нарэшце яшчэ: адкрыць брамы людскіх сэрцаў для Езуса. Няхай прыбудзе і да іх так, як сёння ў Іерусалім.
● Ці адкрыта маё сэрца на Езуса і Яго ласку?
● Як планую прывітаць уваскрослага Пана?