VI ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

Мц 5, 17–37
Езус сказаў сваім вучням: “Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць Закон ці Прарокаў. Не адмяніць прыйшоў Я, а выканаць. Бо сапраўды кажу вам: пакуль не міне неба і зямля, ніводная ёта, ніводная рыска не зменіцца ў Законе, пакуль не збудзецца ўсё. Таму, калі хто парушыць адну з гэтых найменшых запаведзей і навучыць гэтаму людзей, той найменшым назавецца ў Валадарстве Нябесным. Хто ж выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Валадарстве Нябесным. Бо кажу вам, калі справядлівасць ваша не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. Вы чулі, што было сказана продкам: «Не забівай», – а хто заб’е, падлягае суду. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падлягае суду. Хто ж скажа брату свайму «рака», падлягае Сінэдрыёну, а хто скажа «неразумны», падлягае геене вогненнай. Таму, калі прынясеш дар свой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супраць цябе, пакінь дар свой перад ахвярнікам і ідзі спачатку памірыся з братам сваім, а тады прыйдзі і прынясі свой дар. Мірыся з праціўнікам тваім хутка, пакуль ты з ім яшчэ ў дарозе, каб праціўнік не аддаў цябе суддзі, а суддзя не аддаў цябе слугу, і каб не ўкінулі цябе ў вязніцу. Сапраўды кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошні грош. Вы чулі, што сказана: «Не чужалож». А Я кажу вам: кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю чужалоства ў сваім сэрцы. Калі правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе, бо лепей табе, калі загіне адзін з тваіх членаў, чым усё цела тваё будзе кінута ў геену. І калі правая рука твая спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе, бо лепей табе, калі загіне адзін з тваіх членаў, чым усё цела тваё пойдзе ў геену. Сказана: «Калі хто адпускае жонку сваю, няхай дасць ёй разводны ліст». А Я кажу вам: кожны, хто развядзецца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны распусты, той даводзіць яе да чужалоства, а хто ажэніцца з разведзенаю, той чужаложыць. Вы чулі, што сказана было продкам: «Не прысягай фальшыва, а выконвай перад Богам прысягі свае». А Я кажу вам: не прысягайце наогул: ні небам, бо гэта пасад Божы; ні зямлёю, бо гэта падножжа ног Ягоных; ні Ерузалемам, бо гэта горад вялікага Караля. Ні галавою сваёй не прысягай, бо не можаш ніводнага воласа зрабіць белым або чорным. Няхай будзе слова вашае «так-так», «не-не». А што звыш гэтага, тое ад злога”.

Прыпадобніцца да Хрыста
   Часта, слухаючы казанне на Гары, канцэнтруемся на патрабаваннях, якія перад намі ставіць Езус. Здаецца, што выканаць іх амаль немагчыма. Нам вельмі хацелася б ісці па ўказанай Збаўцам дарозе, але, будучы рэалістамі, разумеем, што гэта няпроста, калі наогул магчыма. Разам з тым забываемся, што Той, хто прамовіў такія словы, кожнае з пастаўленых патрабаванняў выканаў у сваім жыцці. У Езусе Хрысце Закон атрымаў новае значэнне. Ён не адмяніў старазапаветных правіл, а надаў ім адпаведны сэнс і паказаў, якім чынам самі можам іх выконваць.
    Езус звяртаецца да нас у паўнаце аўтарытэту Найсвяцейшай Тройцы, роўны Айцу. Яго навучанне перапоўнена Божай моцай, уцелаўленнем якой Ён сам з’яўляецца. Адначасова Хрыстос поўнасцю застаецца чалавекам, а мы як хрысціяне закліканы прыпадобніцца да Яго. Уласнымі сіламі не здолеем гэтага зрабіць. Мусім адкрыцца на Хрыста і прасіць дапамогі Святога Духа, які будзе нас весці да паўнаты, падрыхтаванай Айцом.
● Чым для мяне з’яўляюцца Божыя запаведзі?
● Ці стараюся выконваць іх у штодзённым жыцці?