II НЯДЗЕЛЯ ВЯЛІКАГА ПОСТУ

Разважанні з Божым Словам

Мц 17, 1–9
Узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і павёў іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі, а аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло. І вось з’явіліся ім Майсей і Ілля, і размаўлялі з Ім. Пётр сказаў у адказ Езусу: “Пане, добра нам тут быць. Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: адзін для Цябе, адзін для Майсея і адзін для Іллі”. Калі ён яшчэ казаў, светлае воблака агарнула іх, і вось голас з воблака сказаў: “Гэта Сын Мой Умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце”. Пачуўшы гэта, вучні ўпалі ніцма і вельмі спалохаліся. А Езус падышоў, дакрануўся да іх і сказаў: “Устаньце і не бойцеся”. Калі яны ўзнялі свае вочы, нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Езуса. І калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім, кажучы: “Нікому не кажыце пра гэтае бачанне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых”.

Стаць тварам да твару з Богам
   Пан Езус забірае сёння на Гару перамянення не толькі трох сваіх вучняў – кожнага з нас запрашае накіравацца туды за Ім. Прагне паказаць сваё сапраўднае аблічча, дзякуючы чаму глыбей зможам пазнаць праўду аб Ім і аб нас саміх.
    Станавіцца ў праўдзе няпроста. Мы баімся раскрыць перад іншымі тое, кім з’яўляемся. Таксама сабе і Богу часта паказваем толькі “параднае” аблічча. Аднак Стварыцель прагне сустрэць нас такімі, якія ёсць, з нашым цяжарам, слабасцямі і грахамі. Не мусім хавацца за маскай! Бог хоча прамаўляць нам тварам да твару. Запрашае, каб, углядаючыся ў Яго аблічча, распачалі шлях вызвалення ад страху, які хаваем глыбока ўнутры.
    У Хрысце Нябесны Айцец ужо адкрыў перад намі сваё сапраўднае аблічча. У Ім на самой справе можам убачыць Бога. У Ім даступныя для нас міласэрнасць і любоў, якія дазваляюць без боязі на Яго адкрыцца і даць дакрануцца да ўсяго, што ў нас несвятое, што патрабуе перамянення. Няхай жа словы Езуса: “Устаньце і не бойцеся!” − заахвоцяць адкінуць усё тое, што аддзяляе нас ад Бога.
● Ці ступіў я на шлях вызвалення?
● Што раблю, каб перамагаць штодзённы стах?