IV НЯДЗЕЛЯ ВЯЛІКАГА ПОСТУ

Разважанні з Божым Словам

Ян 9, 1. 6–9. 13–17. 34–38
Праходзячы, Езус убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння. Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сліны гразь і памазаў граззю вочы сляпому, і сказаў яму: “Ідзі, абмыйся ў купальні Сілаам (што перакладаецца «пасланы»)”. Той пайшоў, абмыўся і прыйшоў відушчы. А суседзі і тыя, хто бачыў яго раней жабраком, казалі: “Ці не той гэта, які сядзеў і жабраваў?”. Адны казалі: “Гэта ён”, – а іншыя: “Падобны да яго”. А ён сам казаў: “Гэта я”. І павялі яго, таго, што нядаўна быў сляпы, да фарысеяў. А ў той дзень, калі Езус зрабіў гразь і адкрыў яму вочы, быў шабат. І фарысеі зноў пыталіся ў яго, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: “Гразь паклаў мне на вочы, я абмыўся – і бачу”. Тады некаторыя з фарысеяў казалі: “Не ад Бога гэты чалавек, бо не захоўвае шабату”. Іншыя казалі: “Як можа грэшны чалавек чыніць такія цуды?”. І падзяліліся яны. Зноў жа кажуць сляпому: “А ты што скажаш пра Яго, бо Ён адкрыў табе вочы?”. Той адказаў: “Гэта прарок”. Сказалі яму ў адказ: “У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты яшчэ нас вучыш?”. І выгналі яго прэч. Езус пачуў, што выгналі яго прэч, знайшоў яго і сказаў: “Ці верыш ты ў Сына Чалавечага?”. Той адказаў: “А хто Ён, Пане, каб я паверыў у Яго?”. Езус сказаў Яму: “Ты ўжо бачыў Яго, гэта той, хто гаворыць з табою”. Ён жа сказаў: “Веру, Пане”, – і пакланіўся Яму.

Божае святло перамагае грэх
   Сляпы з Евангелля, які не бачыць ад нараджэння, не просіць Езуса аздаравіць яго. Ён не ведае, што значыць бачыць, у пэўным сэнсе, лічыць такі стан нармальным. Езус кладзе яму на вочы гразь і гаворыць, каб абмыўся. Гэты жэст з’яўляецца ўказаннем на наш грэх, духоўнае няшчасце. Можам не адчуваць патрэбы абмывання, але калі маем на вачах гразь, то шукаем чыстай вады, каб абмыцца.
    Бог адкрывае нашу бяду. Не для таго, каб асудзіць, але каб збавіць, каб вярнуць нам здольнасць бачыць справы такімі, якія яны ёсць. Грэх з’яўляецца няшчасцем, але яшчэ большае няшчасце – незаўважанне яго альбо, што яшчэ горш, “апрананне” ў цноту. Божае святло не толькі дазваляе заўважыць грэх і вызваліцца ад яго, але вядзе нас ад дабра да яшчэ большага дабра: “Бо плод святла ёсць ва ўсялякай дабрыні, справядлівасці і праўдзе” (Эф 5, 9).
    “Імкніцеся да таго, што даспадобы Пану” (Эф 5, 10) – заклікае нас св. Павел. Гаворка ідзе аб нястомным пазнаванні, заўважанні і ацэнцы рэчаіснасці не толькі паводле людскіх крытэрыяў, але, найперш, Божых.
● Ці здольны я заўважаць свае ўласныя грахі?
● Якое святло вядзе мяне праз жыццё?