V ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

Мц 5, 13–16
Езус сказаў сваім вучням: “Вы – соль зямлі. Калі ж соль страціць смак, то чым пасоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдасца, хіба што выкінуць яе вон на патаптанне людзям. Вы – святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары. І, запаліўшы свяцільнік, не ставяць яго пад пасудзінаю, але на свечніку, і свеціць усім, хто ў доме. Няхай святло вашае так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах”.

Быць соллю зямлі і святлом свету
   Вучні Хрыста павінны быць соллю зямлі і святлом свету. Соль – гэта штосьці ўсеагульнае, паўсядзённае, але адначасова штосьці вельмі каштоўнае, штосьці, што цяжка замяніць. Соль павінна зберагчы свет і чалавецтва ад псавання, а таксама падтрымліваць жаданне жыць і спрыяць таму, каб чалавек заставаўся чалавекам. Аднак калі соль страціць свой смак, тады ж знікне клопат пра яе. Будучы соллю зямлі, вучні Хрыста пакліканы нястомна чуваць, каб духоўна не выветрыцца, таму што свет, які не знойдзе ў іх таго, чаго патрабуе, у сваім расчараванні і горычы пагардзіць імі, захоча адкінуць і растаптаць, як бескарысных.
    Езус Хрыстус называе сваіх вучняў таксама святлом свету. Праз іх людзі маюць пазнаваць Бога і такім чынам станавіцца Яго дзецьмі. Гэтую задачу вучні выканаюць толькі тады, калі стануць падобныя да Бога думкамі, словамі і ўчынкамі. Ім належыць гарэць абсалютным святлом у месцы, з якога яно лепш за ўсё бачнае, а таму і эфектыўнае.
    Вобразамі солі і святла Езус прыгадвае нам, сваім вучням, што павінны заставацца імі заўсёды і ўсюды, нягледзячы на акалічнасці і наступствы. Калі праз слова і сведчанне ўласнага жыцця мы не ўплываем на акружэнне, у якім пастаўлены Богам, значыць, альбо яшчэ не з’яўляемся соллю, альбо ўжо выветрыліся і сталі бескарыснымі.
● Ці з’яўляюся я соллю ў сваёй сям’і, на працы, у асяроддзі, дзе жыву?
● Якія маю адносіны з іншымі людзьмі?