VII ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

Мц 5, 38–48
Езус сказаў сваім вучням: “Вы чулі, што сказана: «Вока за вока і зуб за зуб». А Я вам кажу не працівіцца злому. Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую. І калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і плашч. І калі хто цябе змусіць ісці з ім адну мілю, ідзі з ім дзве. Таму, хто просіць у цябе, дай і не адварочвайся ад таго, хто хоча пазычыць у цябе. Вы чулі, што сказана: «Любі бліжняга свайго і ненавідзь ворага свайго». А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах. Бо Ён загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых. Бо калі вы будзеце любіць тых, хто любіць вас, якую маеце ўзнагароду? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі? І калі вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі? Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны”.

Школа любові
   Мяжа паміж дабром і злом у свеце праходзіць праз сэрца чалавека. Ён заблытаны ў зло, у якім удзельнічае не толькі як назіральнік і сведка, але таксама як той, хто гэтае зло носіць у сабе. Таму сёння Бог прыгадвае нам, каб свайму ўнутранаму злу ставілі перашкоды, патрабавалі ад сябе больш, а перш за ўсё, пазбягалі нянавісці. Маем катэгарычную забарону ад Пана помсціць і крыўдзіцца на “сыноў нашага люду”.
    Нянавісць нішчыць не толькі нашых братоў: нас саміх таксама. Але ж людскія сэрцы, як гаворыць св. Павел, з’яўляюцца святынямі, а “хто іх знішчыць, таго знішчыць Бог” (параўн. 1 Кар 3, 17). Трэба аб гэтых унутраных святынях клапаціцца, прыбіраючы з іх зло, а затым упрыгожваць кветкамі здабытых цнот. Разнастайныя забароны дапамагаюць вызваляць сэрца чалавека ад таго, што яго няволіць, і будаваць дабро. Праца над вырываннем пустазелля павінна весці далей: да развіцця цнот і дароў, якімі Бог адарыў. Найбольшай з цнот і самым вялікім дарам з’яўляецца любоў.
    Сёння Езус не толькі прапануе, але і адважна наказвае любіць, прычым не толькі тых, хто падабаецца, але і непрыяцеляў. Толькі Ён можа ставіць перад намі такія патрабаванні, бо сам так жыў і так любіў. Углядаймася ў Хрыста і будзьма паслухмянымі не толькі забароне нянавісці, але яшчэ больш той галоўнай запаведзі, якую чуем з вуснаў самога Валадара Любові.
● Якая мая любоў да іншага чалавека?
● Ці няма такіх асоб, да якіх адчуваю нянавісць?